Гуараю

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гуараю
(Gwarayú)
Фота 1908 г. або 1909 г.
Агульная колькасць 12000 (2021)
Рэгіёны пражывання Балівія
Мова гуараю
Рэлігія шаманізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы тупі, гуарані, чанэ, ваямпі

Гуараю, таксама гуараё (саманазва: Gwarayú, ісп.: Guarayos) — індзейскі народ на поўначы Балівіі. Агульная колькасць (2021 г.) — 12 000 чалавек[1].

Гуараю маюць агульнае паходжанне з індзейцамі тупі і гуарані, аднак у адрозненне ад апошніх здаўна з’яўляюцца аселымі земляробамі. Паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва адыгрываюць толькі другасную ролю. Асноўныя земляробчыя культуры: маніёк, кукуруза, тытунь, бавоўнік. Сучасныя гуараю таксама трымаюць свойскую жывёлу, працуюць на лесанарыхтоўчых прадпрыемствах.

Да перыяду іспанскай каланізацыі гуараю знаходзіліся пад уплывам дзяржавы інкаў. Пасля яе ліквідацыі ўдзельнічалі ў нападах на іспанскія паселішчы ў раёне ўсходніх Анд, супраціўляліся хрысціянізацыі. Мяркуецца, што ў XVII ст. гуараю асімілявалі значную колькасць гуарані, што мігрыравалі з тэрыторыі сучаснага Парагвая пад ціскам бразільскіх бандэйрантаў. Гуараю таксама пакутавалі ад нападаў гандляроў рабамі і захворванняў, завезеных еўрапейцамі.

Паспяховая хрысціянізацыя гуараю адбылася толькі ў першай палове XX ст. пад уплывам нямецкіх францысканцаў. Хаця з пачаткам II сусветнай вайны ўрад Балівіі ліквідаваў францысканскія місіі, створаная імі сацыяльная сістэма засталася актуальнай. У нашы дні існуе 78 паселішчаў гуараю, дзе створаны тэрытарыяльныя абшчыны. Фармальна большасць зямельнага фонду знаходзіцца ў прыватнай маёмасці, аднак кантралюецца абшчыннымі радамі. Існуе супольны Цэнтр арганізацыі нацыянальных паселішчаў гуараю (COPNAG).

Гуараю вядомы прыкладнымі мастацтвамі, вырабляюць на продаж музычныя інструменты, у тым ліку традыцыйныя.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]