Гаміньдан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гаміньдан
Кітайская нацыянальная партыя
трад. кіт. 中國國民黨
спр. кіт. 中国国民党
піньінь Zhōngguó Guómíndǎng
Выява лагатыпа
Лідар Чжу Лілунь
Заснавальнік Сунь Ятсен
Дата заснавання 24 лістапада 1894 (як Таварыства адраджэння Кітая)
19 кастрычніка 1919 (сучасны стан)
Штаб-кватэра No. 232–234, Sec. 2, Bade Rd., Zhongshan District, Taipei City 104, Taiwan
Краіна
Ідэалогія Тры народныя прынцыпы, Кітайскі нацыяналізм, Сацыял-кансерватызм, Панкітаізм
Інтэрнацыянал
Саюзнікі і блокі Сіняя кааліцыя: Першая народная партыя, Новая партыя
Маладзёжная арганізацыя Моладзевая ліга Гаміньдана
Моладзевая ліга Трох народных прынцыпаў (1938–1947)
Колькасць членаў >1 млн
Гімн «Тры народныя прынцыпы»
Партыйны друк Цэнтральныя штодзённыя навіны
Сайт kmt.org.tw
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гаміньда́н, літаральна Кітайская нацыянальная партыя — кансерватыўная палітычная партыя, адна з асноўных партый Кітайскай Рэспублікі (Тайваня).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўніцтва Сунь Ятсена, раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Засноўнік партыі Гаміньдан, «бацька нацыі» Сунь Ятсен

24 лістапада 1894 года кітайскі грамадскі дзеяч і філосаф Сунь Ятсен у горадзе Ганалулу на Гаваях заснаваў Таварыства адраджэння Кітая. 20 жніўня 1905 года яно аб’ядналася з іншымі кітайскімі антыманархічнымі сіламі, у выніку з’явілася арганізацыя «Тунмэнхой» — рэвалюцыйны альянс з мэтай звяржэння Цынскай дынастыі і ўсталявання рэспублікі ў Кітаі.

«Тунмэнхой» стаў адной з рухаючых сілаў у Сіньхайскай рэвалюцыі, пасля якой 1 студзеня 1912 года абвешчана Кітайская Рэспубліка, часовым яе прэзідэнтам абраны Сунь Ятсен. Аднак Сунь не меў улады над ваеннымі і саступіў пасаду генералу Юань Шыкаю, які 12 лютага арганізаваў адрачэнне Пу І, апошняга імператара Цынскай дзяржавы.

Войска рэвалюцыянераў штурмуе Нанкін, 1911 год

25 жніўня 1912 года ў доме гільдыі Хугуан у Пекіне «Тунмэнхой» і пяць іншых рэвалюцыйных груповак аб’ядналіся ў Нацыянальную партыю для ўдзелу ў першых дзяржаўных выбарах. Лідарам партыі быў абраны Сунь Ятсен, а яго намеснікам — Хуан Сін.

Затым месца Сунь Ятсена заняў іншы ўплывовы рэвалюцыянер — Сунь Цзяочжэнь. Яму ўдалося атрымаць шырокую народную падтрымку, і на выбарах у Нацыянальны Сход у снежні 1912 года Нацыянальная партыя заняла большасць парламенцкіх месцаў.

Але ж, прэзідэнт Юань Шыкай пачаў ігнараваць парламент пры прыняцці рашэнняў. Сун Цзяочжэнь быў забіты ў Шанхаі ў 1913 годзе. Члены Нацыянальнай партыі (цяпер зноў на чале з Сунь Ятсенам) былі ўпэўненыя, што за гэтым стаіць Юань, і ў ліпені 1913 года арганізавалі супраць яго ўзброенае паўстанне, якое называюць Другой рэвалюцыяй, але яно было дрэнна спланавана і войскі Юань Шыкая яго задушылі. Юань распусціў парламент і ліквідаваў Нацыянальную партыю, члены якой у асноўным беглі ў эміграцыю ў Японію. Юань Шыкай абвясціў сябе імператарам у снежні 1915 года.

Знаходзячыся ў выгнанні ў Японіі, Сунь Ятсен заснаваў Кітайскую рэвалюцыйную партыю, але многія з яго старых рэвалюцыйных таварышаў адмовіліся далучыцца да яго або падтрымаць яго намаганні па падрыхтоўцы новага ўзброенага паўстання супраць Юаня. Каб далучыцца да Рэвалюцыйнай партыі, члены павінны былі прынесці прысягу на асабістую вернасць Суню, што многія старыя рэвалюцыянеры лічылі недэмакратычным і супярэчным духу рэвалюцыі. У выніку на нейкі час ён апынуўся ў значнай ступені ў баку ад рэспубліканскага руху.

Сунь вярнуўся ў Кітай у 1917 годзе, каб стварыць ваенную хунту ў Кантоне супраць Пекінскага ўрада, але неўзабаве быў вымушаны пакінуць пасаду і бегчы ў міжнародны сетлмент у Шанхаі. Там, атрымаўшы новую падтрымку, 10 кастрычніка 1919 года ён аднавіў партыю пад назвай Кітайскі Гаміньдан (中國國民黨) і стварыў яе штаб-кватэру ў Кантоне ў 1920 годзе.

З 1923 года Гаміньдан атрымліваў матэрыяльную і кадравую дапамогу ад Камінтэрна, у прыватнасці — ад Савецкага Саюза. Напрыклад, Міхаіл Барадзін быў пасланы ў Кантон, каб дапамагчы рэарганізаваць Гаміньдан на падабенстве да РКБ(б). Таксама падтрымкай савецкай улады карысталася Камуністычная партыя Кітая. Тады Гаміньдан і камуністы сталі хаўруснікамі і стварылі так званы Першы аб’яднаны фронт. Гаміньданаўскія вайсковыя і палітыкі атрымлівалі адукацыю ў Маскве.

20-30 студзеня 1924 года ў Гуанчжоу прайшоў першы партыйны з’езд Гаміньдана, на якім філасофская тэорыя пра Тры народныя прынцыпы Сунь Ятсена была зацверджана як афіцыйная ідэалогія партыі.

Зала Першага партыйнага з’езда Гаміньдана, 1924 год

Кіраўніцтва Чан Кайшы, вайна з Японіяй[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Сунь Ятсена ў 1925 годзе палітычнае кіраўніцтва партыяй пераходзіць да прадстаўніка левага крыла Ван Цзінвэя і прадстаўніка правага крыла Ху Ханьміна. Рэальная ўлада, аднак, застаецца ў руках Чан Кайшы, які, будучы кіраўніком ваеннай акадэміі Вампу, трымаў пад кантролем армію, горад Кантон, правінцыі Гуандун і Гуансі. Кантонскі ўрад нацыяналістаў стаў у апазіцыю ўладзе мілітарыстаў, якія заселі ў Пекіне. У адрозненне ад Сунь Ятсена, Чан Кайшы амаль не меў сяброў-еўрапейцаў і не надта разбіраўся ў заходняй культуры. Практычна ўсе палітычныя, эканамічныя і рэвалюцыйныя ідэі былі запазычаныя Сунь Ятсенам з заходніх крыніц, якія ён вывучаў, знаходзячыся на Гаваях і пазней у Еўропе. Чан Кайшы, насупраць, усяляк падкрэсліваў сваё кітайскае паходжанне і сувязь з кітайскай культурай. Некалькі паездак на захад яшчэ больш падмацавалі яго нацыяналістычныя погляды. Ён актыўна вывучаў кітайскія класічныя творы і кітайскую гісторыю. З усіх трох народных прынцыпаў, абвешчаных Сунь Ятсенам, яму бліжэй за ўсё быў прынцып нацыяналізму. Чан Кайшы таксама ўхваляў ідэю Сунь Ятсена наконт «палітычнай апекі». Грунтуючыся на гэтай ідэалогіі, ён стаў дыктатарам у Кітайскай Рэспубліцы, спачатку ў кантынентальным Кітаі, а пазней на Тайвані.

Чан Кайшы

У 1926—1927 гадах Чан Кайшы ўзначаліў Паўночную экспедыцыю, што прывяло да завяршэння эры мілітарыстаў, і аб’яднаў Кітай пад уладай Гаміньдана. Чан Кайшы стаў галоўнакамандуючым Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміяй. Пры фінансавай і кадравай падтрымцы з боку СССР, Чан Кайшы за дзевяць месяцаў здолеў заваяваць паўднёвую частку Кітая. У красавіку 1927 года, пасля разні чырвонай гвардыі ў Шанхаі, адбыўся канчатковы разрыў паміж Гаміньданам і камуністамі. Нацыяналістычны ўрад, які да таго часу перамясціўся ва Ухань, ссунуў яго з пасады, але Чан Кайшы не падпарадкаваўся і заснаваў свой уласны ўрад у Нанкіне. Калі ў лютым 1928 года Уханьскі ўрад канчаткова зжыў сябе, Чан Кайшы застаўся адзіным дзейным кіраўніком краіны. Пасля захопу Пекіна партыя нарэшце атрымала міжнароднае прызнанне. Тым не менш, сталіца была перанесена з Пекіна ў Нанкін — старажытную сталіцу Імперыі Мін, што паслужыла сімвалам канчатковага адмежавання ад маньчжурскай дынастыі Цын. Перыяд 1927—1937 гадоў, калі Гаміньдан кіраваў Кітаем, атрымаў назву Нанкінскае дзесяцігоддзе.

У 1931 годзе Японія захапіла Маньчжурыю пасля Мукдэнскага інцыдэнта, Камуністычная партыя Кітая заснавала Кітайскую Савецкую Рэспубліку ў правінцыі Цзянсі, вярбуючы гаміньданаўскіх чыноўнікаў і вайсковых. Чан Кайшы разумеў нарастаючую моц камуністаў. Пасля серыі карных аперацый у 1934 годзе Кітайская Савецкая Рэспубліка была ліквідавана, і камуністам давялося шукаць новае месца для базавання. З Паўднёвага Кітаю яны рушылі на поўнач, у правінцыю Шэньсі, дзе быў заснаваны Шэньсі-Ганьсу-Нінсяскі савецкі раён, пры гэтым страцілі больш за 90 % складу Чырвонай арміі. Гэтая падзея атрымала назву Вялікі паход.

У 1936 годзе генерал Чжан Сюэлян арыштаваў Чан Кайшы ў Сіяні (Сіяньскі інцыдэнт) і запатрабаваў спыніць вайну з камуністамі, стварыўшы Другі Аб'яднаны Фронт, саюз з КПК супраць японскай агрэсіі. Грамадзянская вайна спынілася на час кітайска-японскай вайны, якая пачалася ў наступным годзе. У 1941 годзе адбыўся інцыдэнт з новай 4-й арміяй, пасля якога грамадзянская вайна ледзь не аднавілася падчас супраціўлення Японіі.

Японія капітулявала 2 верасня 1945 года. 25 кастрычніка Кітай вярнуў кантроль над востравам Тайвань. Маньчжурыя была акупавана Савецкім Саюзам, які не дазволіў уладам Гаміньдана заняць рэгіён, але перадаў КПК захопленую японскую маёмасць і зброю.

Другая фаза грамадзянскай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Поўнамаштабная грамадзянская вайна паміж камуністамі і нацыяналістамі аднавілася ў 1946 годзе. Адразу пасля паражэння Японіі народна-вызваленчая армія была нязначнай сілай, але праз кароткі час стала набіраць магутнасць. Гаміньданаўцы рабілі апору на абарону буйных гарадоў, што дазваляла камуністычным фарміраванням свабодна рухацца ў сельскай мясцовасці. Камуністычная армія налічвала вялікую колькасць партызан-ветэранаў вайны з Японіяй, якія працягнулі сваю дзейнасць на тэрыторыі Гаміньдана. Разам з гэтым Кітай сутыкнуўся з моцным эканамічным крызісам, што разам з крытычным узроўнем карупцыі канчаткова пазбавіла Гаміньдан народнай падтрымкі. На канец 1949 года Камуністычная партыя Кітая трымала пад сваім кантролем большую частку краіны. Маа Цзэдун абвясціў стварэнне Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сілы Гаміньдана збеглі на востраў Тайвань. Некаторыя партыйныя функцыянеры засталіся ў кантынентальным Кітаі, спынілі зносіны з кіраўніцтвам і заснавалі Рэвалюцыйны камітэт Гаміньдана, які цяпер вядомы як адна з васьмі малых партый у КНР. 21 студзень 1949 года Чан Кайшы падаў у адстаўку, выканаўцам абавязкаў прэзідэнта быў прызначаны віцэ-прэзідэнт Лі Цзунжэнь, але ў 1952 годзе Чан вярне сабе прэзідэнцкую пасаду.

На Тайвані[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарытарны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Чан Кайшы заставаўся прэзідэнтам Кітайскай Рэспублікі да самай сваёй смерці 5 красавіка 1975 года. Яго месца заняў сын Цзян Цзінго, які стаў старшынёй партыі і прэзідэнтам краіны. Гаміньдан кантраляваў Тайвань ва ўмовах аўтарытарнай аднапартыйнай сістэмы да канца 1970-х гадоў, калі пачаты рэформы, якія працягваліся паўтара дзесяцігоддзі і ператварылі Тайвань у дэмакратычную дзяржаву. Хоць афіцыйна апазіцыя не была дазволена, на мяжы 1970-1980-х гадоў з’явіліся групы «данвай» («па-за партыі»), дзейнасць якіх не забаранялася. У 1980-х гадах у межах аднапартыйнай сістэмы пачалі распрацоўвацца варыянты дэмакратызацыі палітычнага жыцця. У 1986 годзе на востраве з’явілася другая партыя — Дэмакратычная прагрэсіўная партыя (ДПП).

Дэмакратызацыя[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1988 года памёр Цзян Цзінго, прэзідэнтам Кітайскай Рэспублікі і партыі Гаміньдан стаў Лі Дэнхуэй — першы ўраджэнец вострава Тайвань на гэтых пасадах.

21 снежня 1992 года пад ціскам апазіцыі былі праведзены першыя свабодныя шматпартыйныя парламенцкія выбары. На іх Гаміньдан атрымаў 53 % галасоў, ДПП — 31 %.

У 1996 годзе адбыліся прамыя прэзідэнцкія выбары, на якіх выў абраны Лі Дэнхуэй — першы ўраджэнец вострава Тайвань на гэтай пасадзе.

У апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

На прэзідэнцкіх выбарах 2000 года афіцыйным кандыдатам ад Гаміньдана быў вылучаны віцэ-прэзідэнт і экс-прэм’ер Лянь Чжань. Экс-губернатар правінцыі Тайвань Джэймс Сун, які прэтэндаваў на вылучэнне ад Гаміньдана, выйшаў з партыі і прыняў удзел у выбарах як незалежны кандыдат. Электарат Гаміньдана падзяліўся паміж двума кандыдатамі: Джэймс Сун набраў 36,8 % і заняў другое месца, нехарызматычны Лянь Чжань набраў 23,1 %. Прэзідэнтам Кітайскай Рэспублікі стаў кандыдат ад апазіцыі — Дэмакратычнай прагрэсіўнай партыі — Чэнь Шуйбянь, які набраў 39,3 % галасоў. Гаміньдан упершыню за паўстагоддзя страціў уладу ў краіне, захаваўшы, аднак, панавальнае становішча ў парламенце. Джэймс Сун пасля выбараў заснаваў Першую народную партыю, якая набрала на парламенцкіх выбарах 2001 года 20,3 %. Найбольшую колькасць галасоў атрымала ДПП (36,6 %), Гаміньдан заняў другое месца (31,3 %). Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2004 года Гаміньдан і Першая народная партыя сфарміравалі Вялікую сінюю кааліцыю і вылучылі агульных кандыдатаў (Лянь Чжаня ў прэзідэнты, Джэймса Суна — у віцэ-прэзідэнты), якія набралі 49,89 %. Чэнь Шуйбянь зноў перамог з вынікам 50,11 %. У сакавіку 2005 года дэлегацыя партыі Гоміньдан з Тайваня, якую ўзначальваў намеснік старшыні партыі Цзян Бінкунем, пачала першае за папярэднія 56 гадоў афіцыйнае наведванне кантынентальнай часткі краіны. 29 красавіка 2005 года генеральны сакратар ЦК КПК Ху Цзіньтаа правёў у Пекіне афіцыйныя перамовы са старшынёй партыі Гаміньдан Лянь Чжанем — першыя перамовы паміж вярхоўнымі кіраўнікамі КПК і партыі Гаміньдан за апошнія 60 гадоў.

Вяртанне да ўлады[правіць | правіць зыходнік]

22 сакавіка 2008 года кандыдат Гаміньдана Ма Інцзю перамог на выбарах прэзідэнта, набраў 58 % галасоў і апярэдзіў свайго саперніка, прадстаўніка ДПП экс-прэм’ера Фрэнка Се на 16 %. На прэзідэнцкіх выбарах 2012 года зноў перамог Ма Інцзю з вынікам 51,6 %. На мясцовых выбарах у лістападзе 2014 года Гаміньдан пацярпеў сур’ёзнае паражэнне. З прычыны гэтага 3 снежня 2014 года Ма Інцзю сышоў у адстаўку з пасады старшыні партыі. Новым старшынёй абраны мэр Сіньбэя Чжу Лілунь. Кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2016 года вылучана Хун Сючжу (нар. 1948), якая займае пасаду віцэ-старшыні Заканадаўчага Юаня. 17 кастрычніка 2015 года кандыдатам у прэзідэнты ад Гаміньдана вылучаны Чжу Лілунь, які замяніў раней вылучаную Хун Сючжу.

Зноў у апазіцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 2016 года і на выбарах 2020 года Гаміньдан ператварыўся ў апазіцыйную партыю. Пры гэтым узрост сябраў партыі няўхільна павялічваецца: у верасні 2021 года менш за 4 % сябраў партыі, якія маюць права галасавання, былі маладзейшыя за 40 гадоў. У лістападзе 2022 года адбыліся мясцовыя выбары, у якіх Гаміньдан перамог кіруючую Дэмакратычную прагрэсіўную партыю ў большасці акруг і гарадоў (асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частцы Тайваня).

Ідэалогія[правіць | правіць зыходнік]

Антыкамунізм[правіць | правіць зыходнік]

28 лютага 1947 года Гаміньдан задушыў антыўрадавае паўстанне на Тайвані, вядомае як Інцыдэнт 228, распачаты Белы тэрор на востраве, каб знішчыць камуністычных шпіёнаў і прадухіліць кітайскую камуністычную дыверсію. Знаходзячыся на Тайвані, урад Кітайскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Гаміньдана заставаўся антыкамуністычным і спрабаваў вярнуць мацярык. Падчас Халоднай вайны Тайвань называлі Свабодным Кітаем, тым часам як Кітай на мацерыку быў вядомы як Чырвоны Кітай або Камуністычны Кітай, каб адзначыць ідэалагічную розніцу паміж капіталістычным «свабодным светам» і камуністычнымі дзяржавамі. Урад Кітайскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Гаміньдана таксама актыўна падтрымліваў антыкамуністычныя рухі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і па ўсім свеце. Гэтыя намаганні не спыняліся да смерці Чан Кайшы ў 1975 годзе. Гаміньдан працягваў быць антыкамуністычным у перыяд Цзян Цзінго. Кантакты паміж Гаміньданам і Камуністычнай партыяй Кітая пачаліся з 1990-х гадоў з мэтай аднаўлення адносін кітайскіх дзяржаў. Нягледзячы на тое, што антыкамунізм запісаны ў статуце партыі Гаміньдана, сучасны Гаміньдан цяпер разглядаюць як прыязны да КНР.

Тры народныя прынцыпы[правіць | правіць зыходнік]

Сунь Ятсен быў не толькі заснавальнікам Кітайскай Рэспублікі, але і заснавальнікам Гаміньдана. Палітычная ідэалогія Сунь Ятсена была заснавана на пабудове свабоднага і дэмакратычнага Кітая на базе трох народных прынцыпаў, а менавіта народаўладдзі, народным дабрабыце і нацыяналізме. Нягледзячы на тое, што Гаміньдан страціў кантроль над мацерыковым Кітаем у 1949 годзе, Кітайская Рэспубліка пад кіраўніцтвам Гаміньдана здолела дасягнуць палітычнага ідэалу дэмакратычнага Кітая на востраве Тайвань, заснаванага на трох прынцыпах. Яны запісаны не толькі ў Канстытуцыі Кітайскай Рэспублікі, але і ў артыкулах 1, 5, 7, 9, 37, 42, 43 партыйнага статута Гаміньдана.

Кітайская дэмакратыя[правіць | правіць зыходнік]

Гаміньдан выступае за свабодны і дэмакратычны Кітай, заснаваны на трох народных прынцыпах. У 1980-я гады Цзян Цзінго выступаў за вялікі альянс за ўз'яднанне Кітая ў адпаведнасці з трыма народнымі прынцыпамі. Да гэтага часу партыя Гаміньдан выступае за аб’яднанне Кітая ў адпаведнасці з вучэннем свайго заснавальніка. Сёння Гаміньдан працягвае разглядаць Кітайскую Рэспубліку як свабодны, дэмакратычны і легітымны Кітай.

Кітайскі нацыяналізм[правіць | правіць зыходнік]

Гаміньдан увесь час свайго існавання выступаў за нацыяналізм, але доктар Сунь Ятсен меў сваё тлумачэнне гэтага паняцця. Раней прынцып нацыяналізму значыў развіццё грамадзянскага нацыяналізму і яднанне пяці народнасцей Кітая ў барацьбе з іншаземным імперыялізмам. Цяпер пад гэтым паняццем разумеюць непадзельнасць Тайваня і Кітая, як агульнай этнічна-культурнай прасторы, за што змагаецца Гаміньдан. Супрацьстаіць гэтай ідэі рух за незалежнасць Тайваня, які намагаецца аддзяліць востраў ад агульнакітайскага мінулага і абвясціць Кітайскую Рэспубліку «Рэспублікай Тайвань».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі