Энрыка Дандала
Энрыка Дандала | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Enrico Dandolo | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Орыа Мастрап'етра | ||||||
Пераемнік | П'етра Дзіяні | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1107 ці 1108 |
||||||
Смерць |
май 1205 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Дандала[d] | ||||||
Бацька | Вітале | ||||||
Дзеці | Ганна Дандала[d] | ||||||
Званне | адмірал | ||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Энры́ка Да́ндала (італ.: Enrico Dandolo; 1107 ці 1108 — май 1205) — 41-ы венецыянскі дож.
Сярод іншых глаў Венецыянскай рэспублікі яго робіць адметным дзевяностагадовы ўзрост і слепата, якія не перашкодзілі яму быць выбраным і пакінуць заўважны след у гісторыі, у тым ліку паўплываўшы на зыход Чацвёртага крыжовага паходу і рабаванне Канстанцінопаля.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Энрыка Дандала паходзіў з уплывовай венецыянскай сям’і. Яго бацька Вітале быў саветнікам у 38-га дожа Вітале Мікіэля II. Яго дзядзька, які таксама насіў імя Энрыка Дандала, быў вышэйшым царкоўным саноўнікам у Венецыі. Да шасцідзесяцігадовага ўзросту будучы дож заставаўся ў цені сваіх сваякоў.
Першую значную ролю ў гісторыі Дандала адыграў у 1171—1172 гадах, калі ўрад Візантыйскай імперыі схапіў і кінуў у турмы тысячы венецыянцаў. Венецыянская рэспубліка рыхтавала карную экспедыцыю, аднак з прычыны пагрозы чумы яна не адбылася. Замест гэтага весці перамовы ў Канстанцінопаль паехалі два паслы, адным з якіх быў Дандала. На працягу некалькіх гадоў Энрыка выконваў пасольскія місіі, а ў 1183 годзе ён ізноў адправіўся ў Канстанцінопаль, каб дамовіцца пра аднаўленне Венецыянскага квартала ў горадзе.
Вядома, што Дандала аслеп на адно вока да таго, як стаў дожам. Ёсць дзве версіі: першая гаворыць пра тое, што яго асляпіў шклом візантыйскі імператар Мануіл Камнін у час пасольскай місіі ў 1171 годзе[1], іншая — што слепата стала следствам удару па галаве, атрыманага паміж 1176 і 1192 годам.
Тым не менш, у 1192 годзе Энрыка Дандала становіцца дожам.
Найбольшую гістарычную вядомасць прынёс дожу Чацвёрты крыжовы паход. У 1202 годзе ў Венецыі сабралася вялікая колькасць крыжакоў, якія павінны былі пераправіцца або ў Егіпет, або ў Палесціну. Сродкаў на аплату перавозкі морам у крыжакоў не было, многія накапілі даўгі ў Венецыі. Дандала прымусіў крыжакоў адправіцца ў паход у Далмацыю, дзе тыя 23 лістапада 1202 года захапілі горад Задар, асноўнага гандлёвага канкурэнта Венецыі.
Трохі пасля да Дандала і лідарам крыжакоў звярнуўся Аляксей IV Ангел, сын зрынутага візантыйскага імператара Ісака II. Ён пераканаў крыжакоў ісці на Канстанцінопаль. Такім чынам, першапачатковыя мэты Крыжовага паходу цалкам змяніліся ў бок, выгодны Дандала.
|
13 красавіка 1204 года Канстанцінопаль быў узяты і разрабаваны. У тым жа годзе была заснавана Лацінская імперыя са сталіцай у Канстанцінопалі. Венецыя атрымала значныя каланіяльныя тэрыторыі і ўмацавала сваё эканамічнае становішча.
У маі 1205 года Энрыка Дандала захварэў і сканаў 1 чэрвеня 1205 года ва ўзросце 98 гадоў у Канстанцінопалі. Вестка пра яго смерць прыйшла ў Венецыю 20 ліпеня 1205 года. (Пра гэта згадваў пазней венецыянскі храніст Марына Сануда) (паводле іншых звестак: у жніўні).
Дожа пахавалі ў Канстанцінопалі ў Сафійскім саборы. Грабніца Дандала захавалася да нашых часоў.
Вілардуэн называе яго «чалавекам вельмі мудрым і доблесным».
Імя Энрыка Дандала насіў адзін з браняносцаў флоту Італіі.
Энрыка Дандала фігуруе ў квазігістарычным рамане Горана Петравіча «Аблога царквы Святога Спаса» (1997). Гістарычная паслядоўнасць падзей і кола іх удзельнікаў у гэтай кнізе хоць і захаваны, але цалкам пераасэнсаваны ў духу балканскага магічнага рэалізму. У прыватнасці, Дандала выведзены як адмоўны персанаж, чорны маг, які пакутуе ад таямнічай хваробы вачэй — «замаразі».
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Энрыка Дандала з’яўляецца самым пажылым кіраўніком у свеце (у якіх вядомыя даты жыцця), які знаходзіўся на кіруючай пасадзе.
- Самы даўгавечны дож і кіраўнік Італіі.
- Імя дожа фігуруе ў загадцы знаходжання пакета са смяротным вірусам у рамане «Інферна».
- У камп’ютарнай гульні Sid Meier’s Civilization V прысутнічае дзяржава Венецыя, лідарам якога з’яўляецца Энрыка Дандала.
Зноскі
- ↑ Повесть о взятии Царьграда крестоносцами в 1204 году(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2016. Праверана 21 мая 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дандоло, патрицианский род // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Thomas F. Madden. Venice and Constantinople in 1171 and 1172: Enrico Dandolo’s Attitude towards Byzantium. In Mediterranean Historical Review 8, 1993, S. 166—185.
- Thomas F. Madden. Enrico Dandolo and the Rise of Venice. Johns Hopkins University Press, Baltimore 2003, ISBN 0-8018-7317-7.
- Karl-Hartmann Necker. Dandolo. Venedigs kühnster Doge Enrico Dandolo. Wien 1999.
- Gerhard Ellert. Der blinde Löwe von San Marco. (Roman) Speidel Verlag, Wien 1966