Давыд Гарадзенскі
Давыд Гарадзенскі (? — 1326) — вялікалітоўскі палкаводзец, староста гарадзенскі, зяць вял.кн. Гедыміна.
У нямецкіх хроніках называецца кашталянам або старостам Гарадзенскага замка, у Пскоўскім летапісе — князем. На думку В. Тацішчава, быў сынам пскоўскага князя Даўмонта і гэта меркаванне пашыранае, але пацверджанняў не мае. Упершыню Давыд Гарадзенскі ўзгадваецца у хроніцы П. Дусбурга пад 1314 годам, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў. У 1319 узначальваў паход вялікалітоўскага войска супраць Ордэна ў Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову супраць Лівонскага ордэна, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы. У 1324 у час крыжацкага паходу быў разбураны яго маёнтак Давыдзішкі ў Літве. У тым жа годзе вадзіў войска ў Мазовію, у 1326 — на дапамогу польскаму каралю Уладзіславу Лакатку супраць маркграфства Брандэнбургскага. У гэтым паходзе быў забіты ў спіну мазавецкім рыцарам Анджэям Госцем, які, магчыма, быў падкуплены крыжакамі[1]. Пахаваны ў Гродне, каля Барыса-Глебскай царквы[Крыніца?].
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5. — Мінск, 1997. С. 565
