Барыс Шчорс
Барыс Шчорс | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі і ваенны дзеяч |
Дата нараджэння | 1916 (?) |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 чэрвеня 1975 |
Месца смерці | |
Бацька | Васіль Шчорс |
Маці | Сафія Шчорс |
Барыс Шчорс (1916 (?) — 6 чэрвеня 1975) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч. Сябра БНП. Брат Мікалая і Ігара Шчорсаў.[1] Беларускі калабарант з нацыстамі ў часы Другой сусветнай вайны.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў 1916 г. у в. Новы Свержань Мінскага павету ў Расійскай імперыі (сёння — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) у сям'і Васіля і Сафіі Шчорсаў. Меў братоў — Мікалая і Ігара.
Скончыў гімназію ў Стаўбцах. У Другую сусветную вайну пасля савецкай акупацыі скончыў у 1940 г. настаўніцкі інстытут у Беластоку. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам паліцыі ў Барысаве. Далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі.
З восені 1944 г. усе Шчорсы разам з жонкамі апынуліся ў Берліне. Пасля вайны быў камендантам беларускага лагера ў Міхельсдорфе. У Міхельсдорфе памёр бацька Васіль Шчорс (жонка Сафія перажыла яго на 34 гады).
У 1948 г. выйшла пастанова амерыканскіх акупацыйных уладаў, што праца лагераў паступова павінна была згортвацца, а іх насельнікі паступова рыхтавацца да выезду ў іншыя краіны. Выехаў у ЗША, жыў у Саўт-Рыверы. Маці Сафія Шчорс арганізавала ў Саўт-Рыверы нефармальны беларускі дзіцячы сад. Барыс быў адным з стаўпоў беларускага жыцця ў Саўт-Рыверы. У 1951 г. ён узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства, узначальваў Беларускі нацыянальны фонд, уваходзіў у склад рэдакцыі саўт-рыверскага часопіса «Беларуская думка». Барыс Шчорс шмат спрычыніўся да арганізацыі харавой і мастацка-выяўленчай дзейнасці ў горадзе, ініцыяваў выдаўніцтва пласцінак хора «Каліна», які доўгія гады паспяхова дзейнічаў у Саўт-Рыверы. Быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады. У 1968-1972 гг. беларусы Саўт-Рывера пабудавалі асобную царкву, а Барыс Шчорс ініцыяваў узвядзенне каля яе асобнага будынку парафіі пад грамадскія патрэбы і арганізацыю грамадскіх святкаванняў. Такім чынам быў пабудаваны Беларускі грамадскі цэнтр з бібліятэкай і архівам, а таксама памяшканнямі пад парафіяльную школу, у якой ў 1960-я навучалася пад 40 малых беларусаў.
Памёр 6 чэрвеня 1975 г. у Саўт-Рыверы ў ЗША. З прычыны смерці Барыса Шчорса шэраг мерапрыемстваў у Саўт-Рыверы быў адменены, у тым ліку і чарговы Пленум Беларускай Цэнтральнай Рады.
Зноскі
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Пантэон Беларусі. Браты Шчорсы Архівавана 2 лютага 2020.