Гедзімін

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Gedimin grav xvii.jpg

Гедзімін, Гедымін[1] (~1275 — 1341) — вялікі князь літоўскі (~13161341).

Змест

Паходжанне [правіць]

Гістарыяграфічная традыцыя лічыць Гедзіміна сынам Віценя. У 2-й пал. 15 стагоддзя існавала і тэндэнцыйная версія, зафіксаваная ў хроніцы Яна Длугаша і ў маскоўскіх крыніцах, паводле якой Гедзімін быў конюхам Віценя, забіў свайго гаспадара і захапіў уладу. Аднак у лісце Гедзіміна да рыжскіх ратманаў ён сам завець Віценя братам, такім чынам праўдападобна з'яўляецца сынам Будзівіда. Некаторыя сучасныя даследчыкі лічаць Гедзіміна зяцем яцвяжскага князя Команта. Апроч Віценя ў Гедзіміна вядома яшчэ два браты — Воін і Фёдар.

Жыццё і дзейнасць [правіць]

Панаванне Гедзіміна пачалося паміж кастрычнікам 1315 года (апошняя згадка Віценя) і чэрвенем 1317. Пачатак панавання Гедзіміна вызначыўся стварэннем у ВКЛ самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху (існавала ў 13171330 гадах, цэнтр — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам. Не пазней за 1320 год Гедзімін заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў яго галоўнай рэзідэнцыяй. Каля 1321 года Гедзімін пабудаваў у Вільні касцёл манахаў-францысканцаў і аднавіў іх касцёл у Новагародку, пабудаваны яшчэ Віценям і спалены ў выніку нападу крыжакоў.

У 1318 сын Гедзіміна Альгерда ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедзіміна Марыі з вялікім князем цвярскім Дзмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны саюз з Вялікім княствам Цвярскім. У 1322 іншы зяць Гедзіміна і яго намеснік у Гародні Давыд Гарадзенскі быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Ноўгарада. Каля 1322 пад уладу ВКЛ перайшлі Берасцейшчына і Падляшша, праўда аб гэтым паведамляюць толькі познія летапісы (ўскосна пацвярджаецца пералікам ваявод Галіцка-Валынскага княства 1335 года ў якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 адбыўся набег літоўскага войска на наўгародскую воласць Вялікія Лукі. Пад непасрэдную ўладу Гедзіміна адышлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі. Актыўная палітыка Гедзіміна на Русі выклікала канфлікт з Залатой Ардой. Падчас візіту папскіх легатаў ён быў вельмі занепакоены ардынскімі справамі, а ў 1325 годзе адбылася татарская ваенная выправа на ВКЛ.

У маі 1323 Гедзімін праз Рыгу звярнуўся з шэрагам лістоў да рымскай курыі, Ганзы, саксонскіх рэзідэнцый францысканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедзімін, тытулаваны як «кароль Літвы і Русі, ўладар і князь Земгаліі», выказваў намер прыняць каталіцтва, запрашаў у ВКЛ манахаў і майстроў розных спецыяльнасцей, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 года Гедзімін заключыў мір з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі (так званы Дагавор 1323 года). Межы ВКЛ і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэння людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, ў пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпеню — аблога войскамі ВКЛ ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысціць Гедзіміна. Аднак у апошні момант Гедзімін адмовіўся ад прыняцця каталіцтва, задаволіўшыся мірам з Тэўтонскім ордэнам, заключаным у лістападзе 1324 года з дапамогай легатаў. Адначасова Гедзімін наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Ганну за Казіміра, сына караля Уладзіслава Лакетка.

Полацкім князем быў брат Гедзіміна Воін, а менскі князь Васіль быў у васальнай залежнасці ад яго. З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі ВКЛ з Полацкай зямлёй не перапыняліся, а яшчэ больш узмамацніліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе рабілі пасольства Гедзіміна ў Ноўгарадзе (Воін узначальваў яго), вынікам якога стала заключэнне міру з Ноўгарадам і аднаўленне міру з Лівоніяй. Сфера ўплыву Гедзіміна на Русі няўхільна пашыралася. З 1327 па 1329 год у Пскове пасля Давыда княжыў цвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедзіміна.

У 1326 Гедзімін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбургскага маркграфства. А ў 1328 умяшаўся ў канфлікт паміж рыжскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Восенню 1329 ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладанні ордэна, а вясной 1330 — ўладанні рыжскага архібіскупа. Аднак канфлікт скончыўся паражэннем гараджан і заключэннем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 года), што прывяло да аднаўлення вайны паміж ВКЛ і крыжакамі. Сумесны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 года. У адказ у верасні гэтага ж года Гедзімін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыццявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на ВКЛ сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацка), 1334 (да Полацка), 1339, 1340.

Дуб каля Баербурга ля якога па паданні загінуў Гедзімін

Аднаўленне вайны на захадзе не спыніла рускіх спраў Гедзіміна, хоць і ўскладніла іх. Саюзнік Гедзіміна цвярскі князь Аляксандр у 1329 страціў Пскоў, але ў 1331 у другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337. У 1331 Гедзімін зрабіў няўдалую спробу правесці на вакантны наўгародскі епіскапскі сталец свайго вылучэнца Арсенія. Пра памер уплыву Гедзіміна на Русі ў гэты час сведчыць тое, што другі кандыдат у епіскапы, якога Гедзімін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок (Гл. таксама: Фёдар Кіеўскі). Саюзнікамі Гедзіміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч, казельскі князь Аляксандр Мсціславіч — зяць Гедзіміна. У 1331 Гедзімін аддаў сваю дачку Еўфімію за галіцкага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 сын Гедзіміна Нарымонт быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага саюзу паміж ВКЛ і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага князя Івана Каліты. Аднак Гедзімін у 1333 аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. У 1335 годзе Нарымонт з'ехаў з Ноўгарада і стаў княжыць у Полацку і, магчыма, Пінску, але захаваў сваіх намеснікаў у шэрагу наўгародскіх валасцей (у Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор'я).

У пазнейшых крыніцах паведамляецца пра заваяванне Гедзімінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасць даследчыкаў слушна лічыць міфічным. Кіевам у 13311363 годзе валодаў князь Фёдар, які падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. Магчыма, спробы пашырыць уплыў ВКЛ на Кіеў выклікалі новую татарскую ваенную выправу на ВКЛ (1338). У 1340 памёр апошні галіцкі князь Баляслаў-Юрый, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедзіміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж ВКЛ, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо пасля смерці Гедзіміна. Ён загінуў зімой 13411342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баербург, стрэлам з агнястрэльнай зброі. На падставе чэшскай крыніцы існуе версія пра атручэнне Гедзіміна, але не вельмі надзейная.

Падчас панавання Гедзіміна ВКЛ стала моцнай ўсходнееўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі былі ўзведзеныя ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Пачалося запазычанне першых элементаў заходнееўрапейскай культуры. Адначасова Гедзімін паклаў падмурак рускаму вектару палітыцы ВКЛ, які развіваўся ў наступныя дзесяцігоддзі.

Шлюбы і дзеці [правіць]

Колькасць шлюбаў Гедзіміна дыскусійная — два або тры.


Гл. таксама [правіць]

Зноскі

  1. Паводле меркавання, напр., М. Ермаловіча, правільнай беларускай формай імя з'яўляецца форма са змякчаным «д», т.ч. з «дз» — «Гедзімін». Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр "Бацькаўшчына": МП "Бесядзь", 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6. C.10.

Літаратура [правіць]