Перайсці да зместу

Пажайсліскі манастыр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Пажайсліскі манастыр
54°52′34″ пн. ш. 24°01′19″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснавання 1667
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пажайсліскі манастыр (літ.: Pažaislio vienuolynas) — найбуйнейшы манастырскі комплекс у Літве, пабудаваны ў стылі італьянскага барока. Ансамбль лічыцца адным з лепшых узораў сталага барока ў Паўночнай і Усходняй Еўропе, які амаль не перабудоўвалі і рэканструявалі[1]. Знаходзіцца ў Каўнасе на паўвостраве Каўнаскага вадасховішча. Ансамбль будынкаў камедульскага манастыра на тэрыторыі ў 70943 м² уключаны ў рэгістр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі і ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння, код 1352[2].

Пажайсліскі манастыр заснаваны ў 1662 годзе вялікалітоўскім канцлерам Крыштафам Жыгімонтам Пацам для пустэльнікаў-камедулаў. Крыштаф Пац, чыя маладосць прайшла ў Італіі, ва ўніверсітэтах Падуі і Перуджы, быў гарачым прыхільнікам вытанчанага італьянскага барока. Пац адразу прызначыў манастыр месцам свайго пасмяротнага спачыну, але і пры жыцці часта тут спыняўся для роздуму і адпачынку.

Манастыр атрымаў сімвалічную назву Erme Monti Pacis («Гара спакою», у бачна алюзія на імя фундатара). Пры выбары месца пад манастыр улічаны патрэбы манахаў-камедулаў, якія імкнуліся весці пустэльніцкі лад жыцця, таму манастыр закладзены далёка ад горада, на гары, аточанай ракой.

Вуглавы камень для будаўніцтва як кляштара, так і царквы быў закладзены 20 кастрычніка 1667 года, на свята Візітацыі Дзевы Марыі. Фундатар Крыштаф Жыгімонт Пац уважліва сачыў за будаўніцтвам манастыра, часта наведваў Пажайсліс і кантраляваў выдаткі, самастойна наймаў архітэктараў і мастакоў.

Інтэнсіўнае будаўніцтва вялося да 1674 года. Пасля смерці фундатара за будаўніцтвам манастыра сачыў яго сваяк Міхал Казімір Пац. У 1712 годзе адбылося асвячэнне Пажайсліскага касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі віленскім біскупам Казімежам Бжастоўскім. Паводле літаратуры ХІХ стагоддзя, архітэктарам манастыра быў італьянец Ладавіка Фрэда, які сам пазней стаў манахам-камальдулам[3], у найноўшай літаратуры сцвярджаецца, што існаванне такога архітэктара — толькі «рамантычная фантазія»[4].

Касцёл і познія пабудовы спраектавалі Карла і П’етра Пуціні і Джавані Батыста Фрэдыяні[5]. Аўтарамі скульптур былі М. Вальшэйдас з Вільні, І. Мерлі з Ламбардыі і, як мяркуецца, П’ерці і М. Жалявічус[5].

Па дамове з вялікім пісарам літоўскім Казімірам Міхаілам Пацам, падпісаным у 1692 годзе, італьянскі мастак Джавані Росі распісаў купал і ліхтар у манастырскім касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама напісаў на палатне два абразы святога Яўстахія. Росі з’ехаў у 1719 годзе, не скончыўшы пісаць фігуры апосталаў над цэнтральнымі аркамі, як мяркуецца, у сувязі са смерцю свайго апекуна і мецэната Паца. У купале храма захавалася шматфігурная фрэска з выявай каранавання Найсвяцейшай Панны Марыі, выкананая Росі ў 1712—1719 гадах. Постаць каранаванай Маці Божай дасягае вышыні ў тры метры.

Паміж 1718 і 1755 гадамі ўнутраныя двары манастыра былі перабудаваныя і дададзеныя новыя дапаможныя будынкі. У 1755 годзе ў царкву ўдарыла маланка, ад пажару пацярпела чытальная зала бібліятэкі і некаторыя іншыя памяшканні над рызніцай. У ходзе рамонтна-будаўнічых работ, праведзеных у тым жа годзе, былі ўзведзены дадатковыя вежы.

Падчас вайны 1812 года манастыр быў разрабаваны французамі[6]. У 1828—1829 гг. у манастыры быў зняволены літоўскі святар і паэт Антанас Страздас[7]. Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў манастыр быў перададзены Рускай Праваслаўнай Царкве і ператвораны ў Пажайскі Успенскі мужчынскі манастыр[8][6]. Былі прыбраныя разьбяныя драўляныя алтары ў капліцах, некаторыя фрэскі перафарбаваныя, тры фрэскі, якія адлюстроўвалі моманты з жыцця Літвы і жыцця Пацаў, былі зафарбаваныя[5]. Пасля 1863 года па ўказанні арцыбіскупа Аляксандра (Дабрыніна) з фасада царквы прыбраныя чатыры статуі з пяшчаніку, якія адлюстроўвалі Сімяона, Ганну, Марыю і Іосіфа.

У 1915 годзе праваслаўны манастыр быў эвакуіраваны, архівы перавезены ў Грузію. Да 1918 года ў манастыры размяшчаўся нямецкі ваенны шпіталь і склады

Пасля здабыцця Літвой незалежнасці манастыр у 1920-х гадах быў перададзены сёстрам Ордэна Святога Казіміра. Заснавальніцамі манастыра сталі чатыры сёстры ордэна з Чыкага. У 1948 годзе савецкая адміністрацыя закрыла манастыр, ператварыўшы яго ў архіў, а з 1950 года — у рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу. У 1967—1991 гадах манастыр быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея ім. М. К. Чурлёніса. У 1992 годзе комплекс вернуты Ордэну Святога Казіміра, адначасова была праведзена рэстаўрацыя кляштара. За галоўным будынкам адноўлены тры з дваццаці домікаў манахаў маўчальнікаў.

На тэрыторыі манастыра нямала гістарычных і культурных помнікаў, у тым ліку магіла Аляксея Львова, стваральніка музыкі гімна «Божа, Цара захоўвай!».

У 2004 годзе банкам Літвы была выпушчаная памятная сярэбраная манета вартасцю 50 літаў (аўтары Марыус Завадскіс і Рытас Ёнас Бялявічус).

Унутранае ўбранне касцёла

Ансамбль мае строга восевую кампазіцыю, алея падводзіць да ўязной брамы, за якой доўгі праезд паміж каменнымі агароджамі вядзе да круглай пляцоўкі для развароту карэт; тут наведвальнікі праходзілі праз другія вароты, за якімі раскрываецца від на манументальны храм з двухвежавым фасадам і купалам. За храмам-закрыты сад з індывідуальнымі хаткамі манахаў і вежай для пустэльнікаў на 33-метровай восі[9]. Царква ў цэнтры ансамбля мае увагнуты двухвежавы фасад, расчлянёны пілястрамі іанічнага вялікага ордэра. Храм перакрыты шасцігранным купалам вялікіх памераў (дыяметрам 13 м і 49 м вышыні), увянчаны вытанчаным шасцігранным ліхтаром. Прасторавая кампазіцыя царквы мае некаторае падабенства з храмам Санта-Марыя-дэла-Салюце у Венецыі[10][11].

Ансамбль быў пабудаваны з абпаленай цэглы. Для аздаблення інтэр’еру храма выкарыстаны пяшчанік, рознакаляровы карпацкі мармур, дрэва, каляровыя металы. Падкрэслена прасторная алтарная частка з хорам і рызніцай; з бакоў, у паглыбленнях чатыры капліцы; цэнтр вылучаны шырокай падкупальнай прасторай[5]. Інтэр’еры царквы і іншых найважнейшых памяшканняў багата ўпрыгожаны пластычнымі фігурнымі і арнаментальнымі кампазіцыямі з стука, а таксама манументальным жывапісам. У будынках ансамбля захавалася каля 140 фрэсак розных памераў, 6 жывапісных палотнаў М. Палоні, у тым ліку партрэты заснавальніка Х. Паца і яго жонкі Клары Ізабелы. Адна з самых цудоўных фрэсак-кампазіцыя «Сон Рамуальда» з яе жаўтлява-зеленаватым каларытам, дыяганальнай кампазіцыяй, рытмічна скампанаванымі фігурамі на фоне прыгожага дэкаратыўнага пейзажу[5].

Іканаграфічнае аздабленне ансамбля складанае і шматслаёвае; разгорнутыя тэмы характарызуюцца разнастайнасцю сімволікі і гарманічнай сукупнасцю. Ідэя дэкору заключаецца ў прынцыпах падваення і патраення. Яго галоўная тэма прысвечана святой Дзеве Марыі. Самая славутая фрэска купала, якая адлюстроўвае каранацыю Дзевы Марыі ў небе, з’яўляецца кульмінацыяй гэтай тэмы і ўсёй іканапіснай праграмы. Іншыя важныя тэмы ўключаюць: эўхарыстычны сакрамэнт у сакрыстыі, мукі Ісуса Хрыста ў зале Капітула, хрысціянскія місіі на балцкіх землях у канцы Х — пач. ХІ ст. у прэсбітэрыі і суседнім калідоры.

Святыя-патроны ордэна камальдулаў і патроны рода Пацаў ўшаноўваюцца ў капліцах. Фрэскі калідораў ілюструюць гісторыі жыцця першых манахаў, якія жылі ў гэтай краіне як камальдульцы. Асобныя апафеозныя сцэны святых можна знайсці на скляпеннях некаторых пакояў. Розныя іканаграфічныя сцэны прадстаўлены ў двух калідорах, якія вядуць да капітула і сакрыстыі, яны паказваюць першых паслядоўнікаў святога Рамуальда ў Літве. Калідорамі, якія злучаюць манастыр з царквой карысталіся толькі манахі, і такі іканапіс мог быць ім цалкам знаёмым.

У Пажайліскім манастыры захаваўся цыкл з адзінаццаці фрэсак з выявай манаха-бенедыктынца святога Бруна Баніфацыя Кверфурта. З манахам звязана першае згадванне назвы Літва ў Кведлінбургскіх аналах 1009 г. Святы Бруна быў адданым вучнем святога Рамуальда, заснавальніка ордэна камельдулаў[12].

Таксама Пажайсліскі манастыр стаў цэнтрам культа Святой Марыі Магдалены Пацы (кармеліцкай манашкі з Фларэнцыі, кананізаванай у 1669 годзе), які пашыраў на Літве род Пацаў. Гэта служыла ідэалагічным прэтэнзіям Пацаў на пакроўленасць са славутым фларэнтыйскім арыстакратычным родам. У 1677-83 гадах фларэнтыйскі мастак Мікелангела Палоні перабраўся з двара Медычы на службу Пацам, яго галоўнай задачай было стварэнне тут адмысловай капліцы, прысвечанай Святой Марыі Магдалены Пацы. Гэта капліца стваралася практычна адначасова з маўзалеем у царкве Святой Марыі Магдалены Пацы ў Фларэнцыі, і гэтая праекты аб’ядноўвае практычна аднолькавая іканаграфічная праграма. Для падмацавання гэтага культа фларэнтыйскі герцаг Казіма ІІІ Медычы перадаў у 1681 годзе рэліквіі (зуб і частку валосаў) святой Пацам[13].

Музычны фестываль

[правіць | правіць зыходнік]

Штогод у манастыры праводзіцца Міжнародны фестываль музыкі. Пачатак Пажайсліскаму музычнаму фестывалю быў пакладзены ў 1996 годзе. На працягу трох летніх месяцаў праходзіць каля 30 канцэртаў музычнай класікі, пачынаючы ад Моцарта і заканчваючы «ABBA». Двойчы фестываль наведваў амерыканскі скрыпач і дырыжор Егудзі Менухін. Частка канцэртаў бясплатная для публікі. Канцэрты у рамках фестывалю праходзілі таксама ў Каўнаскім замку, Клайпедскім універсітэце і нават у аэрапорце.

  1. Всеобщая история архитектуры 1969.
  2. Pažaislio kamaldulių vienuolyno ansamblis(недаступная спасылка). Kultūros vertybių registras. Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2016. Праверана 1 верасня 2022.
  3. Zarewicz Ludwik. Zakon kamedułów, jego fundacye i dziejowe wspomnienia w Polsce i Litwie. Krakow, 1871. — S. 45.
  4. Paknys, Mindaugas. Nowe źródła o artystach w Pożajściu w kręgu mecenatu Krzysztofa Zygmunta Paca // Biuletyn historii sztuki, 2000.
  5. а б в г д История искусства 1976.
  6. а б Пожайский-Успенский монастырь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  7. Жемайтите 1984.
  8. Шереметевский В. В. Гедеон (Виноградов) // Русский биографический словарь : в 25-ти томах. — СПб.М., 1896—1918. (руск.)
  9. Всеобщая история архитектуры 1969, с. 397.
  10. Всеобщая история архитектуры 1969, с. 397—398.
  11. История искусства 1976, с. 258—259.
  12. Paknys Mindaugas. The Frescoes of Saint Bruno of Querfurt in the monastery of the camaldolese order at Pažaislis // Lithuanian historical studies, 2009, 14.
  13. Baniulytė Aušra. Italian Intrigue in the Baltic: Myth, Faith, and Politics in the Age of Baroque // Journal of Early Modern History, 16 (2012) 23-52. Pp. 50-51.
  • Всеобщая история архитектуры: Западная Европа и Латинская Америка XVII-первая половина XIX вв (руск.). — Изд-во Академии архитектуры СССР, 1969. — Т. 7. — С. 397—398.
  • История искусства народов СССР: Искусство конца XVII-XVIII веков (руск.) / Под редакцией А. Ю. Нурок и М. А. Орловой. — М.: Изобразительное искусство, 1976. — Т. 4. — 471 с.
  • Даугудис В., Мардоса Й., Жемайтите З. и др. 300 памятников культуры (руск.) / Сост. З. Жемайтите. — Вильнюс: Минтис, 1984. — 270 с.