Романшы
Романшы (Engadini, Rumantsches) | |
Моўныя групы Швейцарыі. Чырвоным колерам вылучана романшская група
| |
Агульная колькасць | 38 тыс. (2012 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Швейцарыя |
Мова | романшская |
Рэлігія | кальвінізм |
Блізкія этнічныя групы | фрыулы, ладзіны |
Ро́маншы (саманазвы Engadini, Rumantsches) — рэтараманскі народ у Швейцарыі. Жывуць пераважна ў даліне ракі Ін і кантоне Граўбюндэн. Агульная колькасць - 38 тыс. (2012 г.)[1].
Паходжанне і гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Продкамі романшаў лічацца старажытныя плямёны рэтаў, якія насялялі Альпійскія горы ў антычнасці. У 15 г. да н. э. яны трапілі пад уладу рымлян і да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. былі раманізаваны. Відавочна, да XV ст. продкі романшаў складалі супольны рэтараманскі пласт насельніцтва разам з продкамі ладзінаў. Іх землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў. Паколькі праз так званую Верхнюю Рэцыю, населеную романшамі, праходзіў шлях з Германіі ў Італію, яна лічылася стратэгічнай тэрыторыяй, прывабнай для феадалаў.
У 1424 г. сяляне і рыцары Рэцыі стварылі Шэрую Лігу (ням.: Grau Bund) і Лігу дзесяці юрысдыкцый, якія выступілі супраць нямецкіх феадалаў. Утвораная імі горная рэспубліка ўвайшла ў склад Швейцарыі. У XVI ст. з'явілася першая пісьмовая форма романшскай мовы.
У адрозненні ад Італіі, дзе стары эканамічны лад садзейнічаў адносна добраму захаванню традыцыйнай культуры ладзінаў, у Швейцарыі романшы знаходзіліся пад большым культурным уплывам нямецкамоўнай абшчыны, што асабліва стала адчувальна ў XIX ст. З сярэдзіны XX ст., калі романшскаму насельніцтву пагражала дэпапуляцыя, пачалі прадпрымацца пэўныя высілкі для захавання романшскай мовы і стварэння на ёй сучаснай літаратуры. Гэта мэта ставіцца ў аснову далейшага існавання романшаў і лічыцца больш важнай, чым адраджэнне традыцыйнай матэрыяльнай культуры.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Романшскую мову часцяком называюць рэтараманскай. Яна падзяляецца на некалькі дыялектаў, кожны з якіх мае сваю пісьмовасць на аснове лацінкі. Аднак толькі тры дыялекты лічацца безумоўна романшскімі, астатнія — бліжэй да дыялектаў мовы ладзінаў. У наш час існуе таксама адзіны стандарт рэтараманскай мовы, які ўжываецца ў Швейцарыі на афіцыйным узроўні і мае статус дзяржаўнай мовы.
Романшская мова выкладаецца ў пачатковай школе, выкарыстоўваецца ў некаторых мясцовых сродках масавай інфармацыі, на ёй выдаюцца кнігі. Аднак казаць пра адсутнасць пагрозы знікнення жывой гутарковай мовы пакуль яшчэ рана.