Магдэбургскае права

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
Фрагмент прывiлея Полацку на магдэбургскае права

МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА — феадальнае гарадское права, склалася ў нямецкім горадзе Магдэбург у ХІІ-ХІІІ ст.

Магдэбургскае права склалася з розных крыніц, у т.л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гарадскому патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права з'явілася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцей. Магдэбургскае права было перанята многімі гарадамі Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.

3 XIV ст. Магдэбургскае права пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі Магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш. дзяржаўных службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах Магдэбургскае права не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове Магдэбургскага права ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем Магдэбургскага права адмянялася дзейнасць мясцовага права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася Магдэбургскім правам. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з Магдэбургскім выкарыстоўваліся нормы агульнадзяржаўнага права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыдычнай практыкі.

У ліку першых Магдэбургскае права ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш.

Магдэбургскае права мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на Магдэбургскае права дзяржаўным гарадам выдавалі вялікія князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вялікія князі. На Беларусі Магдэбургскае права скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губерні ў лістападзе 1775, у Мінскай — у маі 1795, у заходняй Беларусі — у снежні 1795.