Мацей Стрыйкоўскі
| Мацей Стрыйкоўскі Maciej Stryjkowski |
|
| Мацей Стрыйкоўскі (гравюра, 1582) | |
| Дата нараджэння: | 1547 |
|---|---|
| Месца нараджэння: | Стрыкаў |
| Дата смерці: | паміж 21 кастрычніка 1586 і 1593 |
| Падданства: | |
| Род дзейнасці: | гісторык, паэт, пісьменнік, дыпламат, святар |
Мацей СТРЫЙКОЎСКІ (польск.: Maciej Stryjkowski; 1547, Стрыйкоў, Мазовія — 1593) — польскі гісторык, паэт і пісьменнік і дыпламат, каталіцкі святар.
Паходзіў са шляхецкага роду. У 1561 скончыў прыхадскую школу ў Бжэзінах. У 1567—1570 вучыўся ў Кракаўскай акадэміі. Большую частку жыцця правёў на землях ВКЛ. Служыў у вялікалітоўскім войску, магчыма, удзельнічаў ва ўзяцці Улы (жнівень 1568) і абароне Віцебска (верасень 1568). У 1572—1574 служыў у віцебскім гарнізоне пад начальствам Аляксандра Гваньіні, у гэты час пачаў працу над гісторыяй ВКЛ. Пад канец службы здзейсніў падарожжа па Заходняй Дзвіне. У 1574 прыняў пасвячэнне на капелана. У 1574—1575 быў у складзе пасольства А. Тарноўскага ў Асманскую імперыю. У 1576—1578 жыў пры двары Алелькавічаў у Капылі і Слуцку. У 1579 з пратэкцыі Мельхіёра Гедройца стаў канонікам Жамойцкім (у Медніках) і пробашчам у Юрбарку. Найбольш вядомая праца — Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі (1582).
Бібліяграфія [правіць]
- Goniec cnoty (Кракаў, 1574)[1]
- O początkach… sprawach rycerskiego sławnego narodu litewskiego (1577, засталася ў рукапісе; выд. 1978)[2]
- Sarmatiae Europeae descriptio (1578)[3]
- Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi (Кёнігсберг, 1582; выд. 3, 1846)[4]
Зноскі
- ↑ Генеалагічная паэма прысвечаная валадарам Польшчы і ВКЛ.
- ↑ Вялікая эпічная паэма. Апісвае падзеі ў ВКЛ, у значнай частцы тоесная Хроніцы Быхаўца.
- ↑ Першапачаткова выдана пад імем Аляксандра Гваньіні, начальніка М. Стрыйкоўскага, аўтарства апошняга даведзена праз суд.
- ↑ Апісвае падзеі ў Рэчы Паспалітай да 1581, аздоблена вершаванымі ўстаўкамі асабістага сачынення па польскай мове. З'яўляецца кампіляцыяй хронік Яна Длугаша, Мацея Мехавіты і інш.
Літаратура [правіць]
- Wojtkowiak, Z. Maciej Stryjkowski — dziejopis Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1990. (польск.)
- Семянчук А. Мацей Стрыйкоўскі // Вялікае Княства Літоўскае. У 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 638. — 788 с.: іл. с. — ISBN 985-11-0378-0