Цела даўжынёю 8—30 мм, прадаўгаватае, голае або ўкрытае валаскамі. На брушку чорныя і жоўтыя палосы. Пярэднія крылы складваюцца ўдоўж. Вусікі ніткападобныя, у самцоў 13-, у самак 12-членікавыя. Пярэднягрудзі маюць дугападобную выразку, якая дасягае асновы крылаў.
Жывуць у гнёздах (паўсфера з ячэйкамі ў адзін паверх, сфера з шматпавярховымі ячэйкамі ці інш.). Соты будуюць з «паперы», якую атрымліваюць з перажаваных і апрацаваных ферментамі раслінных рэшткаў. Лічынак кормяць іншымі насякомымі, пераважна вусенямі. Развіццё з поўным ператварэннем. Зімуюць аплодненыя маткі.
Апыляльнікі раслін, знішчаюць шкодных насякомых, шэршні шкодзяць пчалярству.