Дом Хундэртвасэра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дом Хундэртвасэра

Дом Хундэртвасэра (ням.: Hundertwasserhaus) — жылы дом у Вене, Аўстрыя. Пабудаваны па праекце аўстрыйскага мастака і архітэктара Фрыдэнсрайха Хундэртвасэра ў 19831986 гадах сумесна з архітэктарам Ёзэфам Кравінай. Адрас: Kegelgasse 36-38, A-1030 Wien, вугал з Löwengasse 41-43. З 2010 года выкарыстоўваецца афіцыйная назва Дом Хундэртвасэра-Кравіны[1].

Будынак адрозніваецца «пагорыстай» паверхавасцю, дах пакрыты глебай, хмызнякамі і травой. Усярэдзіне некаторых пакояў-ніш высаджаны дрэвы. У доме Хундэртвасэр злучыў усе свае ідэалы мастацтва і прыгажосці, такія як выкарыстанне палітры фарбаў і невыкарыстанне роўных ліній, размах зеляніны і шматпланавасць. Стракаты фасад дапаўняюць розныя па велічыні і форме вокны, мазаіка і арнаменты з каляровых паліваных плітак. Мастак гэты твор лічыў за адну з вяршынь сваёй творчасці, і нават прысвяціў яму хвалебныя верш. У доме маецца 52 кватэры, 4 офіса, 16 прыватных і 3 агульныя тэрасы, а таксама ў агульнай колькасці 250 дрэў і хмызнякоў.

Насупраць (вул. Kegelgasse 37-39, A-1030 Wien) у 1990—1991 гадах рэалізавана так званая «Вёска Хундэртвасэра» (ням.: Hundertwasser Village) — гандлёва-выставачны цэнтр. Гэты будынак з характэрным фасадам і малым гарадком ўнутры. Ёсць кафэ-бар, сувенірныя крамкі і адмысловы стыльны грамадскі туалет.

У 1989—1991 гадах прыблізна 400 метраў на поўнач быў пабудаваны па праекце Хундэртвасэра аналагічны па афармленні Дом мастацтваў - галерэя Кунстхаўс (ням.: KunstHausWien). Адрас: Untere Weißgerberstraße 13, A-1030 Wien.

Пасля 1988 года ў дызайне Хундэртвасэра аформлены фасад і дымавая труба цеплаэлектрацэнтралі Шпітэлаў у Вене, дзе спальваюцца сартаваныя бытавыя адходы. Гэта паспяховы прыклад гарманічнага спалучэння сучасных тэхналогій, экалогіі і мастацтва.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]