Перайсці да зместу

Ямніцкі бой (1944)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вялікая Айчынная вайна
Дата 1920 чэрвеня 1944
Праціўнікі
Сцяг Трэцяга Рэйха Трэці Рэйх Сцяг СССР Савецкія партызаны
Страты
больш за 80 забітых і каля 40 параненых невядома

Ямніцкі бой 1944 года — бой савецкага 121-га партызанскага палка імя А. М. Касаева, 61-й партызанскай брыгады Магілёўскай раённай ваенна-аператыўнай групы і часцей 60-й рэзервовай мотамеханізаванай дывізіі вермахта, раскватараванай у вёсках Магілёўскага раёна, у т. л. і в. Ямніца, у ноч на 20 чэрвеня 1944.

Праводзіўся як частка аперацыі, распрацаванай ваенна-аператыўнай групай пры Магілёўскім падпольным абкоме КП(б)Б, па адначасовым разгроме гарнізонаў праціўніка ў вёсках Гуслішча, Галынец 1 і Галынец 2, ваенным гарадку ў в. Ямніца (усе ў Магілёўскім раёне) з мэтай скаваць 60-ю мотамеханізаваную дывізію вермахта і не дапусціць пракідкі яе сіл на фланг палкам і атрадам Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, якія дзейнічалі на ўчастку чыгункі МагілёўКопысь.

19 чэрвеня 1944 года з наступленнем цемнаты група партызан прыступіла да перабудовы перапраў цераз р. Лахва для нападу на ваенны гарадок у в. Ямніца. Паводле плана 113-ы партызанскі полк павінен быў штурмаваць гарнізон у в. Гуслішча, а 121-ы партызанскі полк і 61-я партызанская брыгада — ваенны гарадок у в. Ямніца, у якім знаходзілася да 3 рот праціўніка і каля 90 танкаў. Нямецкім падраздзяленням стала вядома, што рыхтуецца напад партызан на в. Гуслішча, і ў гарнізон было тэрмінова паслана падмацаванне. Зыходзячы з гэтага камандзір Магілёўскай раённай ваенна-аператыўнай групы 3. П. Гапонаў вечарам 19 чэрвеня прыняў рашэнне атакаваць толькі ваенны гарадок у в. Ямніца, блакіраваць сіламі 113-га партызанскага палка гарнізоны ў вёсках Гуслішча і Галынец. У ноч 20 чэрвеня 1944 года партызаны 121-га партызанскага палка і 61-й партызанскай брыгады пераправіліся цераз р. Лахва і непрыкметна наблізіліся да в. Ямніца. Ударная група аўтаматчыкаў-партызан падавіла агнявую кропку праціўніка, а асноўныя сілы партызан пераадолелі загароды з дроту і ўварваліся на тэрыторыю ваеннага гарадка. Аднак частцы нямецкага гарнізона ўдалося прарвацца да танкаў і арганізаваць абарону, адкрыўшы агонь з танкавых пушак і кулямётаў. 3 прычыны стварэння небяспечнага становішча камандзіры 121-га партызанскага палка імя А. М. Касаева і 61-й партызанскай брыгады вымушаны былі даць партызанам каманду адысці на зыходныя пазіцыі.

У баі, які цягнуўся каля 40 хвілін, было забіта больш за 80 і паранена больш як 40 нямецкіх салдат.

  • Ямніцкі бой 1944 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — С. 650. — ISBN 5-85700-012-2.

Зноскі