Багач

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Багач
Багач
«Багач». Памятная манета Нацыянальнага банку Беларусі (2005)
Тып народны
інакш Нараджэнне Божай Маці, Раство, Другая, Малая, Меншая Прачыстая
Значэнне свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Дата (21) верасня
Традыцыі лубок з жытам і падпаленай свечкай абносілі вакол вёскі
Звязана з восеньскага раўнадзенства

Багач (Нараджэнне Божай Маці[1], Багатнік, Багатуха, Гаспожка Багатая, Другая Багародзіца, Раство, Другая Спажа, Другая, Малая, Меншая Прачыстая, Зельная, Другі святок, Спожка) — свята, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю і адначасова змяшчала абрадава-міфалагічны акцэнт на сацыяльна-абшчынны характар уяўленняў (21 верасня па н. ст.). Багач — лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Жыта для Багача зносілі жыхары ўсёй вёскі. Паводле апісання А. Багдановіча, у хату, дзе знаходзіўся Багач, запрашалі святара. Пасля набажэнства лубок з жытам і запаленай свечкай у суправаджэнні ўсіх жыхароў абносіўся па ўсёй вёсцы і вакол статка. Затым удзельнікі ішлі да наступнай хаты, у якую на цэлы год пераносіўся Багач. Відавочная магічная скіраванасць абраду на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу.

Славянскія звычаі[правіць | правіць зыходнік]

Багач у сістэме календара вылучаецца як свята, максімальна набліжанае да ўзвіжанскіх «сонечных» урачыстасцяў. Запаленая свечка як правобраз сонца, крыніцы святла суадносіць абрад са святкаваннем восеньскага раўнадзення. Аб'яднанне свечкі і зерня як сімвала дабрабыту наглядна дэманстравала тыповае для міфапаэтычнага мыслення ўяўленне пра Сонца — жыццядайнага апекуна земляробства.

Святочны дзень не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс араць», «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Ад цяжкіх работ пад восень сяляне добра стамляліся, асабліва жанчыны: «Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы». На Віцебшчыне ў гэты дзень жанчыны хадзілі па ільнішчах і на кожным прыгаворвалі: «Няхай будзе лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі!» У заходніх раёнах на Багача забівалі жывёліну, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, перасцерагалі, што таго барана воўк парве. Назіралі за жывёлай, каб рабіць прагнозы з наступленнем зімы: калі пасля Малой Прачыстай жывёла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Сапраўды, прадчуваючы зазімкі, жывёла рвецца, каб у апошнія дні паболей скубануць свежай травы. Вялікая і Малая Прачыстыя і з імі Пакроў, што адзначаўся неўзабаве, утваралі агульны цыкл багародзіцкіх святаў (святкоў) і адпаведна называліся: першы святок, другі святок і трэці. 3 Малой Прачыстай аб'яўлялі наступную пару года: «Другі святок — восень, браток».

На 21 верасня н. ст. прыпадае адно з галоўных хрысціянскіх святаў, устаноўленых у гонар нараджэння Божай Маці. Два праведнікі — муж і жонка Іякім і Ганна — не мелі дзяцей і малілі Бога паслаць ім дзіця. Іх малітва была пачута. Нібыта цуд, Бог паслаў старым бацькам дачку Марыю, якая ў будучым стала Маці Ісуса Хрыста[2].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Commons

Зноскі

  1. Напісанне свята "Нараджэнне Божай Маці" ў адпаведнасці з Энцыклапедычным слоўнікам рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У.М. Завальнюк, М.Р. Прыгодзіч, В.К. Раманцэвіч. – Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. ISBN 978-985-6954-73-6. С.85.
  2. Санько С., Валодзiна Т., Васiлевiч Ул., 2004. С. 38.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Санько С., Валодзiна Т., Васiлевiч Ул. Беларуская мiфалогiя. Энцыклапедычны слоўнiк — Мн.: «Беларусь», 2004.
  • Беларускі народны каляндар / Алесь Лозка. ― Минск, 1993.
  • Народная культура Беларусі : энцыкл. давед. / Пад агул. рэд. В. С. Цітова. ― Мінск, 2002.
  • Беларускі фальклор : энцыклапедыя. [У 2 т.]. Т. 1. — Мінск, 2005.