Царква Святога Іасафата (Быцень)
Праваслаўны храм | |
Царква Святога Іасафата | |
---|---|
52°52′54,79″ пн. ш. 25°29′40,91″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Быцень |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Ордэнская прыналежнасць | базыльяне |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата пабудовы | 1673 год |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква Святога Іасафата (таксама Касцёл Святой Тройцы) — колішні храм у в. Быцень, сабор базыльянскага Быценскага манастыра (не захаваўся).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Быценскі манастыр быў заснаваны ў 1640 г. па фундацыі слонімскага маршалка Рыгора Трызны[1] з жонкаю Рэгінай з Сапегаў. Пасля смерці яго сына падскарбія Мікалая Трызны багатае паселішча парайшло ва ўладанне базыльян. У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары пад час паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся уніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля кляштара з 1640 г.
Вялікая мураваная саборная царква была ўзведзена пасля 1673 г. пад кіраўніцтвам настаяцеля манастыра Іосіфа Пяткевіча. У 1710 г. храм кансекраваны ў гонар уніяцкага архіепіскапа свяшчэннамучаніка Іасафата Кунцэвіча, забітага ў час паўстання ў Віцебску ў 1623 г.
Спадчыннік згаслага ўніяцкага роду Трызнаў падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз у 1775 г. адабраў быценскі манастыр у базыльянаў і перадаў католікам. Верагодна, у гэты час саборны храм быў ператытулаваны ў гонар Святой Тройцы. Па загаду А.Тызенгаўза каля 1775 г. таксама ўзводзіцца званіца і брама ў стылі віленскага барока.
У 1915 г. падчас ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны царква значна пацярпела. Аб гэтым сведчаць фотаздымкі помніка, зробленыя віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг. Да 1929 года храм быў часткова адноўлены і дзейнічаў. Падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе саборная царква і манастырскі корпус зруйнаваны канчаткова.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Храм, пабудаваны як уніяцкі, меў мерыдыяльную арыентацыю алтаром на поўнач. План царквы ў верхнім сячэнні ўяўляў выцягнуты па восі поўдзень — поўнач лацінскі крыж з закругленымі бакавымі рамёнамі і алтарнай часткай. З трох бакоў да квадрата сяродкрыжжа прылягалі паўцыркульныя апсіды, перакрытыя паўсферычнымі конхамі. Алтарная апсіда па памерах адпавядала апісанаму квадрату, бакавыя апсіды крыху меншыя за квадрат. Прастора сяродкрыжжа была перакрыта васьмігранным шатром з апорным кальцом, што абапіралася на папружныя аркі цэнтральнага квадрата. Шацёр над сяродкрыжжам звонку быў «апрануты» ў паўсферычны купал і завяршаўся светлавым ліхтаром з фігурным пакрыццем. Конхі над апсідамі звонку накрывалі кроквенныя конусападобныя дахі, якія разам з асноўным купалам стваралі своеасаблівую кампазіцыю вянчаючых мас. Форма амаль ідэальнага тэтраконха, закладзеная ў аснову аб'ёмна-прасторавай структуры храма з паўднёвага боку, парушалася прыбудовай квадратнага ў плане бабінца і вузкага дзвюхвежавага нартэкса, што і надавала плану выгляд лацінскага крыжа.
Вядомы краязнаўца і гісторык культуры Станіслаў Лёранц, які даследаваў помнік у 1930-я гг., лічыў, што бакавыя нефы і дзвюхвежавы фасад далучыліся да сабора ўжо ў другой палове XVIII ст.
Архітэктоніка царквы выцякае генетычна з чатырохзрубных крыжовых праваслаўных сабораў XVII ст. з рэгіёна Падняпроўя і Падзвіння, якія ў сваю чаргу аказалі ўплыў на фарміраванне архітэктурных форм расійскага, так званага нарышкінскага барока. Будова архітэктурных мас, кампазіцыйныя і канструкцыйныя прыёмы сабора Быценскага манастыра асабліва блізкія да драўлянай уніяцкай Ільінскай царквы ў Віцебску, пабудаванай у 1746 г., якая таксама мела ў плане лацінскі крыж, незалежнасць канструкцый унутраных перакрыццяў ад вонкавай кампазіцыі пакрыцця.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Квитницкая Е. Д. Часовни Белоруссии // Архитектурное наследство. 1980 № 28. С. 127.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).