Сіка (народ)
Сіка (Ata Sikka) | |
Фота першай паловы XX ст.
| |
Агульная колькасць | 255 тыс. чал. (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Флорэс |
Мова | сіка |
Рэлігія | анімізм, каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | мангарай, ламахолат, палуэ |
Сіка (саманазва: Ata Sikka) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі цэнтральнай і паўночнай частак вострава Флорэс. Агульная колькасць у Інданезіі (2022 г.) — 255 тысяч чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Сіка склаліся як адзіны народ у выніку інтэграцыі некалькіх аўстранезійскіх племянных супольнасцей паўночнага Флорэса ў выніку існавання дзяржаўнага ўтварэння з цэнтрам у паселішчы Сіка ў XVII — пачатку XX стст. Значную ролю ў гэтым адыграла супрацьстаянне з плямёнамі ліё, чый дзяржаўны цэнтр знаходзіўся ў Эндэ. Разам з гэтым, доўгі час існавала ўнутранае супрацьпастаўленне хрысціянскага і паганскага насельніцтва, жыхароў гор і узбярэжжа.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Сіка насяляюць тэрыторыі з выразнай зменай вільготнага і сухога сезонаў. Апошні цягнецца з сакавіка да лістапада і суправаджаецца засухай, якая асабліва адчувальна на ўзбярэжжы. Галоўным заняткам мясцовага насельніцтва здаўна была сельская гаспадарка, прычым важную ролю адыгрывала вырошчванне засухаўстойлівых бабовых. У пачатку XX ст. галандскія каланіяльныя ўлады садзейнічалі распаўсюджанню культуры какосавай пальмы. У нашы дні часцей вырошчваюць кукурузу, батат, гародніну, на абрашальных землях — рыс. У вельмі засушлівых раёнах сіка арыентаваны на жывёлагадоўлю. У астатніх выпадках яна мае выключна дапаможную функцыю. Жыхары ўзбярэжжа займаюцца рыбалоўствам і гандлем. Традыцыйна былі развіты такія рамёствы, як пляценне, ткацтва, ганчарства. Прычым, у мінулым яны лічыліся жаночымі заняткамі.
Сучасныя вёскі будуюць на вяршынях пагоркаў або ўдоўж дарог. Характэрна выцягнутая планіроўка. У мінулым у цэнтры вёсак будавалася па-майстэрску аздобленая хаціна, каля якой знаходзіліся вясковы гонг і камень для шанавання, тут збіраліся мужчыны паселішча. Традыцыйныя жытлы чатырохкутныя, узводзяцца на па́лях. У заходніх сіка інтэр'ер уключае калідор і галоўны пакой. Двары часцяком аддзелены невялікім каменным парканам.
У перыяд існавання дзяржавы Сіка адбылося значнае распластаванне грамадства. Яно падзялялася на высакародных ata mo'ang, простых людзей ata riwung і рабоў ata maha. Апошнімі станавіліся запазычальнікі і ваеннапалонныя. Зямля належала буйным памешчыкам tana pu'ang. У пачатку XX ст. склалася сістэма кіравання, калі манарху-раджы падпарадкоўваліся прызначаныя ім капітаны, на чале вёсак стаялі выбраныя старасты. У нашы дні ўсе грамадзяне лічацца фармальна роўнымі.
Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Пашыраныя часцей узнікалі ў асабліва засушлівых мясцінах, дзе малая колькасць ворыўных зямель і вады для абрашэння абмяжоўвала магчымасць падзяляць палеткі. Сем'і раджаў часам налічвалі да 50 чалавек. Але звычайная сям'я складалася прыкладна з 10 чальцоў. У сіка маюцца роды ku'at wungung, але іх сацыяльная роля нязначная. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты за грошы. У сваю чаргу, яна абавязана прынесці ў новую сям'ю матэрыяльны пасаг. У багатых сем'ях ім могуць стаць каштоўныя рэчы і ўпрыгожванні, у бедных — тканіны. Пасля шлюбу муж часцяком жыве ў сям'і жонкі пакуль не ўладкуе сваю гаспадарку. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па мужчынскай лініі. Распаўсюджаны звычай, калі малодшыя сыны пасля сталення або шлюбу сыходзяць з сям'і, а старэйшыя працягваюць жыць з бацькамі і ў выніку атрымоўваюць большую частку спадчыны.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Хаця ў XX ст. этнолагі спрабавалі рэканструяваць дахрысціянскую рэлігію сіка, але вынікі іх прац застаюцца вельмі спрэчнымі, паколькі дахрысціянскія вераванні да таго часу вельмі трансфармаваліся. Захоўваюцца вера ў духаў прыроды і магію, культ камянёў, звычаі ахвярапрынашэння продкам у форме дробных падарункаў, што прыносяць на могілкі. У мінулым існаваў звычай абразання падлеткаў. З XVII ст. распаўсюджваецца каталіцызм. У нашы дні ён з'яўляецца важным этнічным чыннікам, які адрознівае сіка і іншых жрысціян Флорэса ад мусульманскай большасці ў Інданезіі. У раёне Маўмерэ шырока распаўсюджаны культ Дзевы Марыі.