Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (Блужа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы
53°24′55,42″ пн. ш. 28°16′07,32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Блужа
Канфесія уніяцкая (пасля 1839 г. праваслаўная)
Епархія Барысаўская епархія
Архітэктурны стыль традыцыйнага народнага дойлідства з элементамі класіцызму
Першае згадванне XVIII стагоддзе
Дата скасавання 1962
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы — колішні храм у Блужа Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, у 2017 г. разпачата адбудова[1]. Уваходзіць у 1-ую Пухавіцкую благачынную акругу

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гэты храм быў унікальным творам народнага дойлідства, праяўленнем таленту яго стваральнікаў. Унутры, у разным іканастасе, было 11 старажытных абразоў, у тым ліку славуты абраз Маці Божай. Абразы і іканастас былі перанесеныя яшчэ з уніяцкай царквы, якая была тут раней.

Царква ў Блужы на гэтым месцы стаяла даўно. Па архіўных дакументах вядома, што ў 1725—1754 гг. уладальнікамі Блужы былі Адам і Аўгусціна Троські. Яны пабудавалі, апекаваліся і рамантавалі уніяцкую царкву святых бессярэбранікаў Казьмы і Дзям’яна. У 1832 г. царкву рамантавалі сяляне з дапамогай новых уладальнікаў Блужы — Тэафіліі і Пятра Завадскіх. Гэта царква таксама была уніяцкая, называлася Прачысценская, ці Успенская. У «Алфавитным реестре наследных имений Минской губернии Игуменского уезда» 1810-1820-х гг. пералічваюцца храмы гэтай мясцовасці. Большасць з іх былі уніяцкімі, было і некалькі каталіцкіх касцёлаў.

У 1839 г. уніяцтва на Беларусі было скасавана расійскім царом, і ўсе уніяцкія храмы гвалтам ператвораны ў праваслаўныя. Так і Блужская царква з уніяцкай ператварылася ў праваслаўную.

У 1879 г. праваслаўнай царкве належала 100 дзес. зямлі, прыход налічваў каля 1600 чалавек. У 1879 г. праваслаўнай царкве належала 100 дзес. зямлі, прыход налічваў каля 1600 чалавек.

У кнізе «Описание церквей и приходов Минской епархии», выдадзенай у Мінску ў 1879 г., гаворыцца, што Блужская царква «до такой степени ветхая, что даже не годна к починке». Відаць, хутка пасля гэтага, у 80-90-я гг. ХІХ ст., была пабудавана новая царква, што прастаяла да 1962 г. (яе вы бачыце на фатаграфіі). У Блужы сярод старажылаў захавалася памяць пра нейкага «героя Шыпкі», «палкоўніка», які ахвяраваў грошы на будаўніцтва царквы. Ёсць мяркаване, што «герой Шыпкі» — гэта ўдзельнік руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. Блужанцы апавядалі нам, што побач з царквой знаходзіўся склеп, дзе быў пахаваны фундатар з жонкай. На жаль, імя гэтага чалавека не захавалася ў памяці блужан.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваная царква была з добрага смалістага лесу. Успенская царква была ўзорам традыцыйнага народнага дойлідства з элементамі класіцызму.

Храм восевай кампазіцыі, складаўся з 4-х частак:

  • пяцігранны алтар;
  • асноўная частка — прамавугольны зруб, накрыты чатырохсхільным дахам;
  • пераходнае памяшканне паміж бабінцом і асноўнай часткай — вузейшае і нізейшае за іх;
  • бабінец, а над ім двух’ярусная квадратнай формы чацверыковая званіца з чатырохсхільным дахам.

Быў яшчэ ганак слупавой канструкцыі з балюстрадай.

Храм стаяў на каменным падмурку, а дах быў накрыты ліставым жалезам. Сцены гарызантальна ашаляваны дошкамі. Ніжэй карніза будынак акаймоўваў разны падзор, а вокны аздоблены ліштвамі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  1. http://sobornevsky.by/novosti/preosvyashennejshij--veniamin--sovershil/