Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 8—15 см з шчыльным шарападобным клубнем. Каля асновы сцябла — лускападобны ліст. Верхняе лісце доўгачаранковае, двойчы-, тройчырассечанае; сегменты на доўгіх, а зваротна-яйкападобна-клінападобныя долі на кароткіх чаранках. Кветкі з кароткім (да 15 мм) фіялетава-ружовым вяночкам, сабраны ў малакветкавую сціснутую гронку, паніклую да цвіцення і пры пладах. Прыкветкі суцэльнакрайнія, зваротна-яйкападобныя. Шпорка прамая або злёгку загнутая; кветаножкі ў 3—6 разоў карацейшыя за плод. Плод — каробачка, якая раскрываецца дзвюма створкамі.
Сярэднееўрапейскі рэліктавы горны від, знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах па-за паўночна-ўсходняй мяжой арэала. Месцы росту: шыракалістыя лясы і хмызнякі на добра гумусаваных карбанатных глебах.