Спорыцкая ледавіковая лагчына
Спорыцкая ледавіковая лагчына — лагчына ў Беларусі, геалагічны помнік прыроды мясцовага значэння. Размешчана за 6 кіламетраў на паўднёвы захад ад г. Паставы Віцебскай вобласці паміж вёскамі Шыркі, Падаляны, Салаўі, Сіманькі, Вялікія Споры, Фалевічы, Яцавічы. Займае плошчу 14,5 кв. км. Паводле меркаванню навукоўцаў, Спорыцкая ледавіковая лагчына з’яўляецца эталонам сярод падобных аб’ектаў Беларусі. Добрая захаванасць ландшафтаў і адносная экалагічная чысціня ваколіц стварае выдатныя магчымасці для развіцця турызму. 8 кастрычніка 2015 года на тэрыторыі Спорыцкай ледавіковай лагчыны створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Споры»[1][2]
На тэрыторыі заказніка знаходзіцца унікальная ледавіковая даліна. Яна з’явілася 20-17 тысяч гадоў таму ў выніку разворвання ледавіком горных парод, па якіх ён рухаўся. У выніку гэтага ўтварылася тыповая ледавіковая лагчына шырынёй 1-1,7 кіламетра і даўжынёй больш 7 кіламетраў. У параўнанні з навакольнымі ландшафтамі Спорыцкая лагчына апушчана на 25-30 метраў і аддзяляецца ад іх абрывістымі схіламі[3].
Пасля таяння ледавіка, цела якога было неаднародным і мела шматлікія трэшчыны і пустоты, у якіх назапашваліся абломкавыя пароды, утвораныя суглінкі і супескі аселі на паверхню, сфармаваўшы неверагодна разнастайны і маляўнічы рэльеф. Найбольш глыбокія часткі лагчыны запоўнілі воды, утварыўшы такім чынам прыгожую групу азёр, якая ўключае Светлае, Чэцверць, Світа, Світка, Асцюцьева, Споры і некалькі невялікіх вадаёмаў. Па ніжняй частцы лагчыны цячэ рака Спарыца, якая злучае ўсе азёры і нясе ваду на поўнач у Мядзелку[3].
Разнастайныя ўзгоркі, што ўзвышаюцца на дне Спорыцкай лагчыны і па яе схілах, надаюць асаблівую непаўторнасць ландшафту. Іх памеры 50х200 метраў, а адносная вышыня — да 35 метраў. Абсалютныя адзнакі паверхні тэрыторыі вагаюцца ў межах 137—199 м, вышыня ўзгоркаў дасягае 180,2 м. Самымі высокімі з іх з’яўляюцца: гара Гарадзішча на заходнім беразе азёр Світа і Світка — 180 м, гара Гаёк — 165, 4 м, гара Споркі на паўднёвым беразе возера Споры — 160 м. Узгоркі купала- і увалістападобныя з даволі абрывістымі схіламі да 25 градусаў. Складзены яны амаль поўнасцю марэннымі супескамі і суглінкамі. Дно лагчын і берагі азёр забалочаны, узгоркі пакрытыя лесам або занятыя лугамі[3].