Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч
Імя пры нараджэнні Марыя Каменская
Род дзейнасці настаўніца, хатняя гаспадыня
Дата нараджэння 7 лютага 1891(1891-02-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 мая 1945(1945-05-21) (54 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Муж Якуб Колас
Дзеці Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч і Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч

Мары́я Дзмі́трыеўна Міцке́віч (у дзявоцтве Каменская, 7 лютага 1891, Ашмяны, Віленская губерня, Расійская імперыя21 мая 1945, Масква, СССР) ― беларуская настаўніца, жонка Якуба Коласа.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Марыя Каменская нарадзілася ў Ашмянах Віленскай губерні 7 лютага 1891 года ў сям’і псаломніка Дзмітрыя Каменскага, які быў родам з Яраслаўля. Маці Марыі — Марыя Цімафееўна — паходзіла з сям’і памешчыцы Генрыеты Гогенлоэ, якая мела зямельныя ўладанні ў Віленскім краі. У Марыі было пяць братоў і сястра, якая памерла ў маладосці. Марыя навучалася ў духоўным вучылішчы, пасля працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, потым — у Пінску[1].

У Пінску пазнаёмілася з Якубам Коласам у 1912 годзе[2].

3 чэрвеня 1913 Марыя Каменская і Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) пабраліся шлюбам. Вянчаліся ў Варварынскай царкве ў Пінску, якая з 1906 года належала чыгуначнаму ведамству[3].

У 1914 годзе нарадзіўся першы сын — Даніла. У 1917 годзе — Юрый, у 1926 годзе — Міхась[1].

У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанстве ў Падмаскоўі, пасля ў Пермі і Абаяні. Марыя працягвала настаўнічаць. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Менск. З таго часу Марыя — хатняя гаспадыня[4].

У гады Другой сусветнай вайны жонка Коласа часта хварэла. Сям’я жыла ў эвакуацыі ў Ташкенце. На фронце прапаў без вестак сярэдні сын Юрка. У канцы 1944 года стан здароўя Марыі істотна пагоршыўся. З пачатку 1945 года яна знаходзілася ў маскоўскіх шпіталях. Памерла ў Маскве 21 мая 1945 года[3].

Яе перавезлі ў Мінск у труне на самалёце і пахавалі на Ваенных могілках[4].

Марыя і Якуб Колас[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта з Марыі Якуб Колас «спісваў» Сымонкаву Ганну ў паэме «Сымон-музыка».

"

…Ён ніколі не забудзе,
Покі жыць на свеце будзе,
Пары ясненькіх вачок,
Тонкіх бровак, тварык ветлы,
І на губках такі светлы,
Такі добранькі смяшок…
Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка!
І прыўдалая ж яна!..[3]

"

Яшчэ да вяселля Якуб Колас прысвяціў Марусі цыкл вершаў. З гэтай нізкі захаваўся толькі адзін верш — «Дзяўчыне»[4].

Марыя была першай слухачкай, чытачкай і нават крытыкам твораў свайго мужа. Ён вельмі паважаў думкі і ацэнкі Марусі[1].

Руская паводле нацыянальнасці, сведчыць сын Даніла Міцкевіч, Марыя дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаварылі па-беларуску, і яна часам папраўляла дзяцей у правільным вымаўленні словаў[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Кастусь Ладуцька. «Колас: „Мая Маруся забіла гэту адзіноту…“» Архівавана 12 лістапада 2023. // Звязда, 19 ліпеня 2022.
  2. а б Аліна Грышкевіч. «Сямейная дынастыя даўжынёй паўтара стагоддзя: пра музу Якуба Коласа і лёс яго праўнучак з прозвішчам Міцкевіч» // БелТА, 3 жніўня 2021.
  3. а б в «Жонка Якуба Коласа». Праект «Шляхамі Я. Коласа», Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.
  4. а б в «Сёння дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч» Архівавана 12 лістапада 2023.. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. 7 лютага 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]