Марцін Бельскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Maricn Bielski.PNG

Марцін Бельскі (1495 — 1575) — польскі гісторык.

Першы, хто пачаў пісаць свае творы па-польску, а не па-лацінску. Праца М. Бельскага «Хроніка ўсяго свету», прысвечаная Жыгімонту II Аўгусту, з'явілася першым падручнікам па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Адзначаецца[1], што прагрэсіўнай для свайго часу была сама ідэя стварэння падобнай працы.

Хроніка ўсяго свету[правіць | правіць зыходнік]

Праца была выдана тры разы (1551, 1554, 1564), і ў трэцім выданні складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Ліфлянцкай зямлі. Аб Татарах» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Аб маскоўскім народзе…» пераважна з'яўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял. Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыяметральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемент, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (І. Хшаноўскі). Адзначаецца[2] што «Хроніка ўсяго свету», магчыма, і не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не дзейнасць яго сына Яўхіма Бельскага.

Зноскі

  1. Паводле: Белазаровіч, С.38.
  2. Паводле: Белазаровіч, С.39.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі "Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы". — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. ISBN 985-417-858-7. С.38, 39.