Нехантукет
Naïantukq-ut | |
Рассяленне нехантукет каля 1620 г.
| |
Агульная колькасць | 100 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | неантык |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | пеквот, нарагансет, моэган |
Нехантукет (саманазва: Naïantukq-ut, літаральна «людзі звілістых вод») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць (1998 г.) — каля 100 чал.
Нехантукет насялялі ўсходняе ўзбярэжжа сучасных ЗША паміж вусцем ракі Канектыкут і паўднёвым захадам Род-Айленда. Займаліся рыбалоўствам, збіральніцтвам, паляваннем і ручным земляробствам.
Першы кантакт з галандскімі маракамі быў усталяваны ў 1614 г. У выніку ўварвання пеквот тэрыторыя, населеная нехантукет, была разарвана на заходнюю і ўсходнюю часткі. На момант заснавання Плімуцкай калоніі заходнія нехантукет жылі на поўдні Канектыкута, а ўсходнія — на паўднёвым захадзе Род-Айленда і востраве Блок. У 1620 г. іх агульная колькасць набліжалася да 1600 чалавек. Заходнія нехантукет знаходзіліся ў залежнасці ад пеквот. Усходнія падтрымлівалі саюз з нарагансет.
У 1637—1638 гг. заходнія нехантукет падтрымалі пеквот у войнах з англічанамі і іх саюзнікамі, але ў выніку пацярпелі паражэнне і панеслі вялізарныя страты. Каля 100 палонных, якія выжылі, былі перададзены пад кантроль моэган. У пачатку XIX ст. на ўзбярэжжы Канектыкута налічвалася толькі некалькі сем’яў нехантукет. У іх карыстанні была рэзервацыя плошчай 121,4 га. Пасля заканчэння вайны караля Філіпа у 1680 г. усходнія нехантукет разам з нарагансет былі пераселены ў рэзервацыю ў Чарлстаўне.
Да 1870 г. улады Канектыкута дэкларавалі выміранне нехантукет, зямля іх рэзервацыі была прададзена. Аднак у 1998 г. у Канектыкуце налічвалася 35 сем’яў, што атаяснялі сябе з гэтым народам. Імі была створана некамерцыйная арганізацыя «Племя і нацыя нехантукет». Яна звярнулася з петыцыяй аб прызнанні.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- NIANTIC HISTORY
- FOUR DIRECTIONS INSTITUTE Niantic Архівавана 26 верасня 2007.
- About East Lyme Архівавана 27 чэрвеня 2018.
- Now the Nehantics Ask U.S. Recognition