Перайсці да зместу

Фальшывыя сябры перакладчыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фальшывыя сябры перакладчыка — словы, якія вымаўленнем ці напісаннем падобныя да інтэрнацыяналізмаў (такія як «інфармацыя», «эканоміка»), але або цалкам адрозніваюцца значэннем, або толькі часткова супадаюць у сваіх значэннях са словамі дзвюх моў: мовы, з якой перакладаюць, і мовы, на якую перакладаюць. Могуць быць прычынай як грубых сэнсавых, так і нязначных стылістычных памылак у перакладзе. Фальшывыя сябры перакладчыка могуць існаваць і ў розных дыялектах адной мовы. Так у палескай гаворцы герояў «Палескай хронікі» Івана Мележа Хадоські і Яўхіма слова «груба́я» (з націскам на другі склад) выкарыстовалася ў сэнсе «цяжарная»[1]. У амерыканскім варыянце англійскай мовы фраза «vest and pants» можа значыць «дзелавы касцюм», а ў брытанскім варыянце яна выкарыстоўваецца ў значэнні «майка і шорты».

Паколькі руская і беларуская мовы належаць да ўсходнеславянскіх моў, яны падобныя. Таму пры перакладзе з рускай трэба звяртаць асаблівую ўвагу на «фальшывых сяброў».

Руская Беларуская
Благой Добры, а не благі
Век У сэнсе перыяд, жыццё, узрост, а «100 гадоў» — лепш стагоддзе
Диван Канапа, а не дыван
Журнал Толькі ў сэнсе «рэгістрацыйны», а «перыядычнае выданне» — часопіс
Корыстный Карыслівы, а не карысны
Лаять Брахаць, а не лаяць
Мир Толькі ў сэнсе «адсутнасць вайны», а «чалавецтва» — свет
Час Толькі ў сэнсе «пара», а «60 хвілін» — гадзіна

Яшчэ большай увагі патрабуе пераклад на сучасную беларускую мову таго, што напісана на рускай мове ХІХ — пачатку ХХ стст. Вось некалькі прыкладаў, якія можна сустрэць у класічнай літаратуры і Сінадальным перакладзе Бібліі.

Руская Беларуская
Гроб Склеп, а не толькі труна
Крепостной Прыгонны, аб сялянах ці праве
Любовник Закаханы (станоўчы вобраз), а не толькі палюбоўнік (негатыўны вобраз), каханак
Окоп Агароджа, якую будуюць каб штурмаваць крапасныя муры, а не толькі акоп
Присутствие Аддзяленне, дэпартамент а не толькі прысутнасць альбо наяўнасць
Товарищ Памочнік (напрыклад, пракурора), а не толькі таварыш

Прыклады з англійскай мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Існуе шэраг англійскіх слоў, якія падобны на беларускія, але прынцыпова адрозніваюцца ад іх сэнсам.[2]

Таксама існуюць словы, значэнні якіх толькі часткова супадаюць з беларускімі. Так бывае звычайна калі яны пераходзілі ў беларускую як запазычаныя словы — толькі ў адным значэнні[3].

Англійская Беларуская
activity дзейнасць, а не толькі актыўнасць
aggressive энергічны, настойлівы, а не толькі агрэсіўны
article артыкль, а не толькі артыкул
authority улада, а не толькі аўтарытэт
band атрад, стужка, а не толькі банда
camera фотаапарат, а не толькі камера
character персанаж, а не толькі характар
champion заступнік, прадстаўнік; атлет, а не толькі чэмпіён
concrete бетон, а не толькі канкрэтны
conductor праваднік, дырыжор, а не толькі кандуктар
control кіраваць, а не толькі кантраляваць
convention з'езд, а не толькі канвенцыя
copy экзэмпляр, а не толькі копія
correspondence адпаведнасць, а не толькі карэспандэнцыя
credit заслуга, а не толькі крэдыт
critical важны, а не толькі крытычны
dramatic рашаючы, а не толькі драматычны
element стыхія, а не толькі элемент
episode серыя (серыяла, фільма), а не толькі эпізод
execution смяротнае пакаранне, выкананне, а не толькі экзекуцыя
figure малюнак, лічба, а не толькі фігура
gas можа быць скарачэннем ад gasoline (бензін) (амер.), а не толькі словам «газ»
interest працэнт (банкаўскі), а не толькі інтарэс
legal прававы, юрыдычны, а не толькі легальны
liberal гуманітарны (аб адукацыі), а не толькі ліберальны
mark метка, пляма, марка (не паштовая)
meditation роздум, а не толькі медытацыя
minister святар, служыцель культу; слуга, а не толькі міністр
momentum інерцыя, момант (толькі памятны, важны)
nation часцей за ўсе — краіна, радзей — нацыя
nationality грамадзянства, а не толькі нацыянальнасць
number колькасць, а не толькі нумар
object мэта, а не толькі аб'ект
officer службовая асоба, а не толькі афіцэр
original першапачатковы, а не толькі арыгінальны
panel секцыя (на навуковай канферэнцыі), а не толькі панэль
partisan прыхільнік, а не толькі партызан
position пасада, а не толькі пазіцыя
pretend прытварацца, а не толькі прэтэндаваць
public дзяржаўны, а не толькі публічны
publish абвяшчаць, а не толькі выдаваць у друкарні
race нацыянальнасць, а не толькі раса
rally мітынг, а не толькі аўтаралі
realize разумець, уяўляць сабе, а не толькі рэалізоўваць
record запіс, а не толькі рэкорд
regular звычайны, а не толькі рэгулярны
routine распарадак, а не толькі руціна
separate асобны, а не толькі сепаратны
solid цвёрды, а не толькі салідны
speculation меркаванне, а не толькі спекуляцыя
student вучань школы, навучэнец каледжа, даследчык, а не толькі студэнт
substance рэчыва, сутнасць, а не толькі субстанцыя
Французская Беларуская
bâton палка, а не батон
chiffre лічба, а не толькі шыфр
champignon грыб увогуле, (шампіньён па французску psalliote)
crème вяршкі, смятана, а не толькі крэм
étude вывучэнне, а не толькі эцюд
méthode падручнік, а не толькі метад
parole слова, а не пароль
pigeon голуб, а не толькі піжон
prince не толькі прынц, але і князь; валадар
sujet асоба, суб'ект і г.д., а не толькі сюжэт
toxicomane і таксікаман, і наркаман[4]
Нямецкая Беларуская
Ball мяч, а не бал
Elf адзінаццаць, футбольная каманда, а не толькі эльф
Fant смаркач, малакасос, а не фант
Herz сэрца, а не герц (фіз. адзінка)
Pony грыўка, а не толькі поні
Stuka не штука, а прэфікс «авія-»
Zentner 50 кг, а не цэнтнер[5]

Прыклады з іншых моў

[правіць | правіць зыходнік]

Словы цюркскага паходжання «базар» і «чабан» у мовах-арыгіналах маюць шырокі сэнс, а не толькі значэнне «рынак» і «пастух». Так «базар» (bazar) у азербайджанскай мове можа таксама азначаць «нядзеля», а «чабан» (çoban) можа мець і пераносны сэнс: «духоўны пастыр»[6].

Слова «шахід» звычайна ўжываецца ў сучаснай беларускай мове ў сэнсе «ісламскі тэрарыст», але ў мовах ісламскага свету яно азначае «пакутнік, той, хто гіне ў вайне з ворагамі ісламу», «пакутнік за веру», «сведка на розных афіцыйных мерапрыемствах (суд, вяселле)» і не можа прымяняцца да тэрарыстаў [1].

Зноскі

  1. Іван Мележ Людзі на балоце Архівавана 19 кастрычніка 2011.
  2. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.15-16
  3. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.16-17
  4. Многоязыковой словарь Мультитран
  5. Форум Ростова-на-Дону Архівавана 19 сакавіка 2013.
  6. У гэтым сэнсе азербайджанскія хрысціяне выкарыстоўваюць гэта слова ў якасці тытула Ісуса Хрыста (ISA MƏSIH ÇOBAN)