Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман»
Заснаванне 1894
Пераемнік Гродзенскі велазавод
Заснавальнікі Нохум Старавольскі, Лазар Старавольскі, Ісаак Піваварскі
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Гродна

Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман» (польск. Kresowa Fabryka Rowerów i Motocykli «Niemen») — фабрыка, якая выпускала веласіпеды, мотавеласіпеды і матацыклы ў Гродне ў 1930-я гады.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемства, якое пазней стала гродзенскай фабрыкай ровараў «Нёман», заснавалі ў 1894 годзе заможныя яўрэйскія прадпрымальнікі Нохум і Лазар Старавольскія. Партнёрам у іх пачынанні быў купец Ісаак Піваварскі. Спачатку гэта была невялікая слясарная майстэрня і вытворчасць металічных вырабаў[1]. Яна знаходзілася на вуліцы Новай (сучасная вуліца Маладзёжная), побач са скрыжаваннем з вуліцай Брыгіцкай (сучасная вуліца Маркса).

Фабрыка ў міжваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-х гадах пры майстэрні працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы Durkoop, а таксама швейныя машынкі Pfaff, Omega і іншыя.

У пачатку 1930-х Нохум Старавольскі заснаваў акцыянернае таварыства і запланаваў пашырэнне прадпрыемства. Старавольскія выкупілі суседні будынак сям'і Тропаў на вуліцы Брыгіцкай, 20 (сучасная Карла Маркса) і перабудавалі яго ў стылі функцыяналізму пад завод па вытворчасці ровараў[2]. Тады ж вытворчасць атрымала назву "Крэсова фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман» (польск. Kresowa fabryka rowerów i motocykli «Niemen»). Фабрыкай кіраваў Нохум Старавольскі, яго сын Лазар заняў пасаду галоўнага інжынера.

У сярэдзіне 1930-х гадоў Старавольскія выпускалі каля 10 000 веласіпедаў у год. На прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек і выпускалі 12 мадэляў ровараў. Яны карысталіся папулярнасцю не толькі ў Гродне, але і на тэрыторыі Заходняй Беларусі[3].

У 1934 годзе Старавольскія пачалі вырабляць мапеды (мотавеласіпеды) з рухавікамі нямецкай вытворчасці аб’ёмам 75 см³. Іх рабілі ў жаночым і мужчынскім варыянтах, іх адрозненне было ў форме рамы.

У 1936 годзе на фабрыцы «Нёман» пачалі вырабляць матацыклы з імпартнымі рухавікамі. У 1938 годзе на фабрыцы выпусцілі 166 матацыклаў. Новая прадукцыя ўвасобіла ў сябе лепшыя якасці вядомых тагачасных сусветных марак. Дакладна не вядома, ці гэта быў цалкам айчынны праект, ці гродзенскія прадпрымальнікі скапіявалі знешні выгляд матацыкла, ці набылі ліцэнзію ў замежных фірмаў. Вонкава матацыкл «Нёман» быў вельмі падобны да лёгкіх англійскіх матацыклаў Villiers альбо Excelsior.

У 1938—1939 гадах фабрыка прадукавала матацыклы «Нёман» DV з рухавікамі Villiers аб'ёмам 98 см3, 125 см3 і 150 см3 і DS (без педаляў) з рухавіком Sachs 98. Фірма мела прадстаўніцтвы ў Варшаве і Кракаве. У Заходняй Беларусі фірма мела імідж надзейнага вытворцы транспарту для кепскіх дарог. Матацыклы «Нёман» былі аднаместныя, але можна было ўсталяваць дадатковае сядзенне для пасажыра.

Гродзенскія матацыклы «Нёман» выпускалі да 1939 года[4].

Фабрыка ў савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Другой сусветнай вайны фабрыка не спыніла дзейнасць. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР фабрыку нацыяналізавала савецкая дзяржава, выпуск матацыклаў спыніўся. Уладальнікаў фабрыкі вывезлі з Гродна. Лазар Старавольскі знік у турме ў Беластоку, Нохума выслалі ў Казахстан. Адтуль ён перабраўся ў Польшчу, а пазней у Ізраіль[1].

Пасля Другой сусветнай вайны велазавод пераехаў у будынак былога казённага віннага склада на вуліцы 17 Верасня. У 1944-1960 гадах дзейнічаў як «Гродзенскі велазборачны завод», у 1960-65 — як «Гродзенскі веласіпедны завод». Тады ж да яго фактычна далучылі ліцейны завод. На заводзе рабілі не толькі веласіпеды, але і каналізацыйныя люкі. У 1952 г. на заводзе працавала 112 чалавек. У той год завод выпусціў 160 каналізацыйных люкаў з напісам «Велозавод Гродно»[5].

У 1960-х гадах завод перапрафілявалі пад вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і перанеслі на вуліцу Карбышава, а пазней — на вуліцу Курчатава[6]

У 2007 годзе завод аўтаагрэгатаў далучылі да Гродзенскага завода карданных валаў «Белкард».

Будынак фабрыкі ў незалежнай Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пераезду прадпрыемства за межы гістарычнага цэнтра Гродна будынак былой фабрыкі Старавольскіх належаў розным арганізацыям. У канцы 2005 года будынак зруйнавалі, бо яго функцыяналістычны стыль не ўпісваўся ў шэраг эклектычных камяніц канца XIX ст. Ад старога будынка ацалелі толькі падзямеллі, на якіх збудавалі офісны будынак у псеўдагістарычным стылі[7].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б «Старавольскія злавілі момант». Як у Гродне рабілі ровары і матацыклы "Нёман" . Hrodna.life (25 ліпеня 2020). Праверана 5 студзеня 2024.
  2. Andrej Waszkiewicz. Smak starego Grodna. — Grodno: JurSaPrint, 2018. — С. 107—112. — 182 с. с.
  3. В Польше продают знаменитый велосипед "Неман". Цена "кусается"(нявызн.). Автомобили Гродно (10 лютага 2023). Праверана 5 студзеня 2024.
  4. Niemen 100. zabytkowemotocykleirowery.pl. Праверана 10 студзеня 2024.
  5. Ад віннага склада да велазавода: што гэта за домікі стаяць на 17 Верасня . Hrodna.life (10 студзеня 2024). Праверана 10 студзеня 2024.
  6. Открытое акционерное общество "Гродненский завод автомобильных агрегатов" Министерства промышленности Республики Беларусь, г. Гродно Гродненской области .: Информация о фонде .: Главная. fk.archives.gov.by. Праверана 10 студзеня 2024.
  7. Андрэй Вашкевіч. На гродзенскім бруку. — Гродна: ЮрСаПринт, 2012. — С. 15—25. — 100 с.