Свята-Пакроўская царква (Докшыцы)
Праваслаўная царква | |
Пакроўская царква | |
---|---|
54°53′31″ пн. ш. 27°45′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Докшыцы |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Полацкая |
Архітэктурны стыль | псеўдарускі стыль |
Будаўніцтва | 1900—1903 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Пакроўская царква (Докшыцкая Пакроўская царква) — праваслаўны храм у Віцебскай вобласці, помнік архітэктуры. Знаходзіцца на вуліцы Ленінскай, у горадзе Докшыцы. Пабудавана ў 1900—1903 гадах з бутавага каменю і цэглы на месцы ўніяцкага храма 1514 года. Адноўлена ў 1990-я гады. Знаходзіцца ў цэнтры горада, у акружэнні мураванай агароджы з арачнай брамай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першае ўпамінанне ў дакументах аб існаванні праваслаўнага храма ў Докшыцах адносіцца да 1514 года. Драўляная уніяцкая царква была знішчана пры пажары мястэчка ў час ваенных дзеянняў 1812 года, але адбудавана нанава. З таго часу ўцалеў цудатворны абраз «Маці Божая Смаленская». Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе яна перададзена праваслаўным і асвечана ў гонар святых Кузьмы і Дзям’яна. У 1899 годзе будынак старой царквы разабралі, а на яе месцы ў 1900—1903 гадах паводле праекта, распрацаванага ў 1863 годзе, паставілі мураваную праваслаўную царкву, асвечаную ў гонар Пакрова Багародзіцы. Будаўніцтва першай каменнай царквы ў Докшыцах пачалося ў 1863 годзе. Новая каменная царква закладзена ў 1900 годзе. У 1903 годзе пабудова новай царквы была завершана, 28 верасня (па старому стылю) адбылося асвячэнне храма. У гэтым жа годзе адкрыліся сучасныя гарадскія могілкі.
У 1941 годзе, напачатку акупацыі, у храме немцы памясцілі ваеннапалонных, з храма іх вывелі ў верасні, калі за горадам былі пабудаваны часовыя баракі. Да 1 кастрычніка рамонт быў закончаны, службы, як і раней, сталі правіцца кожнае свята.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Кампазіцыя храма, узведзенага ў псеўдару́скім стылі, складаецца з чатырох частак, размешчаных па падоўжаннай восі. Да асноўнага кубічнага аб’ёму прылягаюць з усходу — прамавугольная алтарная апсіда, а з захаду — прамавугольная ў плане трапезная і чацверыковы бабінец са званіцай над ім. Усе часткі маюць розную вышыню, і асобныя дахі таксама рознай формы і вышыні. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам і завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным светлавым барабане, прарэзаным патройнымі вокнамі, якія аздоблены маляўнічымі атынкаванымі ліштвамі з какошнікамі. Званіца завершана высокім шатром з цыбулепадобнай галоўкай.
Помнік архітэктуры сінадальнага напрамку рэтраспектыўна-рускага стылю. Уяўляе сабой кананічны тып праваслаўнага храма са званіцай, трапезнай, кубападобным двух’ярусным аб’ёмам малітоўнай залы і прамавугольнай апсіды. У прасторавай кампазіцыі дамінуе ўзведзеная над прамавугольным прытворам шатровая званіца (васьмярык на чацверыку) і цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане над чатырохсхільным дахам асноўнага аб’ёму. Фасады члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з вялікімі адхіламі ў тоўшчы магутных сцен. Пластычнымі ліштвамі з какошнікамі вылучаны трайныя аконныя праёмы 2-га яруса асноўнага аб’ёму. Пластыка-каларыстычнае рашэнне фасадаў пабудавана на кантрасце паліхромнай бутавай муроўкі з белай тынкоўкай дэталяў архітэктурнага дэкору (какошнікі, арнаментальныя паясы, філёнгавыя лапаткі, цыбулепадобныя галоўкі).
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр’еры апсіда вылучана трох’ярусным трохгранным у плане залачоным іканастасам. Абраз «Маці Божая Смаленская» (1826). У 1990-я гады мясцовы мастак В. Маркавец аднавіў фрэскавую размалёўку.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна: Рэд кал.: Г.П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш., Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 752 с.: іл. ISBN 985-11-0293-8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Пакроўская царква (Докшыцы)
- Свята-Пакроўская царква (Докшыцы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Пакроўская царква (Докшыцы) на сайце Radzima.org
- Свята-Пакроўская царква (Докшыцы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Пакроўская царква (Докшыцы) на сайце «Архіварта»