Леў Урбанавіч Дашкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Леў Урбанавіч Дашкевіч
Дата нараджэння:

12 лютага (31 студзеня) 1882(1882-01-31)

Месца нараджэння:

Сцяг Расійскай імперыі Мінск, Расійская імперыя

Дата смерці:

9 снежня 1957(1957-12-09) (75 гадоў)

Месца смерці:

Сцяг БССР Мінск, БССР

Вучоба:

Мінская мужчынская гімназія
Віленскі інтэрнат-канквіт
Варшаўскі ўніверсітэт
Дыжонскі ўніверсітэт

Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы
Фотаздымак сілуэту Верхняга горада Мінска, 1920—1939 гг.

Леў Урбанавіч Дашкевіч (31 студзеня (12 лютага) 1882, Мінск — 9 снежня 1957, Мінск) — беларускі фотамастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з шляхецкага роду герба «Ляліва». У 1882—1896 вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі і Віленскім інтэрнаце-канквіце. З 1903 вучыўся на медыцынскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1904 за ўдзел у студэнцкай забастоўцы арыштаваны і выключаны з універсітэта без права паступлення ў ВНУ Расійскай імперыі. У 1906—1911 вучыўся ў Францыі — на факультэце філалогіі (La faculté de lettres) Універсітэта Бургундыі (Дыжон). Паралельна ў 1908—1909 займаўся на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. З 1911 пачаў друкавацца ў навуковых выданнях (La Nature. Paris).

У 1911—1920 жыў у Закаўказзі, працаваў выкладчыкам французскай мовы, фізікі, прыродазнаўства і інш. у гімназіях Эрывані (Ерэван), Елізаветполя (цяпер Гянджа, Азербайджан), Тыфліса (Тбілісі). Ездзіў па рэгіёне ў якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцей і плямён Каўказа. У 1918 служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі.

У канцы мая 1920 вярнуўся ў Мінск. З кастрычніка 1920 чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў Мінскім інстытуце народнай адукацыі, са снежня 1920 выкладаў французскую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1921 працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР (прыродазнаўчая секцыя). У маі—чэрвені 1923 удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ў Ігуменскім (цяпер Чэрвеньскі) і Барысаўскім паветах. У 1923—1924 навуковы фатограф на медыцынскім факультэце БДУ.

Фатаграфія Дашкевіч.jpg

Фатаграфічныя працы Дашкевіча друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы» (2-е выд. Мн., 1924), Грамыка М. «Пачатковая географія» (Мн., 1926), «Чатырохстолецьце беларускага друку» (Мн., 1926), Багдановіч М. «Творы». Т. 1 (Мн., 1927—28), «Сучаснае беларускае мастацтва» (Мн., 1929), «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» (Мн., 1931), «IV Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Мн., 1931), час. «Чырвоная Беларусь» (1930, № 1, 2, 9). Удзельнічаў у Першай Усебеларускай выстаўцы краязнаўчых фатаграфій і замалёвак (Мінск, крас.—май 1928), у выстаўцы ў Дрэздэне (Германія, 1930 ?).

Арыштаваны ДПУ БССР 21 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вызвалены ў верасні 1930 года. Працаваў у Мінскім Доме тэхнікі, на геаграфічным факультэце БДУ, 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР. У 1941—1944 жыў у эвакуацыі ў г. Фрунзэ (цяпер Бішкек, Кыргызстан), працаваў у медыцынскіх установах. У верасні 1944 вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Інстытуце тэарэтычнай медыцыны і Інстытуце фізіялогіі.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У верасні—снежні 2002 у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстаўка твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларуссю».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Лев Урбанович Дашкевич (1882—1957). Каталог фотографий / Автор-составитель Н. И. Савченко. — Минск: Панграф, 2002. — ISBN 985-6376-04-1