Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей — музей у Магілёве, які існаваў у 1897—1918 гг. Заснаваны беларускім археолагам, этнографам і краязнаўцам Е. Р. Раманавым. Размяшчаўся ў будынку былога бернардзінскага кляштара. У фондах музея налічвалася больш за 6 тыс. адзінак захоўвання. Агульная плошча экспазіцыі складала 140 м²[1]. Экспазіцыю складалі экспанаты, набытыя намаганнямі Е. Р. Раманава і выкладчыкамі духоўнай семінарыі Ф. А. Жудро, А. А. Скварцова, святара М. Р. Янушэўскага[2]. 27 мая 1897 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Гэтую падзею асвятляў мясцовы і сталічны друк[2].

Першапачатковая дзейнасць музея не мела поспеху. Экспазіцыя, размешчаная ў цёмным пакоі пры Васкрасенскай царкве, была амаль недасягальнай для наведвальнікаў і не магла змясціць новых экспанатаў. Праца па апісанні і складанні каталога каштоўнай калекцыі рукапісаў ішла вельмі марудна. Востра адчуваўся недахоп сродкаў. У пачатку ХХ ст. музей знаходзіўся ў вельмі цяжкім становішчы, і сітуацыя вымагала неадкладных мер па змяненні ўмоў яго існавання. У 1904 г. магілёўскі епіскап Стэфан даў загад прадставіць музею тры залы ў будынку былога бернардзінскага кляштара і выдзяліў сродкі на рамонт і набыццё экспазіцыйнай мэблі. У хуткім часе адбылося адкрыццё новай экспазіцыі, якая была сістэматызавана па наступных аддзелах: уніяцкі, іканаграфічны, прадметаў рэлігійнага ўшанавання, царкоўных прадметаў, адзення святароў, нумізматычны, бібліяграфічны. У яе стварэнні, а таксама ў каталагізацыі прадметаў актыўна ўдзельнічаў выпускнік Археалагічнага інстытута У. У. Дабраслаўскі. Ён жа пры дапамозе Е. Р. Раманава наладзіў шырокую асветніцкую працу[2].

На працягу першага дзесяцігоддзя ХХ ст. калекцыі музея няспынна папаўняліся. У асноўным гэта былі прадметы з рызніц і царкоўных кладовак, а таксама набытыя ў археалагічных раскопках, якія праводзіў Е.Р. Раманаў[2].

Памятная дошка з эпітафіяй у памяць інака Арсенія Азаровіча. 1652

Найбольш цікавымі экспанатамі з’яўляліся: абразы 16 — 18 стст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараверскага пісьма на палатне ці дошках, выразаныя з дрэва; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (у асноўным 18 ст.), медны пацір 17 ст., інкруставаная дарахавальніца 18 ст., плашчаніца 1566 г., шытая шоўкам і золатам, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Георгія Каніскага (1758), часткі разных іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17 — 18 стст., скульптурныя выявы святых і інш.; надмагільныя пліты княгіні Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагіллі 17 — 18 стст. У бібліятэчным аддзеле захоўваліся мінея 1490-х гг., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16 — 18 стст.: Біблія 1751 г. з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764 гг.; кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17 — 18 стст.; «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы…» Феафана Пракаповіча (1760-64)[1].

У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16 — 18 стст., у т.л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш[1].

З 1919 г. экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі[1].

Зноскі

  1. а б в г Доклады(недаступная спасылка). mogilewmuseum.by. Архівавана з першакрыніцы 18 лістапада 2023. Праверана 18 лістапада 2023.
  2. а б в г Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]