Бернарда Строцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Бернарда Строцы (італ.: Bernardo Strozzi, празваны як Капучына (іт. il Cappuccino, «капуцын»), а таксама як Прэтэ Джэновезэ (іт. il Prete genovese, «Генуэзскі святар»); каля 1581, Генуя — 2 жніўня 1644, Венецыя) — італьянскі мастак, прадстаўнік барока. У многіх адносінах Строцы з'яўляецца характэрным натуралістам. Яго таксама можна прылічыць да караваджыстаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1581 годзе ў Генуі. Вучань Валерыя Кортэ і сіенца П'етра Соры (1595—97).

У 1598 годзе ў семнаццаць гадоў Строцы ўступіў у ордэн капуцынаў і паступіў у капуцынскі манастыр. Прыкладна ў 1610 годзе, калі яму было каля 29 гадоў, Строцы з дазволу генерала ордэна пакінуў манастыр, каб стаць свецкім святаром і тым самым дапамагаць сваёй сям'і, якая засталася без сродкаў.

Паміж 1614 і 1621 годам лічыўся карабельным інжынерам Генуэзскай рэспублікі.

У Генуі Бернарда пазнаёміўся з паслядоўнікамі Караваджа французам Сімонам Вуэ (быў у Генуі ў 1620—1621) і італьянцам Арацыа Джэнтылескі (быў у Генуі ў 1621—1623), гэта адбілася на яго манеры пісьма. Таксама на Строцы паўплывала і знаёмства з творамі Рубенса, ван Дэйка, якія працавалі ў Генуі і пакінулі шмат сваіх карцін.

У 1630 годзе пасля смерці маці ордэн капуцынаў запатрабаваў вяртання Строцы. Ён не пажадаў вяртацца ў манастыр, пасля чаго яго арыштавалі. Аднак Строцы ўдалося збегчы. Ён пасяліўся ў Венецыі каля 1631.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

«Кухарка», паміж 1615-18

Зазнаў уплывы П. П. Рубенса, П. Веранезе. Пісаў напачатку пераважна невялікія абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар капуцынаў для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П'етра д'АрЭна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш.

Партрэт Клаўдзіа Мантэвердзі, 1640. Венецыя, галерэя Акадэміі

Пазней у Венецыі стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф. Эрыца, 1631, і інш.). Сярод іншых твораў: размалёўка скляпення бібліятэкі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш.

Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пешын С. Строцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 9 85-11-0251-2 (Т. 15).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.