Антон Канстанцінавіч Антановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Антон Антановіч)
Антон Канстанцінавіч Антановіч
альтэрн.: Антон Канстанцінавіч Антановіч
Дата нараджэння 4 чэрвеня 1910(1910-06-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 снежня 1980(1980-12-27) (70 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці славіст, мовазнавец
Навуковая сфера беларускі арабскі алфавіт, Кітабы, беларускія татары, старабеларуская мова, беларуская і мовазнаўства
Навуковая ступень доктар філалагічных навук (1969)
Навуковае званне

Антон Канстанцінавіч Антано́віч (24 мая 1910, Казлы[1], Навагрудскі павет, Мінская губерня — 27 снежня 1980, Вільня) — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1969), прафесар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 24 мая 1910 года ў Казлы (цяпер — у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці) ў сялянскай сям’і.

У 1928 годзе скончыў польскую сямікласавую школу. Паступіў у Тэхнічную школу у Вільні, якую скончыў у 1932 па спецыяльнасці «тэхнік-паравозчык», аднак ва ўмовах панскай Польшчы знайсці працу па атрыманай спецыяльнасці не змог. Папераменна быў чорнарабочым на будаўніцтве, дыспетчарам на чыгунцы, настаўнікам пачатковай школы на Ашмяншчыне, супрацоўнікам беларускага музея у Вільне (1942—1944). Увесь гэты час настойліва займаўся самаадукацыяй і ў 1944 годзе здаў пры Віленскай мужчынскай гімназіі экстэрнам экзамены на атэстат сталасці. Пасля службы ў Савецкай Арміі (1944―1945) паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Скончыў яго, працаваў старшым бібліёграфам у рукапісным аддзеле навуковай універсітэцкай бібліятэкі. Пасля абароны ў 1961 годзе кандыдацкай дысертацыі, абраны старшым выкладчыкам, затым дацэнтам Віленскага ўніверсітэта. У 1969 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Прафесар А. Антановіч 35 гадоў жыцця аддаў Віленскаму ўніверсітэту. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Навуковая праца[правіць | правіць зыходнік]

Кандыдацкая дысертацыя А. Антановіча з’яўляецца першым спецыяльным даследаваннем помнікаў старога беларускага пісьменства, якія ўзніклі на Літве. За аснову ўзята актавая кніга Ковенскага земскага суда 1566―1567 гг. Гэта рукапіс на паперы аб’ёмам у 237 лістоў вялікага фармату, выкананы беларускім скорапісам XVI стагоддзя. А. Антановіч дэталёва прааналізаваў графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію і лексіку гэтага помніка. Па тэме дысертацыі ім апублікаваны два змястоўныя артыкулы: «Пытанні фанетыкі беларускай актавай мовы XVI ст.» (1960) і «Графіка і арфаграфія судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда» (1961)[2].

Тэмай доктарскай дысертацыі сталі помнікі татарска-мусульманскай пісьменнасці на беларускай мове. Вынікі гэтага даследавання выкладзены Антановічам у кнізе «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма» (1968). Антановічам выяўлены ў архівах, бібліятэках, музеях, а таксама ў прыватных асоб 24 вядомыя і невядомыя дагэтуль рукапісы XVII―пачатку XX ст., з іх 10 хамаілаў (дапаможнікаў дзеля служыцеляў рэлігійнага культу), 8 кітабаў (рукапісных зборнікаў пра жыццё Магамета, апісанне абрадаў і інш.), тэфсіры, 1 тэджвід, беларуска-турэцкі слоўнік 1836 года[3].

А. Антановіч пакінуў багатую навуковую бібліятэку і многа каштоўных навуковых матэрыялаў, ― усё гэта было куплена Віленскім універсітэтам.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Германовіч І. Антон Антановіч // Наша слова. — Мн.: ТБМ, 1990. — № 10.
  • Германовіч І. К. Антановіч Антон Канстанцінавіч // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1984. — Т. 1.
  • Прыгодзіч М. Даследчык беларускіх кітабаў Антон Антановіч // Роднае слова. — 2010. — № 6. — С. 35-36.
  • Жураўскі А. І. Беларуская мова ў мусульманскай літаратуры // Весці АН БССР. Серыя грамадских навук, 1969, № 4
  • Войцік Г., Луцкевіч Л. Антон Антановіч. Серыя «Партрэты Віленчукоў». — Вільня: Выдавецтва Беларусаў Літвы «Рунь», 2002.
  • Антановіч Антон Канстанцінавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 37. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.