Пеквот

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пеквот
pikwɒt
Агульная колькасць 1500
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова моэган-пеквот
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы моэган, мантаўкет, нарагансет, вампаноаг, нехантукет, шынекок

Пеквот (сучасная саманазва: pikwɒt) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 1500 чал.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная назва пеквот была дадзена ім звонку ў XVII ст. Англійскія каланісты перанялі яе ў моэган, на мове якіх Pequttôog значыць «разбуральнікі».

Ранняя гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з паданнямі, пеквот і моэган да XVII ст. мігрыравалі з ракі Гудзон на тэрыторыю сучаснага штата Канектыкут. Яны складалі супольную канфедэрацыю, у якой важную ролю адыгрывалі ваенныя правадыры сахем. Мяркуецца, што каля 1620 г. агульная колькасць пеквот і моэган магла дасягаць 6 000 чалавек. Галоўнымі заняткамі былі паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства і земляробства.

Пеквоцкія войны[правіць | правіць зыходнік]

У 1633 г. галандскія гандляры заключылі з пеквот пагадненне і стварылі на месцы Хартфарда факторыю. Акрамя таго, пеквот падтрымлівалі адносіны з англійскай Плімуцкай калоніяй. Аднак кантакты з еўрапейцамі прывялі да распаўсюджвання эпідэмічных захворванняў і скарачэння насельніцтва. Ад эпідэміі моцна пацярпелі і суседнія плямёны. Асобныя правадыры пеквот выкарысталі гэта для захопу іх тэрыторый.

Напярэдадні 1637 г. пеквот забілі англійскага карсара Джона Стоўна. Пазней яны тлумачылі гэта памылкай. Але забойства прывяло да абвастрэння адносін з англійскімі каланістамі. Адміністрацыя калоніі запатрабавала перадаць ёй для суда воінаў, што ўдзельнічалі ў злачынстве. Пеквот рэзка адмовілі. Да таго ж прыйшлі звесткі пра забойства англійскага гандляра Джона Олдхэма. Узімку англічане арганізавалі карныя рэйды, якія суправаджаліся спаленнем вёсак і агародаў. Увесну пеквот здзейснілі некалькі нападаў на англійскія паселішчы, забілі і ўзялі ў палон каля 30 каланістаў. Адміністрацыя была вымушана шукаць падтрымку суседніх плямён. 26 мая 1637 г. атрад каланістаў і іх саюзнікаў-індзейцаў спаліў умацаваную пеквоцкую вёску і вынішчыў усё яе насельніцтва — каля 500 чалавек. У ліпені англічане і моэган на чале з правадыром Ункасам захапілі ў палон некалькі сотняў пеквотаў, пераважна жанчын і дзяцей. Ваенныя дзеянні працягваліся яшчэ некаторы час, але да восені большасць пеквотаў загінулі або здаліся. Найбольш непрымірымыя правадыры перайшлі да махокаў. Невялікая група пеквотаў не ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях і здолела захавацца.

21 верасня 1638 г. адміністрацыя калоніі заключыла з саюзнымі плямёнамі пагадненне, згодна з якім частка палонных пеквотаў паступала ў распараджэнне саюзнікаў. Ім забаранялася жыць на традыцыйных тэрыторыях і называць сябе пеквотамі. Астатніх палонных прадалі ў рабства. У 1683 г. для так званых мірных пеквотаў стварылі ў Канектыкуце заходнюю і ўсходнюю рэзервацыі. Гэта прывяло да падзелу выжылых пеквотаў на дзве галіны.

Федэральнае прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

18 кастрычніка 1983 г. Р. Рэйган падпісаў закон аб урэгуляванні зямельных спрэчак з заходнімі пеквотамі. Ён прадугледжваў федэральнае прызнанне рэзервацыі і заключэнне пагаднення з федэральным урадам. У 2002 г. федэральнае прызнанне атрымалі ўсходнія пеквоты, але з-за спрэчак з праціўнікамі будаўніцтва ў іх рэзервацыі казіно гэта прызнанне было часткова лімітавана.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]