Іван Фёдаравіч Хмарун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Фёдаравіч Хмарун
Род дзейнасці будаўнік
Дата нараджэння 8 сакавіка 1916(1916-03-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 лістапада 1998(1998-11-13) (82 гады)
Грамадзянства
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль «За перамогу над Японіяй» медаль «Ветэран працы»

Іван Фёдаравіч Хмарун (8 сакавіка 1916, в. Баравікі, Светлагорскі раён, Гомельская вобласць — 13 лістапада 1998) — Герой Сацыялістычнай Працы (1966).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства прайшло ў в. Баравікі, тут скончыў 7 класаў. З 1930 па 1937 гады працаваў сталяром на будаўнічай базе Шацілкаўскай суднаверфі. У 1937 годзе прызваны на ваенную службу, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, вайне СССР з Фінляндыяй, вызваленні Бесарабіі.

Скончыў Омскае артылерыйскае зенітнае вучылішча. Служыў на Далёкім Усходзе. З 1942 года на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў пад Харкавам. Пасля капітуляцыі Германіі ўдзельнічаў у баях з Японіяй. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.

Працаваў у Мазыры дыспетчарам Воблнарыхтзерне, у Баравіках — брыгадзірам будаўнічай брыгады. У 1950 годзе прыязджае ў Шацілкі (цяпер г. Светлагорск), з 1954 года брыгадзір будаўнічай брыгады, будаваў Васілевіцкую ДРЭС. У 1962 годзе ўзначаліў брыгаду будаўнікоў будтрэста № 20. Брыгада І. Ф. Хмаруна першай у горадзе заваявала званне «Брыгада камуністычнай працы», ёй даручалі самыя адказныя аб’екты: яна будавала першую і другую чаргі завода штучнага валакна, першыя корпусы цэлюлозна-кардоннага камбіната, жылыя дамы.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Звання Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў 11 жніўня 1966 года. Узнагароды: ордэн Леніна (1966), медалі «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй», «Ветэран працы», юбілейныя медалі.

У 1981 годзе пастановай Прэзідыума Светлагорскага гарвыканкама было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Светлагорска»[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]