Бенедыкцінцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Святы Бенедыкт з Нурсіі

Бенедыкцінцы — манахі найстарэйшага ў Еўропе каталіцкага манаскага ордэна святога Бенедыкта. Заснаваны ў 530 г. Бенедыктам Нурсійскім у горадзе Монтэкасіна (Італія). Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары (кляўзуры), паслушэнства, устрымання і беднасці. Мэта ордэна — кантэмпляцыя (прывядзенне псіхікі ў стан глыбокай засяроджанасці), фізічная і разумовая праца, выхаванне моладзі. Адным з абавязкаў бенедыкцінцаў было правядзенне ўрачыстай літургіі. У 9—10 ст. кляштары ордэна мелі аўтаномію, карысталіся шматлікімі прывілеямі, сабралі вялікія багацці. Гэта прывяло да адходу ад статута ордэна. Дзеля вяртання да першапачатковых ідэалаў была праведзена Клюнійская рэформа (10—11 ст.), у выніку якой утварыліся новыя кангрэгацыі: картузаў, цыстэрцыянцаў, трапістаў, камедулаў. Бенедыкцінцы адыгралі вялікую ролю ў развіцці каталіцкай тэалогіі, умацаванні каталіцкай царквы і папства. У 13 ст. бенедыкцінцы страцілі першынство, саступіўшы яго дамініканцам і францысканцам. У 1893 г. Папа Леў XIII заснаваў федэрацыю бенедыкцінцаў, якая пацверджана статутам Папы Пія XII у 1952 г. Гэты ж папа ў 1947 г. прысвоіў Бенедыкту Нурсійскаму тытул «Бацька Еўропы», а папа Павел VI у 1964 г. абвясціў яго «патронам Еўропы».

Бенедыкцінцы на Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 11—13 ст. бенедыкцінцы ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці на славянскіх землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ яны прыйшлі з Польшчы, на Беларусі бенедыкцінцы мелі кляштары ў Гарадзішчы каля Пінска, Мінску, Нясвіжы. Былі і жаночыя кляштары, пры якіх існавалі школы для дзяўчынак з шляхецкіх сем'яў. У ВКЛ манашкі-бенедыкцінкі мелі права прышываць да вэлюму крыж з ярка-чырвонага аксаміту, як напамінак пра ахвяры ордэну ў час Паўночнай вайны. Пасля далучэння ВКЛ да расійскай імперыі царскі ўрад аб'яднаў кляштары бенедыкцінцаў і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў у бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг. на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў былі закрыты.