Гіраскоп

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Гіраскоп у карданным падвесе

Гіраскоп (ад ст.-грэч. γῦρος «круг» і σκοπέω «гляджу») — сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы.

Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артылерыйскія снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і іншыя целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.

Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутранага і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае тры ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп называецца ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе і адначасова робіць нутацыйныя ваганні.

Гіраскоп з трыма ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтаматычнага кіравання рухам самалётаў (аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскопы з дзвюма ступенямі свабоды выкарыстоўваюцца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя трох гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб'екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Болсун А. Гіраскоп // БЭ ў 18 т. Т. 5. Мн., 1997.