Якуб Колас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Якуб Колас
Якуб Колас, 1926 г.
Якуб Колас, 1926 г.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч
Псеўданімы Якуб Колас, Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец і Лесавік
Дата нараджэння 22 кастрычніка (3 лістапада) 1882[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 жніўня 1956(1956-08-13)[2][3][…] (73 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Міхал Казіміравіч Міцкевіч
Маці Ганна Юр’еўна Міцкевіч
Жонка Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч
Дзеці Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч і Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, перакладчык, паэт, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык, палітык, празаік
Гады творчасці 19061956
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі Сталінская прэмія Сталінская прэмія
Узнагароды
Народны паэт Беларусі
Народны паэт Беларусі
Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1 ступені
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Яку́б Ко́лас, сапраўднае імя Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч (22 кастрычніка (3 лістапада) 1882, засценак Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) — 13 жніўня 1956, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маладосць[правіць | правіць зыходнік]

Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), 1901 г.

Нарадзіўся ў засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні. Бацькі — Міхал Казіміравіч і Ганна Юр’еўна (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (цяпер за 12 км ад Стоўбцаў). З 13-ці іх дзяцей да сталага веку дажыла толькі 9. Бацька быў лесніком у радзівілаўскіх уладаннях, маці займалася гаспадаркай. Браты Уладзімір (1879—1954), Алесь (1880—1940), Іосіф (1895—1980), Міхал (1897—1991), сёстры Міхаліна (1887—1977), Юзэфа (1891—1964), Марыя (1900). Неўзабаве па нараджэнні Ко́стуся, так звалі Канстанціна дома, сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890—1904 гадах, Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны. Канстанцін Міцкевіч быў ахрышчаны ў стаўбцоўскай праваслаўнай царкве, як лічыцца, у Царкве Святой Ганны[4].

Значна паўплываў на Костуся дзядзька па бацьку — Антось, ён абудзіў у падлетку цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся грамаце рускай мовы, а дзве зімы яго разам са старэйшымі братамі навучаў хлопчык-«дарэктар». Скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча (1894). Наступныя тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў на гаспадарцы бацькам, шмат чытаў, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.

На кошт скарбу ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пісаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў беларускі этнаграфічны і фальклорны матэрыял, пачаў пісаць па-беларуску. Па сканчэнні семінарыі (1902) працаваў настаўнікам на Заходнім Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы. Тым жа часам пазнаёміўся з нелегальнай сацыялістычнай літаратурай, уключыўся ў грамадскую дзейнасць, вёў тлумачальныя гутаркі з сялянамі. У 1905 годзе склаў петыцыю пінкавіцкіх сялян з патрабаваннямі да памешчыка Зыгмунта Скірмунта, за гэта на пачатку 1906 года быў пераведзены з Пінкавіч на працу ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным З’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні 9—10 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне, з’езд разагнала паліцыя, а Канстанціну Міцкевічу сярод іншых забаранілі настаўнічаць.

Узімку 1906—1907 года жыў у родных у леснічоўцы Смольня, без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У 1907 годзе прыехаў у Вільню, пачаў працаваць загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», але праз некалькі тыдняў паводле загаду паліцыі пакінуў горад. У студзені—красавіку 1908 года працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён), арганізатарамі якой былі Тэрэза Гардзялкоўская і яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Неўзабаве быў арыштаваны і 15 верасня 1908 года асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Якуба Коласа абвінавачвалі ў ажыццяўленні праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі, а таксама ў складанні адозвы да настаўнікаў, якую не пісаў, але сапраўднага аўтара не выдаў. Увесь тэрмін Колас адбываў у Мінскім астрогу (Пішчалаўскі замак).

Па вызваленні у 1911 годзе з верасня Колас без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 годзе атрымаў Пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 года афіцыйна працаваў настаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы, жывучы на кватэры чыгуначнага фельчара А. А. Балевіча. У чэрвені 1913 года Якуб Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У гэты ж перыяд, у жніўні 1912 года, на леснічоўцы Смольня паблізу Мікалаеўшчыны Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам, гэтай сустрэчай пачалося іх сяброўства.

1915—1940[правіць | правіць зыходнік]

Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), 1916 г.

У час Першай сусветнай вайны з 1915 года разам з сям’ёю ў бежанстве ў Маскоўскай губерні. Мабілізаваны, у 1916 годзе скончыў маскоўскае Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, служыў у запасным палку ў Пермі. Сям’я тым часам пераехала ў Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). У званні падпаручніка летам 1917 года адпраўлены на Румынскі фронт, але неўзабаве за станам здароўя атрымаў адпачынак. Урэшце, як настаўнік Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) быў вызвалены ад вайсковай службы і застаўся з сям’ёю ў Абаяні, працаваў настаўнікам і школьным інструктарам.

Якуб Колас, 1921 г.
Супрацоўнікі Інбелкульта. Менск, 1922 г. Сядзяць: Іван Луцэвіч (Янка Купала), Аляксандр Круталевіч, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Уладзіслаў Чаржынскі, В. Шэмпель, Мікалай Байкоў. Стаяць: Міхайла Грамыка, Лявон Більдзюкевіч, Часлаў Родзевіч, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Кастусь Гадыцкі-Цвірка, Язэп Дыла

У 1921 годзе Якуб Колас выкліканы ўрадам Беларускай ССР вярнуўся ў Менск. На Рыжскі мірны дагавор 1921 года адрэагаваў вершам «Водгулле», у якім заклікаў беларускі народ да вызвалення. Супрацоўнічаў з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй Народнага камісарыята асветы, Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

У 1920-я—1930-я гады Якуб Колас актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадска-палітычным жыцці БССР. З 1928 года ён акадэмік АН БССР, з 1929 — член яе Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт. У 1927—1929 гадах кандыдат у члены ЦВК БССР, у 1929—1931 і 1935—1938 — член ЦВК БССР. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934), на абодвух з’ездах абраны ў кіруючыя органы саюзаў пісьменнікаў. Удзельнік Сусветнага кангрэсу абароны культуры (1935, Парыж).

Нягледзячы на прызнанне заслуг Якуба Коласа з боку савецкай дзяржавы — у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію — пісьменнік трапіў пад хвалю палітычных рэпрэсій 1920-х—1930-х гадоў. З сярэдзіны 1920-х у доме Якуба Коласа не раз праводзілі вобшукі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржаўнай бяспекі спрабавалі прыцягнуць Якуба Коласа да шэрагу палітычных спраў, у т.л. г.зв. «Лістападаўскай» і «Саюза вызвалення Беларусі». Ціск на Якуба Коласа ўзмацняўся, у 1930-я гады яго абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама разнастайных «шкодных ухілах» у творчасці, ён вымушаны быў каяцца ў «памылках». У 1930-я гады былі рэпрэсаваныя і расстраляныя знаёмыя, калегі і сваякі Якуба Коласа, у тым ліку матчын брат Язэп Лёсік і жончын брат Аляксандр Каменскі. Самому Якубу Коласу неаднаразова пагражаў арышт і рэпрэсіі, але, верагодна, на гэта не было атрымана дазволу найвышэйшага савецкага кіраўніцтва. Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці.

1941—1956[правіць | правіць зыходнік]

Якуб Колас, 1940 г.

Пасля нападу Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны паэт жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Маскве. У 1944 годзе Якубу Коласу прысвоена званне Заслужаны дзеяч навукі БССР. У канцы 1944 года вярнуўся ў Мінск.

Па вайне да канца жыцця працаваў у АН БССР. У 1950-я гады Якуб Колас быў навуковым рэдактарам і ўдзельнікам выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам ЦК на XX—XXII з’ездах КПБ, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва СССР, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. У 1956 годзе Якуб Колас звярнуўся да ЦК кампартыі з лістом пра месца і стан беларускай мовы ў грамадскім жыцці, у якім адзначаў русіфікацыю Беларусі, прапаноўваў меры пашырэння беларускай мовы.

Надмагільны помнік на Вайсковых могілках

Дзесяцігоддзі напружання адмоўна адбіліся на стане здароўя пісьменніка. Толькі за апошнія 10 гадоў свайго жыцця ён хварэў на запаленне лёгкіх 26 разоў[5]. Памёр 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. У 1970 годзе на магіле пастаўлены гранітны помнік (скульптары Уладзімір Ананька, Мікалай Якавенка, архітэктар Міхаіл Мызнікаў)[6].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Апавяданне «Батрак», 1913 г. Выдадзена ў Санкт-Пецярбургу беларускай лацінкай

У сваёй творчасці карыстаўся наступнымі псеўданімамі: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш

Ужо ў 10-гадовым узросце, пад уплывам твораў Івана Крылова, склаў байку «Варона і Лісіца», а праз тры гады напісаў першы верш «Вясна». Бацька заахвочваў літаратурныя схільнасці хлопчыка, тым жа часам Костусь пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю, вершам Янкі Лучыны «Стары ляснік», і быў ад яе пад пэўным уражаннем. У семінарысцкія гады яшчэ болей захапіўся літаратурай, пазнаёміўся з творамі Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Міхаіла Лермантава, Аляксея Кальцова, Мікалая Някрасава, Аляксандра Пушкіна, Івана Хемніцара. Складаў вершы і байкі па-руску. Займаўся зборам беларускага этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу. Значны ўплыў на Костуся зрабіў выкладчык семінарыі Фядот Кудрынскі, які звярнуў увагу маладога паэта на важнасць пісання па-беларуску. Міцкевіч пачаў пісаць вершы і прозу на беларускай мове. Гэтыя вершы прысвячаліся прыродзе, нялёгкай долі селяніна. У тыя самыя гады напісаны паэмы «Каля кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся, а таксама першая проза па-беларуску — нарыс «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»[7].

У 1900-я гады жанравы дыяпазон Канстанціна Міцкевіча пашыраецца, на гэтую пару прыпадае першая публікацыя. Дэбютаваў у друку вершам «Наш родны край» у газеце «Наша доля» за 1 верасня 1906 года, тут упершыню Канстанцін Міцкевіч выкарыстаў псеўданім Якуб Колас. У «Нашай долі» за 15 верасня 1906 года пад псеўданімам Дзядзька Карусь надрукавана апавяданне Канстанціна Міцкевіча «Слабода» пра самавольства царскай паліцыі — дэбют прозы пісьменніка. Тым часам Міцкевіч актыўны аўтар газеты «Наша ніва». У творчасці Канстанціна Міцкевіча гэтага перыяду з’явіліся новыя формы, болей высокі ўзровень літаратурнай працы, ён піша алегарычныя апавяданні «Казкі жыцця», дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць. Колас пісаў вершы і падчас зняволення ў Мінскім астрогу, якія ўдавалася перапраўляць на волю.

«Новая зямля», 1923

У 1910-я гады звяртаецца да буйных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, у гэтыя гады пачынаецца праца над ліра-эпічнымі паэмамі «Новая зямля» (пачаў пісаць у мінскім астрогу) і «Сымон-музыка». Творы гэтага перыяду — вершы і апавяданні, публікаваліся ў «Нашай ніве». Першая кніга Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», праца над якою пачата зімою 1906—1907 года, выйшла у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1909 годзе. Першы зборнік вершаў «Песні жальбы», напісаны ў 1906—1909 гадах, выйшаў у Вільні ў 1910 годзе. Галоўная тэма творчасці Якуба Коласа ў тыя гады — жыццё беларускага сялянства. Вершы рэгулярна друкавала «Наша ніва». У 1912 годзе ў Вільні выходзіць яго зборнік «Апавяданні», асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Нёманаў дар», «Тоўстае палена», зборнік вершаваных апавяданняў «Прапаў чалавек» (усё Санкт-Пецярбург, 1913), зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону «Родныя з’явы» (Вільня, 1914), п’еса «Чарка ўсё на свеце робіць» (Петраград, 1916)

«Сымон-музыка». Мастак В. Дваркоўскі. 1925

У паэтычных творах перыяду Першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый гучаць антываенныя матывы, занепакоенасць лёсам Беларусі ў новых гістарычных умовах, заклік да працы на карысць радзімы. Гэтыя творы ўвайшлі ў зборнік «Водгулле» (Менск, 1922). Якуб Колас працуе над раней пачатымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Пісаў і драматургічныя творы, у тым ліку п’есы «Антось Лата», «На дарозе жыцця» (абедзве 1917). У гэты час напісаў большасць апавяданняў са зборніка «Казкі жыцця» (Коўна, 1921). У 1923 годзе асобным выданнем выходзіць урэшце скончаная паэма «Новая зямля», а ў 1925 годзе 3-я рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка». Разам з гэтым пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа, ад праблем вёскі ён звяртаецца да гістарычнага лёсу беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст. Створаны вялікія празаічныя творы, гэтак званыя «палескія аповесці» — «У палескай глушы» (Вільня, 1923) і «У глыбі Палесся» (Менск, 1927), часткі будучай трылогіі. У 1925 годзе выйшла п’еса «Забастоўшчыкі», у чымсьці аўтабіяграфічная, пра беларускае настаўніцтва ў палітычнай барацьбе. У 1926 годзе выйшла аповесць «На прасторах жыцця» аб праблемах моладзі 1920-х гадоў[7].

Рэпрэсіі ў БССР 1920-х—1930-х гадоў, забойствы калег, сяброў і сваякоў, сталая пагроза ўласнаму жыццю, адмоўна адбіліся на псіхалагічным стане Якуба Коласа і на яго творчасці. Да таго ж дадалася прымусовая калектывізацыя, абмежаванне грамадскіх свабод, таталітарная ідэалогія. На думку коласазнаўцаў Міколы Мацюха і Міхася Мушынскага, у гэты час пісьменнік трапіў у цалкам залежнае ад бальшавіцкай сістэмы становішча з якога не было выйсця. Фактычна Якоб Колас быў закладнікам і вымушаны быў адпавядаць ідэалагічным патрабаванням, міжволі прапагандуючы сацыялістычны рэалізм[7].

У 1926 годзе Якуб Колас пачаў паэму «На шляхах волі», пра цяжкія ўмовы часоў Першай сусветнай вайны, над ёю ён працаваў у 1930-я і 1950-я гады, але так і не скончыў. Да тэмы падзей Першай сусветнай вайны Якуб Колас таксама звяртаўся ў п’есе «Вайна вайне» (1927—1938), да тэмы Грамадзянскай вайны ў аповесці «Дрыгва» (1933) і створанай на яе аснове п’есе «У пушчах Палесся» (1937). У 1932 годзе выйшла досыць схематызаваная ідэалагічная аповесць «Адшчапенец» пра перавагі калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. У 1940 годзе Якуб Колас пачаў паэму «Рыбакова хата» пра Заходнюю Беларусь у міжваеннай Польшчы[7].

Таксама ў 1920-я-1930-я гады Якуб Колас актыўна займаўся перакладамі з польскай, рускай і ўкраінскай моў («Палтава» Аляксандра Пушкіна, паасобныя творы Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі, Паўла Тычыны, Рабіндраната Тагора, Міхаіла Лермантава і інш)[7].

У час Другой сусветнай вайны ў шэрагу паэтычных і публіцыстычных твораў услаўляў савецкі патрыятызм і гераізм, выкрываў сутнасць нацызму. У гэты перыяд выйшлі зборнікі паэзіі «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1943—1944) ды інш[7].

Пасля вайны творчасць Якуб Колас спалучаў з працай савецкага функцыянера. У 1954 годзе ён скончыў аповесць «На ростанях» на аснове падзей 1906—1911 гадоў, якая стала 3-й, апошняй (разам з «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі[7].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Якуб Колас, 1948 г.

Кавалер Ордэна Леніна, Ордэна Чырвонага Сцяга, Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, за вершы ваеннага часу; 1949, за паэму «Рыбакова хата»).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Скульптурная кампазіцыя на плошчы Якуба Коласа ў Мінску

У 1959—1965 гады прысуджалася літаратурная прэмія імя Я. Коласа. З 1965 года прысуджалася Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа за найлепшыя празаічныя і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБ, Віцебскаму драматычнаму тэатру, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ і іншым бібліятэкам. Імем Якуба Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй з філіялам і Нясвіжскі дзяржаўны каледж. Імя Якуба Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, яго філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці.

Сядзіба Акінчыцы, дзе нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), цяпер у межах Стоўбцаў. За 5 кіламетраў ад Стоўбцаў месціцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям’ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з трох да васьмі гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 кіламетраў. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно — усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям’я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты.[8]

У 1990 годзе ў вёсцы Пінкавічы адкрыўся музей Якуба Коласа пад кіраўніцтвам Івана Калошы. На адкрыцці прысутнічаў сын Коласа.

У сярэдзіне 1980-х гадах пачалі ладзіцца навуковыя чытанні, па выніках якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (ад 1986), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Коласа. Вывучэннем жыцця і творчасці паэта займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі — Коласазнаўства. Творы Якуба Коласа перакладзены больш чым на сорак моў свету.

Помнікі і мемарыяльныя дошкі[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Якуба Коласа (1923). Мастак Янкель Кругер.

Помнікі Якубу Коласу ўсталяваны ў наступных месцах Беларусі:

Прысвечаныя паэту помнікі за мяжой устаноўлены у Ташкенце (Узбекістан)[11] і горадзе Цяньцзінь (Кітайская Народная Рэспубліка)[12].

Прысвечаныя паэту мемарыяльныя дошкі за мяжой устаноўлены ў Вільнюсе[13] і ў Ташкенце.[14]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зборнікі вершаў[правіць | правіць зыходнік]

  • «Песні жальбы» (1910)
  • «Водгулле» (1922)
  • «Нашы дні» (1937)
  • «Адпомсцім» (1942)
  • «Голас зямлі» (1943)
  • «Мой дом» (1946)
  • «Жыве між нас геній» (1952)

Паэмы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Прапаў чалавек» (1913)
  • «Новая зямля» (1923)
  • «Сымон-музыка» (1925)
  • «Суд у лесе» (1943)
  • «Адплата» (1946)
  • «Рыбакова хата» (1947)

Трылогіі[правіць | правіць зыходнік]

  • «На ростанях» (1955)

Зборнікі апавяданняў[правіць | правіць зыходнік]

  • Апаведання. (1912)
  • «Тоўстае палена» (1913)
  • «Нёманаў дар» (1913)
  • «Казкі жыцця» (1921)
  • «У ціхай вадзе» (1925)
  • «Крок за крокам» (1925)
  • «На рубяжы» (1925)
  • «Першыя крокі» (1925)
  • «Казкі жыцця» (1926)
  • «На прасторах жыцця» (1926)
  • «Нёмнаў дар і іншыя расказы» (1928)

Апавяданні вершам[правіць | правіць зыходнік]

  • «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» (1913)
  • «Батрак. Як Юрка збагацеў» (1913)

Аповесці[правіць | правіць зыходнік]

  • «У палескай глушы» (1923)
  • «На прасторах жыцця» (1926)
  • «У глыбі Палесся» (1927)
  • «Адшчапенец» (1932)
  • «Дрыгва» (1934)

П’есы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Антось Лата» (1917)
  • «На дарозе жыцця» (1917)
  • «Забастоўшчыкі» (1925)
  • «Вайна вайне» (1938)
  • «У пушчах Палесся» (1938)

Творы для дзяцей[правіць | правіць зыходнік]

  • «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909)
  • «У старых дубох. Дзеравеншчына. Злучыліся» (1933)
  • «Рак-вусач» (1938) (вершаваная казка)
  • «Міхасёвы прыгоды» (1935) (паэма)
  • «На рэчцы зімой» (1941) (зборнік вершаў)
  • «У старых дубах» (1941) (зборнік апавяданняў)
  • «Вершы для дзяцей» (1945)
  • «Раніца жыцця» (1950) (зборнік апавяданняў)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Т. Шаўчэнка. Выбраныя творы.
  • У перакладзе з украінскай мовы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Глебкі, З. Бядулі, П. Броўкі, А. Куляшова, К. Крапівы. (1941)
  • Т. Шаўчэнка. «Кабзар».
  • У перакладзе з украінскай мовы Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, З. Бядулі, М. Клімковіча, П. Глебкі, А. Куляшова, П. Броўкі. (1952)

Зборы твораў[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор твораў у 2-х тамах. 1928—1929
  • Збор твораў у 7 тамах. 1952—1954
  • Збор твораў у 12 тамах. 1961—1964

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У розны час Якуб Колас валодаў аўтамабілямі марак ГАЗ, ЗІМ, Chevrolet і Opel.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Большая российская энциклопедияМ.: Большая российская энциклопедия, 2004. Праверана 25 кастрычніка 2021.
  2. Jakub Kolas // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  4. Кацярына Мядзведская. На карце родных мясцін Якуба Коласа цяпер — і Царква святой Ганны ў Стоўбцах. sb.by (12 верасня 2017).
  5. Сны и бронза Сымона-музыки Архівавана 2 лютага 2012. (руск.)
  6. 396. Магіла Коласа Якуба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  7. а б в г д е ё Архівы Беларусі. Якуб Колас: асоба і творчасць. archives.gov.by. Архівавана з першакрыніцы 17-1-2017.
  8. Тут рос Якуб Колас — фотарэпартаж
  9. Ад Ў — да Льва Сапегі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2021. Праверана 25 снежня 2018.
  10. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 431.
  11. У Ташкенце адкрылі бюст Якуба Коласа ФОТА
  12. Видеофакт. В Китае открыли памятник Якубу Коласу Архівавана 29 верасня 2020.
  13. Фотафакт. У цэнтры Вільні ўсталявалі мэмарыяльную дошку Якубу Коласу
  14. У Ташкенце ўсталявалі барэльеф Якубу Коласу ФОТАФАКТ

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вялікі пясняр беларускага народа. Зборнік артыкулаў аб жыцці і дзейнасці Якуба Коласа. Мінск, 1959.
  • З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы / Уклад., уступ. артыкул і імян. паказ. Г. В. Кісялёва; Рэд. В. В. Барысенка, М. І. Мушынскі. Мінск, 1982.
  • Казбярук У. М. Колас Якуб // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8. Мінск, 1999. С. 382—384.
  • Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мінск, 1982.
  • Мацюх М. Д., Мушынскі М. І. Колас Якуб // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 3 / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мінск, 1994. С. 299—304.
  • Мушынскі М. І. Коласазнаўства // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8. Мінск:, 1999. С. 386—387.
  • Мушынскі М. І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мінск, 1982.
  • Мушынскі М. І. Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — 1127 с. — ISBN 978-986-08-1460-9.
  • Навуменка І. Я. Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці. Мінск, 1982.
  • Разам з народам. Матэрыялы юбілейнай навуковай сесіі АН БССР, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа / Пад рэд. І. Я. Навуменкі. Мінск, 1983.
  • Тычына М. Колас Якуб // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. Мінск, 1997. С. 225—227.
  • Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння. Біябібліягр. паказ. / Склад. Н. Б. Ватацы, М. І. Пратасевіч, Н. А. Адамовіч, А. Б. Дунаеўская; Рэд. В. П. Рагойша. Мінск, 1983.
  • Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. — Мн., 2002.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]