Надняпроўскі пасад
Надняпроўскі пасад, або Надняпроўе — пасад у Оршы, які існаваў у XIV—XVIII стст. Знаходзіўся на тэрыторыі паміж штучным замкавым ровам на захадзе, сучаснай вул. Камсамольскай на ўсходзе, левым берагам р. Аршыцай на поўначы і правым берагам р. Дняпро на поўдні.
На гэтым пасадзе гандаль адбываўся каля сцен замка, куды сыходзілася лучавая сістэма вуліц. Ніжнія напластаванні ўчастка, набліжанага да замка, адносяцца да XII—XV стст. Інтэнсіўнасць жыцця ў гэты час тут невялікая, магутнасць культурнага слоя 0,6-1 м. У паўднёвай частцы выяўлены культурны пласт магутнасцю ад 0,4 да 1,5 м, які ўтрымліваў рэчавыя крыніцы XIV—XVIII стст. — бытавая кераміка, кафля, шкло, вырабы з жалеза. Дадзены ўчастак указвае на месца знаходжання сярэдневяковых сядзіб. На паўночна-заходнім участку пасада, за межамі езуіцкага калегіума, выяўлены рэшткі могілак, якія датуюцца XVIII—XIX стст.; на паўночна-ўсходняй знойдзены рэшткі сутарэнняў пабудоў былога комплексу калегіума. Культурны слой магутнасцю да 0,4-0,8 м з разнастайнымі матэрыяламі XVII—XVIII стст. Быў прасочаны гарадскі роў, выкапаны ў XVII ст.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Аршанскія пасады і слабоды // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. Т. 1: А―К. — 496 с. — С. 61-62. — ISBN 978-985-11-0354-1.