Гіпіка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ілюстрацыі Т. Макоўскага да кнігі «Гіпіка, альбо Кніга пра коней»

«Гіпіка, альбо Кніга пра коней» — асноўная літаратурная праца Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, якая складаецца з чатырох частак (кніг). Упершыню надрукава ў 1603 годзе ў кракаўскай друкарні Анджэя Пётркоўчыка. Датуль у Рэчы Паспалітай не было ніводнага дапаможніка па конегадоўлі і коннай яздзе. Кніга напісана на польскай мове, ужываючы лацінскія цытаты і італьянскія тэрміны.

У першай распавядаецца пра міфалагізаваную гісторыю каня і коннай язды, пра конскія масці і прыкметы, пра падбор вытворнікаў і вырошчванне племяннога маладняка. Кніга другая прысвечана галоўным чынам прыручэнню і пачаткам выездкі маладых жарэбчыкаў. У трэцяй паказаны ўзоры муштукоў і цугляў з апісаннем іх уздзеяння. Кніга чацвёртая — «Гіпіятрыя» — ветэрынарны лячэбнік.

У значнай частцы «Гіпіка» — кампіляцыя з трактатаў настаўнікаў ужо згаданай Неапалітанскай вышэйшай школы коннай язды. К. Дарагастайскі таксама праштудзіраваў велізарны аб'ём самай рознай тагачаснай навуковай літаратуры і таму свабодна цытаваў у «Гіпіцы» як антычных аўтараў — Ксенафонта, Галена, Арыстоцеля і інш., так і амаль сваіх сучаснікаў — Іаахіма Камерарыя, Джыралама Кардана, Жана Фернэля і інш. Таксама К. Дарагастайскі падзяліўся ў «Гіпіцы» ўласным вопытам як падарожніка, конназаводчыка, лекара, прыродазнаўца, воіна наконт коней. «Гіпіку» ўпрыгожваюць вершы Вергілія і любімага К. Дарагастайскім паэта Марцэла ў арыгінале — на лаціне; у большасці выпадкаў Крыштаф Дарагастайскі даў тут жа ўласныя пераклады іх на польскую мову. Пра свае медыцынскія вопыты аўтар расказаў у Кнізе чацвёртай. На старонках «Гіпікі» згадана значная колькасць лекавых раслін і хімічных рэчываў. Аўтар задумаў «Гіпіку» як навукова-папулярнае выданне, выклаў яе жывой мовай і з гумарам. Яна змяшчае нямала цікавых выпадкаў, жартаў, прыказак і прымавак, каларытных дэталей свайго часу. Зразумела, не абышлося тут без забабонаў і памылковых суджэнняў. Упершыню выклаўшы на паперы тое, што ўсім, здавалася б, было знаёма з дзяцінства, аўтар прадбачыў кпіны ганарлівых невукаў. Але быў упэўнены, што праца ягоная паслужыць на карысць многім. І сапраўды, «Гіпіка» была настольнай кнігай у адукаваных гаспадароў. Яе папулярнасці садзейнічала прыдворная мода на манежную язду і конныя каруселі, якая дайшла да нашага краю ў 18 ст. Перавыдавалася «Гіпіка» 5 разоў: у 1620 (Познань), 1647, каля 1700 і 1730, 1861 (усе 3 выдання ў Кракаве).

У перакладзе на беларускую мову «Гіпіка» выйшла ў 2007[1], пераклад рабіўся з мікрафільмаў — копіі першага выдання 1603, якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, зверка рабілася з выдання 1730, якое захоўваецца тамсама, і з апошнім выданнем 1861.

Зноскі

  1. Гіпіка, альбо Кніга пра коней / Крыштаф Монвід Дарагастайскі; уклад. Святлана Ішчанка, В. Дубоўскі, пер. з польскай С. Ішчанка, Г. М. Брэгера. — Мінск, Юніпак, 2007. — 216 с. іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]