Араторыя

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Араторыя (лац.: oratorium, італ.: oratorio) — буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімфанічнага аркестра пераважна эпіка-драматычнага характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драматычным дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Зарадзілася на мяжы 1617 стагоддзяў у Італіі. На пачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або антычныя сюжэты. Росквіт жанру ў 18 стагоддзі звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манументальнай героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, пасіёны якога насычаны глыбокім філасофскім зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нацыянальных культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 стагоддзі адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

Араторыя ў беларускай музыцы[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай музыцы першыя араторыі створаны у 1930-я гады (блізкая да араторыі вакальна-сімфанічная паэма "Над ракою Арэсай" М.Аладава, незакончаная араторыя "Вызваленне" Яўгена Цікоцкага).

У 1960-я гады напісаны араторыі "Песня пра Кубу" С.Картэса, "Званы" Я.Глебава, "Мы—беларусы" К.Цесакова, першая камерная араторыя "Песні Хірасімы" (для чытальніка, салістаў - барытона і сапрана) Дзмітрыя Смольскага.

З 1970-х гадоў беларускія араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найбольш значных — "Мая радзіма" Дз.Смольскага, "Свяці, зара" Я.Глебава, "Зямля Беларусі" У.Дарохіна, "Памяці паэта" С.Картэса, "Памяць Хатыні" В.Войцека, "Хатынь" К.Цесакова.

У 1980-1990-х гадах створаны "Бітва за Беларусь" А.Багатырова, "Лісткі з календара" А.Залётнева, "сказ пра Ігара" і "Іканастас" Л.Шлег, "Зорка паэта" Э.Наско, "Беларускае вяселле" К.Цесакова і інш.

Большасць беларускіх араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадзянскім пафасам. Для іх уласціва апора на беларускую паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці беларускага музычнага фальклору, увядзенне нацыянальных інструментаў.

У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у тым ліку прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя мастацкім мэтам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А - Аршын / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. - Мн.: БелЭн, 1996. - 552 с.: іл.