Перайсці да зместу

Ян Пратасовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Пратасовіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння XVI стагоддзе
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1608
Грамадзянства
Бацька Бенедыкт Васілевіч Пратасевіч[d]
Жонка Пратасовічава з Войнаў[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, перакладчык, пісьменнік
Мова твораў польская

Ян-Бенедыкт Пратасовіч (2-я палова XVI ст., Магільнае — пасля 1608[1]) — паэт i перакладчык Вялікага Княства Літоўскага, яркі прадстаўнік эўрыстычнай паэзіі.

Нарадзіўся ў сям’і Бенедыкта Васілевіча Пратасовіча і Марыны з Палубінскіх, сястры наваградскага кашталяна Аляксандра Палубінскага. Бенедыкт Пратасовіч на Попіс 1567 года выстаўляў 9 «коней» і 7 драбаў (пешых ваяроў), пэўны час трымаў урады войскага гарадзенскага i ключніка троцкага[2], пакінуў сынам — Яну і Мацею — у спадчыну маёнтак Магільна над Гарынню. Бенедыкт і Марыны былі праваслаўнымі, а Ян, напэўна, пасля 1596 года перайшоў ва ўніяцтва або адразу ў каталіцтва[3].

Найбольш імаверна, Ян Пратасовіч атрымаў адукацыю ў якім-небудзь заходнееўрапейскім універсітэце з падтрымкі кагосьці з магнатаў або вялікіх паноў. Сябраваў з падскарбім Тэадорам Тышкевічам-Скуміным і віленскім друкаром Янам Карцанам.

Некаторыя даследчыкі думаюць, што Ян Пратасовіч у 1570—1580 гадах[4] быў віленскім гродскім суддзём[5], але імаверней[3], што гэты ўрад трымаў дзядзька паэта, таксама Ян Пратасовіч[6].

Ажаніўся з дачкой берасцейскага кашталяна Рыгора Войны[3].

Ян Пратасовіч — адзін з пладавіцейшых паэтаў Княства эпохі Рэнесансу. Пісаў на польскай мове. У віленскай друкарні Яна Карцана выйшлі яго паэтычныя кнігі «Паранімфус» (1595), «Эпіцэдыум» (1597), «Партрэт старога чалавека» (1597), «Узор сумленнай белагаловай» (1597), «Ахвярадаўца» (1597), «Inventores rerum…» (1608).

Ян Пратасовіч быў з маладзейшага пакалення паэтаў у шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI ст[7]. Яго творчасць сведчыць пра змены ў жанравай сістэме і тэматыцы паэзіі Княства — на першы план выходзяць сямейна-рытуальныя і маральна-дыдактычныя віды паэзіі, што адлюстроўвала парадыгму настрояў шляхецкага грамадства Рэчы Паспалітай пасля заканчэння Інфлянцкай вайны[8].

Змяшчаў у творах вершаваныя звароты. Прадмовай да тэксту яго «Ялмужніка» быў яго ж вершы «Зварот да Чытача», якімі аўтар коратка выкладаў змест твора, раскрываў сімвалічную сутнасць «ялмужны» (міласціны). На яго думку, той, хто дае міласціну, сам урэшце карыстаецца яе пладамі, бо «ялмужна» ачышчае душу чалавека ад грахоў, пазбаўляе яе тагасветных пакут. Клапотам пра жабракоў і ўбогіх чалавек знаходзіць шлях да Бога, у яго сэрцы нараджаецца дабро і вялікая любоў, ува ўсіх зямных справах на дапамогу яму прыходзяць Божыя слугі — нябесныя анёлы. Для мастацкага метаду Яна Пратасовіча характэрна імкненне раскрываць у вершаваным прысвячэнні сэнс усяго твора. З гэтай мэтаю ён выкарыстоўваў розныя прыёмы. Адзін з іх — самахарактарыстыка героя. Так пабудаваны твор Пратасовіча «Паранімфус», дзе ў прысвячэнні герой распавядаў пра свае абавязкі шафера на вяселлі. Многія творы Пратасовіч прысвячаў пэўным гістарычным асобам, пра што й паведамляў у вершаваных прадмовах. Так, у вершы, які быў прадмовай да «Кантэрфета», распаведзена, што ён напісаны ў гонар князя Аляксандра Палубенскага. Адрасуючы творы знатным людзям, паэт разлічваў на велікадушнасць і шчодрасць мецэнатаў.[9]

  1. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 491. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. Пратасовіч Ян Бенядзіктавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
  3. а б в Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 306. — 376 с.
  4. Анушкін А. І. Ян Пратасовіч з Піншчыны // Помнікі гісторыі i культуры Беларусь 1978. № 4.
  5. Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. —Мінск, 1992. С. 41
  6. Lulewicz H. Protasowicz Jan // Polski słownik biograficzny. T. XXVIII / 3. Zesz. 18. — Wrocław [i inn.], 1985. — S. 521.
  7. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 627
  8. Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 318. — 376 с.
  9. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5