Олтуш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Олтуш
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 644 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1651
Паштовыя індэксы
225921
Аўтамабільны код
1
СААТА
1252825051
Олтуш на карце Беларусі ±
Олтуш (Беларусь)
Олтуш
Олтуш (Брэсцкая вобласць)
Олтуш

О́лтуш[1] (трансліт.: Oltuš, руск.: Олтуш) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на ўсходнім беразе Олтушскага возера. Цэнтр Олтушскага сельсавета.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаны за 15 км на поўдзень ад горада Маларыта, 67 км ад Брэста. На аўтадарозе Маларыта — Олтуш. Пункт пропуску на мяжы з Украінай. З украінскага боку яму адпавядае пункт пропуску «Пішча» (укр.: Піща) Шацкага раёна Валынскай вобласці, мае статус міждзяржаўнага (прызначаны толькі для грамадзян Беларусі і Украіны).

Паселішча знаходзіцца на Маларыцкай раўніне. За 1,5 км на паўднёвы захад ад Олтуша краявыя ледавіковыя ўтварэнні фарміруюць спадзістае падняцце, складзенае дыслакаванай тоўшчай з мел-палеагенавых скіб, якія залягаюць пад перамытай марэнай і водна-ледавіковымі адкладамі. Гэта форма канцова-марэннага рэльефа раздзяляе Олтушскае і Арэхаўскае азёры. Яшчэ адзін участак напорнага паводле генезіса дробнаўзгорыста-градавага рэльефу распасціраецца ад Олтуша ў напрамку на поўнач — паўночны ўсход на Збураж і Маларыту[2].

Олтушскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу[3] знаходзіцца каля паўднёва-ўсходняй ускраіны паселішча. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі дняпроўскага ледавіка. Ва ўскрышы пяскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У ваколіцах вёскі ў 1930-я гады знаходзілі крамянёвыя наканечнікі коп’яў, мноства дробных апрацаваных крамянёў — разцы, нажы. Знаходкі сведчаць аб тым, што людзі пасяліліся ў гэтай мясцовасці ў старажытныя часы.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з XVI ст. Упамінаецца ў 1546 годзе ў юрыдычным дакуменце пры апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Згодна з рэвізіяй Берасцейскай эканоміі, у 1566 годзе сяло, цэнтр Олтушскага войтаўства Палескай воласці.

У 1668 годзе налічвалася 32 валокі, 1 валока належала уніяцкай царкве, 19 безгаспадарчых валок, 45 аселых гаспадарак. 26 лістапада 1679 года быў аформлены рэвізорны ліст на Олтушскую царкву, 10 красавіка 1685 года — прывілей, які пацвярджае гэты ліст. Згодна з інвентаром 1682 года, сяло, цэнтр войтаўства Палескага ключа, 68 аселых гаспадарак, 32 валокі зямлі, 2 валокі належалі царкве.

У 1792 годзе прывілей караля Станіслава Аўгуста святару Сымону Паўловічу на каад’юторыю царквы Праабражэння Гасподня ў Олтушы.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло ў пажыццёвае валоданне генерал-маёру Мікалаю Ланскому. У другой палове 19 — пачатку 20 ст. сяло, цэнтр воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні.

У 1854 годзе было 100 драўляных жылых будынкаў. Дзейнічалі валасное праўленне, карчма, царква, капліца, працавалі запасны магазін, школа. У 1859 годзе В. С. Парошын прадаў маёнтак Олтуш калежскаму саветніку А. К. Маймескулу. У 1860-я г. сяло адносілася да маёнтка Олтуш памешчыка Маймескула. У 1862 годзе было адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1878 годзе сяляне в. Олтуш аказалі супраціўленне, адмовіліся плаціць штрафы за выпас жывёлы на панскіх лугах. Паводле рашэння суда апісана і прададзена жывёла.

У 1886 годзе ў Олтушы меліся валасное праўленне, царква, капліца, земскае народнае вучылішча, карчма, млын. У школе вучылася 66 дзяцей (з іх 3 дзяўчынкі). У 1890 годзе было 658 вучняў. У 1881 годзе сяло моцна пацярпела ад пажараў.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У 1921—39 гг. вёска ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1930-я г. тут дзейнічаў Маларыцкі райкам КПЗБ. Працавалі пачатковая школа (у 1937 — 79 вучняў), спажывецкае таварыства.

З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 22 чэрвеня 1942 года фашысты расстралялі 11 мірных жыхароў. На франтах загінулі і прапалі без вестак 22 вяскоўцы.

21 кастрычніка 1949 года арганізаваны калгас імя Калініна. У 1962—65 гг. у Брэсцкім раёне. Цэнтр калгаса «Перамога».

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XVI стагоддзе:
    • 1566 — 31 двор, 79 сем’яў.
  • XVIII стагоддзе:
    • 1795 — 303 рэвізскія душы мужчынскага і 329 жаночага полу
  • XIX стагоддзе:
    • 1854 годзе было 53 двары, 617 жыхароў.
    • 1860-я — 391 рэвізская душа (201 мужчына, 190 жанчын), усяго ў маёнтку — 1536 рэвізскіх душ.
    • 1886 — 53 двары, 572 жыхары.
  • XX стагоддзе:
    • 1905 — 815 жыхароў, у маёнтку — 30 жыхароў.
    • 1921 — 43 двары, 299 жыхароў, у 1930 годзе 117 двароў.
    • 1959 — 485 жыхароў.
    • 1970 — 501 жыхар.
  • XXI стагоддзе:
    • 2000 — 250 гаспадарак, 739 жыхароў.
    • 2005 — 241 гаспадарка, 699 жыхароў.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, 3 магазіны, ашчадны банк, кафэ, лясніцтва, ветучастак.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Во́лтуш, Аўту́ш
  2. Рельеф территории Подлясско-Брестской впадины: монография / Н. Ф. Гречаник, А. В. Матвеев, М. А. Богдасаров; под ред. А. В. Матвеева; Брест. гос. ун-т имени А. С. Пушкина. — Брест: БрГУ, 2013.
  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]