Табітэўэа
Табітэўэа | |
---|---|
англ. Tabiteuea | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 38 км² |
Насельніцтва | 4 898 чал. (2005) |
Шчыльнасць насельніцтва | 128,89 чал./км² |
Размяшчэнне | |
1°21′00″ пд. ш. 174°48′00″ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Гілберта |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Табітэўэа (англ.: Tabiteuea) — самы вялікі па плошчы атол у архіпелагу Гілберта. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Агульная плошча — 38 км². Насельніцтва — 4898 чал. (2005 г.).
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Атол Табітэўэа знаходзіцца ў 400 км на поўдзень ад атола Тарава. Складаецца з вялікай лагуны (365,2 км²), якую атачае каралавы рыф. На ўсходняй частцы рыфа размешчаны некалькі астравоў, 2 вялікіх на поўначы і поўдні і некалькі малых у цэнтры. Паўднёвая частка Табітэўэа лічыцца адным з самых прыгожых месцаў у Кірыбаці.
Клімат трапічны пасатны. Атол падвержаны ўздзеянню трапічных цыклонаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да прыходу еўрапейцаў Табітэўэа насялялі тунгару, продкі якіх з’явіліся на востраве каля 2000 — 3000 гадоў таму. Самі табітэўэаўанцы сцвярджаюць, што іх атол з’явіўся першым з усяго архіпелага Гілберта. Сюды з Самоа трапіў корань свяшчэннага дрэва, які прарос, і ў ім нарадзіліся духі — продкі тунгару.
Табітэўэаўанцы жылі пашыранымі сем’ямі, займаліся земляробствам і ловам рыбы. Інстытуты рабства і ўсеўладных правадыроў адсутнічалі. Абшчыннікі лічыліся роўнымі. Само слова «Табітэўэа» значыла «зямля без правадыроў». Да прыходу еўрапейцаў паміж тубыльцаў не вяліся войны. Замест гэтага практыкаваліся індывідуальныя паядынкі.
Еўрапейскія мараплаўцы і гандляры з’явіліся на астравах Гілберта ў кан. XVIII ст., аднак атол Табітэўэа наведваўся імі рэдка. У 1841 г. высадка амерыканскай экспедыцыі скончылася ваенным сутыкненнем, смерцю аднаго амерыканца і дванаццаці мясцовых жыхароў.
У 1868 на поўначы Табітэўэа з’явіліся пратэстанцкія місіянеры-гавайцы. Нягледзячы на спробы мясцовых вернікаў адстаяць традыцыйны культ, яны замацаваліся ў дзвюх вёсках, адкрылі школы, пачалі пашыраць адукацыю і заходнюю вопратку, забаранілі п’янства. Для найхутчэйшага распаўсюджвання хрысціянства гавайцы сілай прымусілі жыхароў паўночнага вострава прыняць іх веру, пасля чаго ў 1881 г. арганізавалі крыжовы паход на паўднёвы востраў. Калі паўднёвыя тубыльцы былі акружаныя і папыталі літасці, місіянеры загадалі знішчаць паганцаў, што прывяло да масавага забойства, у тым ліку дзяцей і жанчын. Забітых і цяжка параненых спалілі. З жыхароў поўдню амаль ніхто не выжыў. Іх маёмасць была разрабавана і падзелена паміж хрысціянамі.
Калі стала вядома пра масавае забойства на Табітэўэа, місіянеры былі адкліканы на Гавайскія астравы, аднак іх пераемнікі сканцэнтравалі ў сваіх руках усю ўладу і ўвялі ў дачыненні да тубыльцаў жорсткія законы. У выніку, у 1891 г. жыхары адной з вёсак паднялі паўстанне, пад час якога воіны-пратэстанты фактычна адмовіліся ваяваць супраць аднаверцаў.
У 1892 г. атол быў падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. Ужо ў XX ст. поспех мела каталіцкая місія, так што ў нашы дні больш за палову табітэўэаўанцаў спавядае каталіцызм.
У 1979 г. атол увайшоў у склад Кірыбаці.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Атол падзелены на 2 акругі. Дзейнічаюць 2 аэрапорты і 1 марскі порт. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць турызм.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- TABITEUEA. REPUBLIC OF KIRIBATI Архівавана 17 кастрычніка 2012.
- THE TABITEUEA MASSACRE Архівавана 9 снежня 2015.
- Tabiteuea — Culture Архівавана 5 студзеня 2009.
- Kiribati: Tabiteuea