Шматгадовая травяністая расліна, густа пакрытая мяккімі валаскамі. Сцябло ўзыходнае, вышынёй да 40 см. Лісце няпарна-перыстае. Пазушныя кветаносы нясуць гронка-галоўчатыя суквецці, якія складаюцца з 10-20 кветак; пялёсткі светла-жоўтыя. Плод — прамастойны касматы струк.
Еўрасібірскі лесастэпавы рэліктавы від з дыз’юнктыўным арэалам. Пашырэнне: Балканскі паўвостраў, Каўказ, Сярэдняя і Усходняя Еўропа, Малая Азія, Манголія, Сібір. Знаходзіцца ў Беларусі ў крайніх усходніх пунктах росту прыбалтыйскага фрагмента арэала, трапляецца ў сухіх хвойніках, на астэпаваных схілах адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі.