Маларыцкая раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маларыцкая раўніна
Каардынаты: 51°47′50″ пн. ш. 24°04′51″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Маларыцкая раўніна
Маларыцкая раўніна

Маларыцкая раўніна — геамарфалагічны раён на крайнім паўднёвым захадзе Беларусі, на мяжы з Украінай, належыць да Валынскага Палесся. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 35 км пры шырыні 20 км.

У морфаструктурных адносінах раўніна адпавядае цэнтральнай частцы Лукаўска-Ратнаўскага горста. Фундамент знаходзіцца на глыбіні ад −250 да −1000 м. Мелавыя пароды месцамі выходзяць на зямную паверхню. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў ад 10 да 30 м на ўчастках пашырэння марэнных форм.

Геамарфалагічная аснова тэрыторыі прадстаўлена водна-ледавіковымі паверхнямі, у межах якіх выдзяляюцца невялікія прасторы дняпроўскай марэннай раўніны з узгорыста-градавымі формамі і асобнымі ўзгоркамі. Забалочаныя паніжэнні ўзніклі на месцы спушчаных азёр і абмяжоўваюцца берагавымі ўтварэннямі з эолавымі формамі. У рэльефе выдзяляюцца шматлікія ланцужкі азёр, катлаваны якіх маюць карставы генезіс. У шэрагу выпадкаў карставыя дэпрэсіі запоўнены азёрна-балотнымі адкладамі галацэна.

У рэльефе Маларыцкай раўніны спалучаюцца ўзгорыста-градавыя формы, створаныя ў выніку акумуляцыі, напору і выціскання дняпроўскім ледавіковым покрывам. Асобныя тоўшчы дыслакаваны лускаватымі насоўнымі формамі. Галіна краявых утварэнняў цягнецца на 50 км ад даліны Заходняга Буга на Маларыту, уздоўж іх на поўначы выцягнуты Олтушска-Маларыцкі масіў з паралельна-грывістымі формамі. Ён прымеркаваны да найбольш прыўзнятага (Хаціслаўскага) блоку фундамента. Распрасціранне гляцыядыслакацый добра ўзгадняецца з напрамкам разломаў фундамента. На мяжы з Украінай у паўднёва-ўсходнім напрамку цягнуцца насыпныя краявыя ўтварэнні з абсалютнымі вышынямі да 199 м (г. Іосіфа), з перавышэннямі над прылеглай раўнінай да 25 м. На поўначы спадзістахвалісты марэнны рэльеф прасочваецца на вышыні 161 м пры адносных перавышэннях да 5 м. Сярэдняя глыбіня расчлянення не перавышае 5 м/км² і толькі ў межах краявых ледавіковых утварэнняў дасягае 10–15 м/км².

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Якушко О. Ф. и др. Геоморфология Беларуси: Учебное пособие для студентов географических и геологических специальностей — Мн.: БГУ, 1999. — 173 с.