Перайсці да зместу

Савет еўраатлантычнага партнёрства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта членства СЕАП

Савет еўраатлантычнага партнёрства (СЕАП) (англ.: Euro-Atlantic Partnership Council; EAPC) — шматбаковы форум, створаны для развіцця адносін паміж НАТА і краінамі Еўропы і часткі Азіі, якія не ўваходзяць у альянс, але прымыкаюць да еўрапейскай перыферыі. Дзяржавы-члены савета супрацоўнічаюць і кансультуюцца па цэлым шэрагу палітычных пытанняў і пытанняў бяспекі.

Савет быў створаны 29 мая 1997 года ў якасці пераемніка Савета Паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва. Працуе сумесна з Партнёрствам дзеля міру. Усе яны ўзніклі пасля заканчэння Халоднай вайны.

Рашэнне аб стварэнні СЕАП на базе Савета Паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва было прынята з мэтай паглыблення партнёрства і забеспячэння больш аператыўнага ўзаемадзеяння ў пытаннях бяспекі. Новы форум у большай меры адказваў патрабаванням праграмы «Партнёрства дзеля міру». У прыватнасці, яго стварэнне было звязана з правядзеннем міратворчай аперацыі ў Босніі і Герцагавіне. У 1996 годзе для правядзення гэтай аперацыі разам з часцямі і падраздзяленнямі з краін НАТА былі разгорнуты воінскія кантынгенты з 14 краін-партнёраў[1].

Большасць краін-партнёраў адкрылі дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі, што дапамагае падтрымліваць рэгулярную сувязь і праводзіць кансультацыі пры першай неабходнасці. Пасяджэнні СЕАП праводзяцца адзін раз у месяц на ўзроўні паслоў, адзін раз у год на ўзроўні міністраў замежных спраў, міністраў абароны і начальнікаў генеральных штабоў, а таксама перыядычна на вышэйшым узроўні[1].

Пачынаючы з 2005 года, праводзіць пасяджэнні на высокім узроўні новы орган СЕАП — Форум бяспекі. На гэтым форуме вядзецца абмеркаванне важных пытанняў бяспекі і пошук найлепшых шляхоў для іх сумеснага вырашэння дзяржавамі НАТА і краінамі-партнёрамі[1].

Усяго 50 членаў, з якіх 29 краіны-члены НАТА і 21 краіны-партнёра[2].

Супрацоўніцтва ахоплівае наступныя напрамкі:

  • аперацыі па ўрэгуляванні крызісаў і падтрыманні міру,
  • кантроль над узбраеннямі і пытанні, звязаныя з распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння;
  • міжнародны тэрарызм;
  • пытанні абароннага планавання, фарміравання бюджэту, абароннай палітыкі і стратэгіі;
  • грамадзянскае надзвычайнае планаванне і гатоўнасць да рэагавання на стыхійныя бедствы і катастрофы;
  • супрацоўніцтва ў галіне ўзбраенняў;
  • ядзерная бяспека;
  • каардынацыя дзеянняў грамадзянскіх і ваенных службаў арганізацыі паветранага руху;
  • навуковае супрацоўніцтва[1].
  1. а б в г Совет евроатлантического партнёрства. Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2016. Праверана 19 студзеня 2016.
  2. NATO partners. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2016. Праверана 19 студзеня 2016.