Ездра

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
«І адкрыў Ездра кнігу прад вачамі ўсяго народа»

Ездра (іўр.: עֶזְרָא, Эзра; грэч.: Έσδράς; лац.: Esdras) — адзін з галоўных іудзейскіх свяшчэннікаў, які пабываў у вавілонскім палоне. Паводле біблейскага падання жыў у часы панавання іудзейскага цара Іасіі. Будучы ў Вавілоніі, ён звярнуў на сябе увагу цара Артаксеркса і заслужыў ў яго асаблівы давер. Цар зрабіў яго сваім упаўнаважаным па справах іудзеяў. Ад Артаксерса ён атрымаў паўнамоцтвы вывесці ў Палесціну іудзеяў, якім не ўдалося вярнуцца на радзіму з першай часткай перасяленцаў, даставіць у Іерусалім дары і прынашэнні ад цара і народа для храма, назіраць за захаваннем закону і парадку сярод насельніцтва. Сваю дзейнасць на радзіме ён пачаў з правядзення шэрагу неабходных рэформ, якія мелі на мэце адраджэнне іудзейскага народа пасля вавілонскага палону. Па яго даручэнню іудзейскія кніжнікі сталі рабіць пераклады кніг Майсея на арамейскую мову і суправаджаць іх тлумачэннямі. Імем бога Яхве і персідскага цара Кіра II ён сумесна з Неяміем дамогся скасавання змешаных шлюбаў і выгнання з Палесціны іншапляменных жонак іудзеяў з іх дзецьмі, якім забараняўся доступ у Іерусалім. Гэтаму іудзейскаму рэфарматару прыпісваецца ўвядзенне ў літаратурны ўжытак халдзейскай мовы замест забытай у палоне старажытнаяўрэйскай, аб'яднанне ў адзіны звод свяшчэнных кніг Старога запавету, выпраўленне пашкоджаных спісаў, а таксама аўтарства трэцяй і чацвёртай кнігі "Царствы", двух кніг "Параліпаменон" і адной кнігі Бібліі, вядомай пад яго імем (першая кніга "Ездра"). Што датычыцца другой і трэцяй кніг "Ездра", якія дайшлі ў грэчаскім і лацінскім перакладах і прыпісваюцца па традыцыі гэтаму аўтару, то яны не лічацца кананічнымі, не з'яўляюцца арыгінальнымі і ўзніклі значна пазней жыцця самога Ездры.[1]

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы:... С. 156.

Літ.:

Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.156. ISBN 5-343-00151-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons
  • Эзра. Электронная яўрэйская энцыклапедыя.