Камуністычная партыя Індыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Камуністычная партыя Індыі (КПІ; англ.: Communist Party of India; хіндзі: Бхаратыя кам'юніст парты), палітычная партыя Індыі, заснавана ў 1925, член Камінтэрна з 1935, да 1942 ў падполлі. У адпаведнасці з генеральнай лініяй Камінтэрна зблізілася з левым крылом ІНК; легалізаваўшыся, ўзяла пад свой кантроль Усеіндыйскі кангрэс прафсаюзаў.

Пасля набыцця Індыяй незалежнасці ў 1947 КПІ ўзначаліла ўзброеныя антыфеадальныя паўстанні супраць князёў, якія адмаўляліся перадаваць уладу федэральнаму ўраду. Буйнейшае з такіх паўстанняў адбылося ў Тэлангане (гістарычнай вобласці ў сучасным штаце Андхра-Прадэш), дзе камуністы стварылі народнае апалчэнне і паставілі пад кантроль тэрыторыю з насельніцтвам 3 млн. чалавек. Паўстанне было падаўлена федэральнымі ўладамі, КПІ адмовілася ад тактыкі ўзброенай барацьбы і ў далейшым дзейнічала ў рамках парламенцкай дэмакратыі.

На першых усеагульных выбарах 195152 атрымала 6 млн. галасоў (са 107 млн.), у наступным прыкладна такі ўзровень падтрымкі захаваўся. На выбарах 1957 КПК заняла другое месца пасля ІНК і ў тым жа годзе перамагла на выбарах у асамблею штата Керала і сфармравала ўрад штата (першы выпадак у гісторыі краіны, калі ўрад штата быў сфарміраваны не ІНК). КПІ стала буйнейшай апазіцыйнай партыяй Індыі.

У 1962 у сувязі з абвастрэннем кітайска-індыйскага канфлікту адбыўся ўнутрыпартыйны крызіс, які прывёў (з удзелам кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая) да расколу ў 1964 і ўтварэння паралельнай «Камуністычнай партыі Індыі (марксісцкай)» (КПІ(М)). КПІ, у адрозненне ад КПІ(М), актыўна падтрымлівала нацыянальна-вызваленчы рух ва Усходнім Пакістане (цяперашняя Бангладэш) і вайну з Пакістанам у 1971 і была адзінай партыяй (калі не лічыць ІНК), якая падтрымала абвяшчэнне Індзірай Гандзі надзвычайнага становішча ў 197577. Адмена надзвычайнага становішча і паражэнне ІНК на парламенцкіх выбарах 1977 азнаменавалі пачатак новага перыяду ў гісторыі КПІ — з таго часу яна пераарыентавалася на супрацоўніцтва з КПІ(М) ў якасці «малодшага партнёра».

У цяперашні час КПІ ўваходзіць у склад Левага фронта, які кіруе ў штатах Заходняя Бенгалія і Трыпура, а таксама Левага дэмакратычнага фронта, які кіруе ў штаце Керала. На федэральным узроўні КПІ прадстаўлена дзесяццю дэпутатамі ў Народнай палаце індыйскага парламента і падтрымлівае ўрад Аб'яднанага прагрэсіўнага альянсу.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сайт партыі Архівавана 1 сакавіка 2010.