Полацкае права
По́лацкае пра́ва — сістэма норм звычаёвага і пісанага феадальнага права, якая дзейнічала на землях Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства.
Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора 1388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі.
Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсё спрэчныя пытанні было замацавана ў спецыяльнай грамаце, выдадзенай вялікім князем Аляксандрам у 1499.
Важнейшымі крыніцамі Полацкага права да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх…» (гл. таксама Полацкія прывілеі).
Найважнейшым элементам дзяржаўна-прававога жыцця палачан у канцы 15 — 1-й палавіне 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гарадскога жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле Полацкага права нават вялікі князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтральнага ўрада ў царкоўных і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэрыторыі ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы.
Нормы Полацкага права былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Полацкае права // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. С. 456.
- Полацкае права // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 449—450. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.