Шынекок
Шынекок Shinnuhkock | |
Агульная колькасць | 1292 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | моэган-пеквот |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | моэган, мантаўкет, пеквот, нехантукет |
Шынекок (саманазва: Shinnuhkock, літаральна «людзі камяністага берага») — індзейскі народ, карэнныя насельнікі ўсходняй часткі Лонг-Айленда (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) — 1292 чал.
У першай палове XVII ст., калі пачаліся кантакты паміж еўрапейцамі і карэннымі жыхарамі Лонг-Айленда, шынекок насялялі паўднёва-ўсходнюю ўскраіну вострава. Займаліся рыбалоўствам і земляробствам, аднак найбольш важным заняткам з’яўляўся выраб вампумаў з ракавін малюскаў. Падчас ваенных дзеянняў паміж кантынентальнымі плямёнамі пеквот і нарагансет падвяргаліся нападам з боку пеквот. Каля 1641 г. заключылі пагадненне з Плімуцкай калоніяй, згодна з якім на ўсходзе Лонг-Айленда было пабудавана англійскае ўмацаванне. Аказвалі пурытанам дапамогу ў перакладзе Бібліі на індзейскія мовы.
Шынекок моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы ў 1658 г. Насельніцтва стала скарачалася, таму былі вымушаны падпісаць пагадненне 1703 г., якое пазбаўляла іх значнай часткі племянных тэрыторый. У 1741 г. шатландскія прэсвітарыяне адчынілі місію для шынекок і мантаўкет, пры якой дзейнічала бясплатная школа. У 1792 г. шынекок трапілі пад апеку штата Нью-Ёрк. Да 1859 г. была вылучана плошча для рэзервацыі (3,2 км²).
У 2010 г. шынекок сталі федэральна прызнанай індзейскай нацыяй. З гэтага часу дзейнічае сістэма аўтаномнага самакіравання. У рэзервацыі на Лонг-Айлендзе жыве каля траціны прадстаўнікоў гэтага народа. Яны займаюцца рамёствамі, вырошчваннем малюскаў, абслугоўваюць турыстаў.