Палаўанцы
Палаўанцы (Belau, ngukokl a Belau) | |
Агульная колькасць | 26600 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Палау |
Мова | палаўанская |
Рэлігія | культ продкаў, політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | чамора, япанцы |
Палаўа́нцы або палау (палаўан.: Belau, ngukokl a Belau) — карэннае мікранезійскае насельніцтва Палау. Жывуць таксама ў ЗША, на Гуаме і іншых краінах. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) - 26 600 чал.[1][2][3]
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Астравы Палау, відавочна, з'яўляюцца найстаражытнейшым месцам у Акіяніі пасля Новай Гвінеі, куды трапіў чалавек сучаснага тыпу. Даследаванне пячор Учэліўнгс і Амедакел у 2006 г. і 2007 г.[4] паказала, што там меліся пахаванні 2890 г. да н. э. - 1420 г. да н. э., якія належылі старажытным людзям вельмі нізкага росту. Вага дарослых мужчын была у сярэднім 43,2 кг, а жанчын — усяго толькі 28,7 кг. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што іх продкі з'явіліся на Палау не пазней за 5 тысячагоддзе да н. э. Аднак сувязь паміж старажытнымі насельнікамі астравоў і сучаснымі палаўанцамі не з'яўляецца даказанай.
Большасць даследчыкаў лічыць непасрэднымі продкамі палаўанцаў аўстранезійцаў, што перасяліліся на Палау ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. з Філіпінскіх астравоў. У адрозненні ад сваіх маларослых папярэднікаў, яны ведалі мараплаўства і земляробства. Гэта тэорыя мае лінгвістычныя[5] і археалагічныя[6][7] падцверджанні. Генетычныя даследаванні паказалі, што паходжанне сучасных палаўанцаў мае змешаны характар[8], так што магчыма асіміляцыя іх продкамі-аўстранезійцамі некаторых груп старажытных абарыгенаў.
Самі палаўанцы мяркуюць, што з'яўляюцца тубыльцамі, нашчадкамі багіні Чуаб, цела якой ператварылася ў іх астравы[9]. Згодна вусным паданням, перасяленне на самы буйны востраў Бабелдааб адбывалася з паўднёвых астравоў. Археолагі высветлелі, што ў сярэднявеччы палаўанцы актыўна займаліся сельскай гаспадаркай і мелі сталыя сувязі з суседнімі Каралінскімі астравамі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1542 г. астравы Палау былі адкрыты іспанцамі і ў XVII ст. фармальна абвешчаны іспанскай тэрыторыяй. Аднак ніякіх захадаў для сапраўднай каланізацыі Іспанія не прадпрымала. У 1783 г. каля Палау адбылося крушэнне брытанскага карабля "Антылопа". Каманда на чале капітана Генры Вільсана выратавалася, і 3 месяцы правяла на беразе. Брытанцы сталі першымі еўрапейцамі, якія пачалі кантакты з мясцовым жыхарамі. Да таго часу сувязі палаўанцаў з іншымі астравамі Мікранезіі перарваліся, мараплаўства абмяжоўвалася прыбярэжным рыбалоўствам. Былі населены толькі 10 астравоў. Іх насельніцтва складала прыкладна 50 тысяч чалавек[10], значна болей, чым у наш час. Ібедул, адзін з мясцовых правадыроў, аказаў дапапомгу Г. Вільсану, за што той узяў яго сына Лібу для адукацыі ў Вялікабрытанію, аднак там хлопец памёр ад воспы[11]. Гісторыя Лібу шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі і ў выніку аказала ўплыў на англійскую асветніцкую літаратуру.
У 1885 г. Іспанія прадпрыняла меры для каланізацыі астравоў. Была створана мясцовая адміністрацыя, праводзілася хрысціянізацыя насельніцтва. У 1899 г. калонія была прададзена разам з іншымі Каралінскімі астравамі Германіі. У 1914 - 1944 гг. краіна знаходзілася ў залежнасці ад Японіі. Каланіяльнае кіраванне суправаджалася ўкараненнем рынкавай эканомікі і забаронай многіх звычаяў. У 1922 г. Корар стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам японскіх уладанняў у Мікранезіі. Яго насельніцтва вырасла да 40 тысяч чалавек, але толькі 10% з іх былі палаўанцамі. Астатнія з'яўляліся перасяленцамі з Японіі і Карэі.
Пасля паражэння Японіі ў II Сусветнай вайне ў 1947 - 1994 гг. астравы Палау знаходзіліся пад апекай ЗША. У пасляваенны перыяд з'явіўся мясцовы нацыянальны рух, што абапіраўся на старадаўнія культурныя традыцыі і развіццё палаўанскай мовы[12]. 1 кастрычніка 1994 г. была абвешчана незалежнасць Рэспублікі Палау.
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Асноўнымі заняткамі палаўанцаў здаўна былі земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва. Земляробства лічылася пераважна жаночай справай. Вырошчвалі тара, маніёк, какосы, бананы, шпінат, дыннае дрэва і г. д.[13] На Палау існавалі простыя формы меліярацыі. Кожная гаспадыня адначасова мела затоплены агарод для тара і звычайны — для іншых культур. Затопленыя агароды злучаліся сеткай невялікіх каналаў з рэкамі і ручаямі. На нізкіх прыбярэжных глебах будаваліся дамбы для абароны пасадак ад марской паводкі. Рыбалоўства, наадварот, разглядлася як мужчынскі занятак[14]. Рыбу лавілі не далёка ад берага, каля каралавых рыфаў. Пры гэтым карысталіся лодкамі, з якіх ныралі ў ваду і білі рыбін гарпунамі. Шырока ўжываліся плеценыя сеткі і пасткі[15]. Збіральніцтвам займаліся і жанчыны, і мужчыны. У лесе, сярод каралаў і манграў збіралі малюскаў, крабаў, яйкі і гнёзды птушак, ядомыя і лекавыя травы, карэнне і плады. Да прыходу еўрапейцаў палаўанцы выраблялі кераміку, займаліся апрацоўкай дрэва, разьбярствам, важную ролю ў гаспадарцы адыгрывала пляценне.
У канцы XVIII - пачатку XX стст. асноўным тыпам паселішча з'яўлялася вёска, якая будавалася пад гарой або пагоркам. У ёй жыло каля дзесяці пашыраных сем'яў, якія ў сваю чаргу падзяляліся на малыя нуклеарныя. Статус пашыраных і малых сем'яў значна адрозніваўся згодна рангам, якія іх чальцы займалі ў грамадстве, прычым рангі перадаваліся па спадчыне. На чале вёскі стала рада правадыроў, якая збіралася ў агульнай абшчыннай хаціне баі. У яе склад уваходзілі правадыры-прадстаўнікі пашыраных сем'яў. Вёска звычайна падзялялася на дзве паловы, размешчаныя адна насупраць другой. На чале іх стаялі па 4 правадыры, улада якіх лічылася амаль безумоўнай. Яшчэ адзін правадыр выступаў у якасці пасрэдніка паміж дзвюмя паловамі. Кожная палова вёскі мела свае мужчынскія і жаночыя аб'яднанні і "клубы", будынкі для збору чальцоў аб'яднанняў. Вёскі былі выцягнутыя у бок мора. Мужчынскія "клубы" будаваліся бліжэй да ўзбярэжжа[16]. Хаціны былі каркаснымі, памяшчаліся на каменныя платформы. Вёскі аб'ядноўваліся ў ваенна-палітычныя федэрацыі.
Паколькі на зямлі працавалі жанчыны, то і зямельная і маёмасная спадчына перадавалася па жаночай лініі. Адлік сваяцтва целунгалек вёўся па маці, а не па бацьку. Палігінія практыкавалася амаль выключна правадырамі. Пры гэтым кожная жонка мела сваю хаціну. Разводы і паўторныя шлюбы лічыліся нармальнай з'явай. Пашыранымі сем'ямі кіравалі рады старэйшых мужчын і жанчын. Правадыр прадстаўляў сям'ю на вясковым сходзе. Ён разглядаўся як недатыкальная асоба. У наш час захаваўся звычай не датыкацца да старэйшых паважаных людзей без асаблівай патрэбы.
У XX ст. працэсы урбанізацыі і іншаземнага ўплыву садзейнічалі разбурэнню традыцыйнага грамадства, зніжэнню ролі сельскай гаспадаркі і згубы правадырамі сваёй улады на карысць выбраных або прызначаных з боку адміністацыі дзеячоў. Але нават са зменамі ў грамадстве палаўанцы працягваюць захоўваць многія цырымоніі, у тым ліку амерсурч (нараджэння), ачэраол (засялення ў новы дом), кемелдзііл (пахавання) і інш. Адметнай рысай народнай культуры з'яўляецца цікавасць да роднай гісторыі. Шырока прадстаўлена вусная традыцыя пераказа гістарычных падзей. Вядомы так званыя "гістарычныя дошкі", на якіх выразалі малюнкі, звязаныя з гісторыяй вёскі або пэўнага правадыра. У мінулым яны захоўваліся ў баі, а ў наш час іх стварэнне разглядаецца як асобны від мастацтва. У старажытнасці была таксама распаўсюджана петрагліфіка.
Танцы звычайна мелі сакральны характар і арганізоўваліся падчас свят, маглі суправаджацца спевамі. З распаўсюджаннем хрысціянства адметнай з'явай у народнай культуры стала харавое выкананне песен. Але песеннае мастацтва не абмежавана толькі рэлігійнымі функцыямі. У традыцыйным грамадстве крытыка і адкрытае высмейванне старэйшых па рангу суграмадзян забаранялася і магло карацца фізічнай расправай. Таму на Палау з'явіўся звычай жартоўных песен, прысвечаных пэўнай асобе. Іх выконвалі ў паўседзённым жыцці або падчас цырымоній. Развіццё турызму садзейнічае пашырэнню цікавасці да традыцыйнага мастацтва сярод моладзі. Штогод у сярэдзіне лета на Палау арганізуецца маляўнічы фестываль мясцовай культуры.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
У аснове старажытнай рэлігіі палаўанцаў знаходзіўся культ продкаў. Багі, сярод якіх асабліва вылучалася багіня Чуаб, разглядаліся як першапродкі сучасных насельнікаў астравоў. Рэлігійныя рытуалы праводзіліся правадырамі або старэйшымі чальцамі абшчыны.
У канцы XIX ст. іспанскія місіянеры распаўсюдзілі каталіцызм. У наш час яго спавядае большасць вернікаў (41,6%), астатнія — пратэстанты і прыхільнікі культу мадэкнгеі.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Палаўанская мова адносіцца да заходнемікранезійскай галіны малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. З'яўляецца афіцыйнай мовай Рэспублікі Палау.
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Palauan
- ↑ Palauan, English-Speaking
- ↑ Sonsorol
- ↑ Lee R. Berger, Steven E. Churchill, Bonita De Klerk, Rhonda L. Quinn, Small-Bodied Humans from Palau, Micronesia
- ↑ Origin of Guam’s Indigenous People
- ↑ Jolie Liston, AN ASSESSMENT OF RADIOCARBON DATES FROM PALAU, WESTERN MICRONESIA
- ↑ The Ancients
- ↑ Genetic Relationships of Micronesian Populations(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 5 студзеня 2014.
- ↑ Legendary Setting
- ↑ Народы Австралии и Океании. / Под ред. С. А. Токорева, С. П. Толстова. - М.: Издательство Академии наук СССР, 1956 С. 738
- ↑ HISTORY OF PALAU
- ↑ Гл.: Arnold H. Leibowitz, Embattled Island: Palau's Struggle for Independence. - Greenwood Publishing Group, 1996
- ↑ globalislands.net
- ↑ Palau Paradise of the Pacific- Legends of Palau
- ↑ Yoshitaka Ota, Socialisation of fishing knowledge: The emergence and transmission of new fishing technology and marine ecological knowledge in the Republic of Palau, Western Micronesia
- ↑ Stephen Wickler, ORAL TRADITIONS AND ARCHEOLOGY:Modeling Village Settlement in Palau, Micronesia
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Lambeth L., An assessment of the Role of Women Within Fishing Communities in the Republic of Palau / by Lyn Lambeth. - Noumea: Secretariat of the Pacific Community, 1999 ISBN 982-203-675-2
- West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009 Р. 629—634 ISBN-13: 978-0-8160-7109-8, ISBN-10: 0-8160-7109-8
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Countries and Their Cultures: Palau
- About Palau: Culture Архівавана 21 снежня 2013.
- Culture of Palau Архівавана 9 ліпеня 2011.
- Palau History, Language and Culture
- Culture — Honorary Consulate of Palau in Belgium
- History of Palau Архівавана 26 лістапада 2013.
- Virginia Luka, Palau: Social and Cultural Changes in a Micronesian Paradise(недаступная спасылка)