Перайсці да зместу

Япанцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Япанцы
(Wa'ab)
Агульная колькасць 7600 чал.
Рэгіёны пражывання Федэратыўныя Штаты Мікранезіі
Мова япанская
Рэлігія культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чамора, палаўанцы

Япа́нцы, або яп (саманазва: Wa’ab) — карэнныя насельнікі астравоў Яп у Мікранезіі. Агульная колькасць у Федэратыўных Штатах Мікранезіі — 7 000 чал. (2022 г.)[1]. Каля 600 чал. жывуць у ЗША[2].

Паходжанне і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што продкі сучасных япанцаў з’явіліся на астравах Яп каля 1500 г. да н. э. з Філіпін, пра што сведчыць іх мова, якая адносіцца да заходняй групы малайска-палінезійскіх моў аўстранезійскай сям’і. Але генетычныя даследаванні дэманструюць, што ў фарміраванні япанцаў таксама ўдзельнічалі выхадцы з Усходняй Мікранезіі і Меланезіі. Гэта можа азначаць, што да выхадцаў з Філіпін на Япе былі іншыя насельнікі, або тое, што япанцы падтрымлівалі шырокія кантакты падчас пазнейшых вандровак.

У 1525 г. астравы Яп былі адкрыты партугальцамі. Афіцыйна яны ўвайшлі ў склад Іспаніі, але, калі не лічыць не вельмі працяглай працы каталіцкай місіі ў XVIII ст., іспанцы амаль не цікавіліся астравамі. Сталыя кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі ў XIX ст.

У 1899 г. Яп перайшлі ў маёмасць Германіі, пад час I Сусветнай вайны — пад кантроль Японіі, у 1945 г. — пад кантроль ЗША. У 1986 г. быў створаны штат Яп у складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі.

Япанцы здаўна займаліся земляробствам, ловам рыбы, падтрымлівалі цесныя гандлёвыя зносіны з іншымі астравамі Мікранезіі і, магчыма, Заходняй Меланезіі. Яны славіліся як добрыя мараплаўцы і суднабудаўнікі. Умелі вырабляць керамічныя вырабы, хаця і не вельмі дасканалыя.

Характэрнай рысай япанскай культуры было шырокае выкарыстанне мясцовых грошай — ракавін, кавалкаў чарапахавых панцыраў, але найбольш вядомы грошы ў форме велізарных каменных дыскаў з дзіркай пасярэдзіне для магчымай пераноскі з месца на месца. Камень для вырабу такіх грошай здабывалі на Палау або Гуаме, транспартавалі на плытах. Грошы маглі захоўвацца на зямлі іх уладальніка або проста недалёка ад вёскі. Пры заключэнні гандлёвай дамовы жыхары аднаго паселішча звычайна пакідалі дыскі на месцы, але знешнія гандлёвыя кантакты патрабавалі іх перамяшчэння. Акрамя таго, існавалі мужчынскія і жаночыя грошы.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была пашыраная патрылакальная сям'я. Як правіла, у яе склад уваходзіла тры пакаленні — бацькі, дзеці і ўнукі. Зямля належала роду бацькі. Калі япанец не выконваў сваіх сыноўскіх абавязкаў, бацька меў права выгнаць яго. У крытычны момант за яго мог заступіцца род маці, але, у адрозненне ад іншых месц Заходняй Мікранезіі, на Яп роды па матчынай лініі і жаночыя аб’яднанні не мелі значнай улады.

Некалькі вёсак фарміравалі тэрытарыяльную адзінку на чале з правадыром. Паміж імі маглі ўспыхваць канфлікты. У XIX ст. правадыры вобласці Гагіл усталявалі ўладу над астатнімі тэрыторыямі, ад якіх атрымоўвалі натуральную даніну. Падзел Яп на старажытныя тэрытарыяльныя адзінкі існуе да нашай пары. Міграцыя з адной адзінкі ў іншую магчыма толькі са згоды тубыльцаў.

Япанцы зберагаюць многія рысы традыцыйнай культуры, у тым ліку старажытныя вераванні, і да нашых дзён карыстаюцца каменнымі грашыма.

Зноскі