Дыега дэ Ланда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Дыега дэ Ланда Кальдэрон
ісп.: Diego de Landa Calderon
Diego de Landa.jpg
Дыега дэ Ланда, Біскуп Юкатана
Дата нараджэння: 12 лістапада 1524
Месца нараджэння: Сіфуэнтэс, Іспанія
Дата смерці: 1579
Месца смерці: Мерыда, Мексіка
Грамадзянства: Flag of Spain.svg Іспанія
Род дзейнасці: інквізітар, мовазнаўца
Лагатып ВікіСховішча Дыега дэ Ланда Кальдэрон на Вікісховішчы

Дыега дэ Ланда Кальдэрон (ісп.: Diego de Landa Calderon; 12 лістапада 1524, Сіфуэнтэс, Іспанія — 1579, Мерыда, Мексіка) — другі біскуп Юкатану.

Увайшоў у гісторыю як вельмі супярэчлівая асоба: з аднога боку, быў аўтарам кнігі «Паведамленне аб справах на Юкатане» (1566), якая ўтрымоўвала ў сабе шмат каштоўнай інфармацыі пра цывілізацыю Мая, увёў на Юкатане сістэму адукацыі, стварыў лацінскі алфавіт для мовы юкатэка. Аднак, ён таксама заснаваў на Юкатане інквізіцыю, на аўтадафэ спаліў рукапісы мая, тым самым знішчыўшы вялікую частку маянскай літаратуры.

З'яўляецца адной з ключавых постацяў так званай «Чорнай легенды».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Сіфуэнтэсе дэ Алькарыя, паходзіў з дваранскага роду Кальдэронаў. У 1541 годзе прыняў манаства ў францысканскім манастыры San Juan de los Reyes у Таледа. У жніўні 1549 года адправіўся місіянерам на Юкатан у ліку пяці францысканцаў, адабраных Нікаласам дэ Альбалатам. Дзякуючы выбітным здольнасцям, адразу зрабіўся памагатым плабана зноў заснаванага манастыра Сан-Антоніа ў Ісамалі. Служыў настаўнікам дзяцей дваранскіх родаў мая, гвалтоўна звернутых у хрысціянства. У 1553 годзе стаў абатам Сан-Антоніа і неўзабаве стаў «захавальнікам» (custodio) Юкатанскай місіі. У 1561 годзе, пасля зліцця Юкатану і Гватэмалы ў адну епархію, зрабіўся часткаю францысканскага ордэну ў гэтай царкоўнай правінцыі.

У 1562 годзе заснаваў інквізіцыю на Юкатане, выявіўшы адпадзенне ад хрысціянства нядаўна хрышчоных індзейцаў. 12 ліпеня 1562 года ў Ваб адбылося знакамітае аўтадафэ, дзе былі знішчаны амаль усё помнікі літаратуры мая. Гэта выклікала незадаволенасць Франсыска дэ Тораля (Francisco de Toral), тагачаснага біскупа Юкатану і правінцыяла (часткі ордэна) францысканцаў, і ў 1564 годзе Ланда быў вымушаны адправіцца ў Іспанію каб адчытацца аб сваёй дзейнасці. Ён быў апраўданы і ў 1573 годзе прызначаны біскупам Мерыды, на зьмену Торалю, які сканаў. Сканаў у манастыры Сан-Франсыска ў Мерыдзе, «акружаны арэёлам святасці» (па выразе Кагальлюда).

«Паведамленне аб справах на Юкатане»[правіць | правіць зыходнік]

Старонка рукапісу з алфавітам дэ Ланда.

Дэ Ланда вядомы як выдатны знаўца мовы мая, нораваў ды звычаяў гэтага народу. Выправіў і дапоўніў граматыку юкатэка, створаную Луісам дэ Вілляльпанда. Напісаў катэхізіс і зборнік пропаведзяў на мове мая. Архіў Ланда бясследна знік пасля выгнання манахаў з Мерыды ў 1820 годзе.

Найважнай працаю Ланды лічыцца «Паведамленне аб справах на Юкатане» (Relacion de las cosas de Yucatan), напісанае ў Іспаніі каля 1566 года. Мяркуючы па ўтрыманні тэксту, дэ Ланда працаваў над гэтай працай не меней за 15 гадоў, бо каляндарныя знакі, прыводныя ім, датычацца [1553]] года. Вярнуўшыся ў Мерыду, дэ Ланда ўзяў рукапіс з сабою. Неўзабаве з рукапісу была знята копія і адпраўлена ў Іспанію. Поўным тэкстам дэ Ланда карысталіся гісторыкі XVII стагоддзя, як то Антоніа дэ Эрэра-і-Тардэсілляс, Васкес дэ Эсьпіноса і Дыега Лапэс дэ Кагаллюда (16091670), аўтар «Гісторыі Юкатану» і першы біёграф дэ Ланды.

У Іспаніі ў 1616 годзе невядома кім была зроблена скарочаная копія «Паведамлення аб справах на Юкатане», напісаная трыма рознымі почыркамі. Пісары-капіравальшчыкі захавалі істотныя часткі працы дэ Ланды, а трэці з іх дадаў «Крытычныя заўвагі» і апалагетыку іспанскага валадарства. У 1862 годзе гэты рукапіс адшукаў у Мадрыдзе вялікі маяніст Шарль-Эт’ен Брасер дэ Бурбур, які апублікаваў у 1864 годзе іспанскі тэкст і ўласны французскі пераклад з разбіўкаю на часткі, які выкарыстоўваецца дагэтуль.

Спадчына дэ Ланда ацэньваецца сучаснай навукай вельмі высока. Нягледзячы на шэраг памылак, ягоная праца доўгі час заставалася адзінай крыніцай звесткаў па ўсім бакам жыцця народу мая і згуляла важную ролю ў пацверджанні правільнасці расшыфроўкі пісьменнасці мая Юрыем Кнарозавым[1].

«Алфавіт дэ Ланда»[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуючы, што выкарыстанне місіянерамі мовы мая паскорыць зварот індзейцаў у хрысціянства, дэ Ланда вырашыў вынайсці свой уласны «алфавіт мая». Пры дапамозе дзвюх гіерагліфічна пісьменных індзейцаў, ён склаў спіс адпаведнасцяў паміж маяскімі гіерогліфамі і іспанскімі літарамі. Дэ Ланда не ведаў, што пісьменнасць мая была не алфавітная, а логасілабічная, а маі, якія дапамагалі яму, ў некаторых выпадках запісвалі не вымаўленне іспанскіх літараў, а іхныя назвы (напрыклад, be, hache, ka, cu). Усяго дэ Ландам было запісана 27 знакаў (плюс 3 знакі ў прыкладах напісання слоў), якія, па ягоным меркаванні, адпавядалі літарам іспанскага алфавіту. Дэ Ланда таксама браў удзел у стварэнні лацінскай пісьменнасці для юкатэцкай мовы— верагодна, першай лацінскай пісьменнасці для месаамерыканскіх індзейцаў.

Спальванне ідалаў і дакументаў мая па загадзе Дыега дэ Ланда. Малюнак Фернанда Кастра Пачэка

Дэ Ланда пра іспанскі каланіяльны рэжым[правіць | правіць зыходнік]

Бог даў індзейцам не толькі паказаныя рэчы з [прыходам] нашай іспанскай нацыі, гэтак неабходныя для службы чалавеку, што адны яны стаяць больш тае платы, якую індзейцы даюць і будуць даваць іспанцам, але індзейцы атрымалі [таксама] без аплаты тое, чаго нельга ні купіць, ні зарабіць, а менавіта правасуддзе і хрысціянства ды мір, у якім яны ўжо жывуць, таму яны абавязаны значна больш Іспаніі і яе іспанцам і галоўнае тым вельмі каталіцкім каралям яе, якія з безперапынным клопатам і гэтак па-хрысціянску забяспечылі іх і забяспечваюць гэтымі рэчамі, чым сваім першым настаўнікам, благім бацькам, якія іх спарадзілі ў граху і дзецьмі гневу, тады як хрысціянства іх адрадзіла ў літасці і для радаснага вечнага жыцця. Іхныя першыя настаўнікі не здолелі даць ім парадак, каб яны маглі пазбегнуць гэтулькіх і такіх памылак, як тыя, у якіх яны жылі. Правасуддзе пазбаўляла іх ад гэтых памылак пасродкам пропаведзі і павінна іх абараніць ад вяртання да іх, а калі б яны вярнуліся, павінна іх пазбавіць ад іх. Па справядлівасці можа Іспанія ўславіцца ў Богу, бо яна абрана сярод іншых нацыяў для выпраўлення гэтулькіх людзей; таму яны абавязаны ёй значна больш, чым сваім настаўнікам альбо бацькам, і, як кажа блажэнны Грыгорый: не шмат будзе карысці нам нарадзіцца, калі не атрымаем адкуплення ад Хрыста. Таксама мы можам сказаць з Ансельмам: карысці нам не прынясе тое, што мы былі збаўлены, калі не атрымаем плёну адкуплення, гэта значыць нашага выратавання. І таму моцна памыляюцца тыя, хто кажа, што паколькі індзейцы атрымалі ад іспанцаў крыўду, прыгнёт і благія прыклады, тое было б лепш, калі б іх не адкрылі. Прыгнёту і крыўды было яшчэ больш [да адкрыцця], і яны прычынялі іх увесь час адзін аднаму, забіваючы, звяртаючы ў рабства і прыносячы ў ахвяру дэманам. Калі яны атрымалі ці атрымліваюць цяпер ад некаторых благія прыклады, то кароль гэта выправіў і выпраўляе кожны дзень сваім правасуддзем і бесперапыннаю пропаведзю і настойлівым процідзеяннем манахаў тым, хто дае ці даў [благія прыклады]; тым больш, што па вучэнні Евангелля, спакусы і благія прыклады неабходны; і, такім чынам, я мяркую, што яны былі сярод гэтых людзей, каб яны па іх навучыліся, адлучаючы золата ад бруду і збожжа ад саломы, шанаваць дабрадзейнасць, як яны і зрабілі, бачачы разам з філосафам, што бліскаюць дабрадзейнасці сярод заганаў і праведнікі сярод грэшнікаў, і той, хто ім даў благі прыклад ці спакусу, трывае сам жудаснае бедства, калі не загладзіць іх дабром.

(Паведамленне аб справах на Юкатане. Частка LI. Пер. Ю. Кнарозава)

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. «Тайна жрецов майя». Владимир Кузьмищев

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дыега дэ Ланда. "Паведамленне аб справах на Юкатане.
  • Rosario Acota & a. Guide bleu du Mexique, Hachette Tourisme, édition 2004, page 593.
  • Clendinnen, Inga. Ambivalent Conquests: Maya and Spaniard in Yucatan, 1517—1570. 2 ed. 2003. Cambridge: Cambridge UP.
  • Marshall E. Durbin, 1969. An Interpretation of Bishop Diego De Landa’s Maya Alphabet (Philological and Documentary Studies, 2/4)
  • (Diego de Landa) William Gates, translator, (1937) 1978. Yucatan Before and After the Conquest An English translation of Landa’s Relación
  • Diego de Landa, 2002. Relacion de las cosas de Yucatan/The relationship of the things of the Yucatan (in series Cronicas De America)
  • Diego de Landa, (Alfred M. Tozzer, tr.) 1941. Relación de las cosas de Yucatán: A translation, (Papers of the Peabody Museum of American Archaeology and Ethnology, Harvard University, v. 18). лепшае з выданняў, якое мае больш за 1500 нататкаў

Вонкавыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.